Пошук

08.07.2024 10:33   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Ангеліна Целеш / Grodnensis.by

Раніцай 7 ліпеня з Гродна на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) вырушыла 26-я пешая пілігрымка.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у вандроўку да Маці Божай адправіліся каля 250-і пілігрымаў.

Перад выхадам пілігрымкі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Гамілію прамовіў кіраўнік пілігрымкі ксёндз канонік Антоні Грэмза. Святар назваў пілігрымку асаблівым часам і выйсцем з зоны камфорту, дадаўшы, што пасля такога выйсця пачынаецца сапраўднае жыццё чалавека.

Па словах ксяндза Антонія, пасля пілігрымкі чалавек змяняецца, калі адкрываецца на ласку. Нагадаў ён і пра тое, як важна мець жывыя адносіны з Богам; пра тое, што для чалавека «Бог не можа быць звычкай — да Яго немагчыма прызвычаіцца».

Святар адзначыў, што пілігрымка асацыюецца з радасцю, супакоем, надзеяй, а з іншага боку — са стомленасцю і мазалямі, а таксама з Найсвяцейшай Паннай Марыяй.

«Марыя, наша Каралева, маліся за нас і вядзі да неба», — з такім малітоўным заклікам звярнуўся кіраўнік пілігрымкі да Маці Божай.

Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў благаслаўленне тым, хто вырушыў у гэты шасцідзённы шлях, і сам праводзіў пілігрымаў па вуліцах Гродна.

Маршрут пілігрымкі, які будзе праходзіць праз лясы і палі, вёскі і гарады, наступны: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.

У межах сёлетніх урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях, дэвіз якіх «Марыя — наша Каралева», будзе будзе адзначацца 15-годдзе з часу каранацыі цудадзейнага Тракельскага абраза.

5 ліпеня 2009 года тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на ікону Маці Божай Тракельскай папскія кароны.

 

Абноўлена 08.07.2024 10:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця