Пошук

13.10.2022 11:55   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

11 кастрычніка ў парафіяльным касцёле святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбылася пахавальная святая Імша ў інтэнцыі спачылага айца Віктара Занеўскага з Ордэна Пабожных Школ (піяраў).

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, айцец Віктар быў першым з пасляваенных часоў піярам з Беларусі. Апошнія гады ён служыў у Польшчы, дзе і адышоў у вечнасць.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі з піярскіх парафій Шчучына, Ліды і іншых месцаў. Прысутнічала шмат святароў і асобаў кансэкраванага жыцця. Таксама прысутнічалі маці спачылага Галіна і яго сястра Аліна.

Цэлебрацыю Імшу ў інтэнцыі жыцця вечнага для спачылага манаха і святара ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На пачатку пахавальнай літургіі іерарх падкрэсліў, што смерць айца Віктара заўчасная, аб чым сведчыць узрост яго адыходу ў вечнасць — пахаванне адбылося напярэдадні яго 48-а дня нараджэння.

Біскуп заклікаў усіх да малітвы за спачылага, якая з’яўляецца найвышэйшай удзячнасцю за ўсё дабро, якое вернікі атрымалі праз яго святарскае служэнне.

У гаміліі біскупскі вікарый Лідчыны ксёндз канонік Уладзімір Гуляй адзначыў, што немагчыма пазбегнуць смерці кожнаму чалавеку, таму трэба кожную хвіліну быць падрыхтаваным да сустрэчы з Богам у вечнасці.

Пасля Імшы пробашч шчучынскай парафіі айцец Андрэй Агель SchP прачытаў ліст правінцыяла Польскай правінцыі Ордэна Піяраў айца Матэвуша Піндэльскага, у якім перадаецца спачуванне родным спачылага, а таксама ўсім, каго засмуціла яго смерць.

Дзелячыся сваімі ўспамінамі пра сувязі, якія злучалі яго з памерлым сабратам, айцец Агель падзякаваў усім за ўдзел у пахаванні і за малітвы міласэрнаму Богу ў інтэнцыі спачылага.

Пасля Імшы цела спачылага айца Віктара Занеўскага SchP было пахавана на мясцовых могілках.

Віктар Занеўскі нарадзіўся 12 кастрычніка 1974 года ў Гродне.

У 18 гадоў уступіў у навіцыят манаскага ордэна піяраў у Ловічы (Польшча). Праз год даў першыя манаскія абяцанні і пачаў філасофска-тэалагічную вучобу ў Тэалагічным інстытуце ксяндзоў місіянераў у Кракаве.

У 1999 годзе прынёс вечныя абяцанні ў Ордэне Піяраў і прыняў дыяканскае пасвячэнне, а праз год прэзбітэрскае. Пачаў святарскае служэнне ў Шчучыне, а потым у Лідзе, дзе выконваў функцыю адміністратара новай парафіі і заняўся будаўніцтвам касцёла.

Выконваў функцыю настаяцеля супольнасці ў Лідзе і Шчучыне да 2006 года У 2007–2008 гадах быў катэхетам і душпастырам у парафіі ў Кракаве-Ракавіцэ.

У 2009 годзе вярнуўся ў Беларусь, у новую парафію ў Чавусах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). У 2011–2012 гадах выконваў функцыю душпастыра ў кракаўскай парафіі ў Ракавіцэ, а з 2013 года — у піярскай парафіі ў Болшэве.

Застаўся ў памяці людзей як душпастыр, які ставіўся з разуменнем да вернікаў, быў таксама таленавітым прапаведнікам.

Хвароба сэрца была прычынай яго гатоўнасці да смерці і ўмення даць пра гэта сведчанне. Ён ахвотна падкрэсліваў, наколькі многім удзячны малітве парафіянаў у Болшэве, асабліва ружанцовым колам.

Адышоў у вечнасць 3 кастрычніка ў Гадзіну міласэрнасці ў шпіталі ў Вейхерове пасля цяжкай аперацыі, ва ўзросце 47-і гадоў.

 

Абноўлена 13.10.2022 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.