Пошук

26.08.2019 12:53   Тэкст і фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

25 жніўня ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла ў Чавусах адбылася святая Імша перад пачаткам навучальнага года. Падчас яе а. Гжэгаж Ксёнжэк SP благаславіў дзяцей і настаўнікаў.

Каля 12 гадоў у гэтай парафіі працуюць святары-манахі з Ордэна Пабожных Школ (айцы піяры).

У 1597 годзе святар Юзаф Каласанс арганізаваў бясплатную школу для ўсіх дзяцей, у тым ліку самых бедных. Гэта была першая грамадская школа ў Еўропе, даступная ўсім дзецям розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Да святара далучаліся аднадумцы, якія з часам утварылі манаскую супольнасць — Ордэн Пабожных Школ. Місія гэтай супольнасці — выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі, школьная адукацыйная дзейнасць, асаблівы клопат пра «ўбогіх і занядбаных», фармацыя бацькоў.

На працягу больш чым 400 гадоў піяры даказваюць: навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі — сапраўды найлепшы спосаб служэння Богу і людзям.

Святы Юзаф Каласанс казаў: «Калі з малодшых гадоў дзеці будуць выхоўвацца ў пабожнасці і навучанні, несумненна, можна спадзявацца, што іх жыццё будзе шчаслівым».

Сёння ў Беларусі прадстаўнікі Ордэна Пабожных Школ працуюць у Шчучыне, Лідзе і Чавусах. На жаль, на сённяшні дзень айцы піяры не могуць адкрываць у нашай краіне школы. Таму тут яны займаюцца душпастырствам, як каталіцкія святары, якія не належаць да манаскіх супольнасцяў.

Напрыканцы Імшы вернікі парафіі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі св. Юзафа Каласанса. Таксама яны атрымалі ў дар ад а. Гжэгажа Ксёнжэка малітоўнік «Вяночак 12 зорак» з малітвай, якую склаў сам Юзаф Каласанс.

Абноўлена 26.08.2019 12:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа