
9-10 кастрычніка ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Барунах (Гродзенская дыяцэзія, Ашмянскі дэканат) святкавалася ўрачыстасць Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.
Святкаванне распачалося адарацыяй перад абразом Маці Божай Барунскай. Імшу ў першы дзень святкавання цэлебраваў ксёндз Андрэй Лысы ТChr, які служыць у Мінску. Падчас літургіі спяваў хор смаргонскай парафіі святога Яна Паўла ІІ. На другі дзень святкавання з раніцы пачалася малітва перад абразом. Адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітва Акафісту, якую выканалі вернікі Грэка-каталіцкай Царквы. Грэка-католікі ўшаноўваюць абраз Маці Божай Барунскай асаблівым чынам, бо раней у Барунах быў грэка-каталіцкі кляштар базыльянаў. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. там служыў адзін з тых, хто ўдзельнічаў у адраджэнні Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі, айцец Ян Карповіч-Матусевіч.
Затым у санктуарый прыбылі шматлікія пілігрымы з розных беларускіх дыяцэзій. Яны ўзялі ўдзел у малітве Ружанца.
Кульмінацыяй святкавання была Імша, якую цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, па чыёй ініцыятыве ў 2024 годзе на абраз былі ўскладзены кароны.
У гаміліі біскуп сказаў, што да барунскага абраза вернікі «больш за тры стагоддзі ставяцца з пабожнай пашанай і дзіцячым даверам». Па яго словах, людзі ўжо даўно верылі, што Маці Божая Барунская «не пакіне і не праігнаруе просьбаў свайго ўсыноўленага дзіцяці, якому патрабуецца дапамога», і стала прынята называць Яе Суцяшальніцай засмучаных, «бо ўсе, хто даручаў Ёй свае смуткі і непакой, спазнавалі суцяшэнне, супакой і адчувалі незвычайную моц духу».
Разважаючы, адкуль бярэцца «звышнатуральная здольнасць Маці Божай суцяшаць сэрцы», біскуп адзначыў, што Панна Марыя адзіная ў свеце атрымала ад Бога місію стаць Маці Яго Адзінароднага Сына, што Бог абраў Яе яшчэ да стварэння свету і што «незвычайная сувязь з Богам зусім не аддаляе Яе ад іншых людзей — наадварот, Божая ласка, адкрываючы Яе сэрца на Бога, адначасова адкрывае яго і на бліжніх». «Марыя знаходзіць радасць у тым, каб быць побач з іншымі людзьмі, Яна пяшчотная і чулая да ўсіх чалавечых справаў», — падкрэсліў іерарх.
«Сённяшняе Евангелле паказвае, як Марыя спяшаецца горнай дарогай да сваёй сваячкі Альжбеты, каб наведаць і падтрымаць яе ў турботах чакання нараджэння дзіцяці. Гэта адбываецца адразу пасля звеставання, калі Марыя толькі даведалася сама ад арханёла Габрыэля, што стане Маці Божага Сына. Мы можам уявіць, што адчувала тады Марыя, можам уявіць Яе страх, няўпэўненасць у тым, чаго чакае ад Яе Пан Бог і ці здолее Яна верна і дакладна выканаць Яго волю, непакой наконт таго, як адрэагуюць Яе муж Юзаф, родныя і знаёмыя на вестку аб незвычайнай місіі, даручанай Ёй Богам. Аднак усе гэтыя пачуцці і думкі адыходзяць на другі план, бо Марыя ведае, што цяпер патрэбна Альжбеце»,
— сказаў біскуп.
«Суцяшэнне Маці Божай засноўваецца не на тым, што з нашага жыцця, як па дотыку чароўнай палачкі, у адзін момант знікнуць усе пакуты, — патлумачыў ён. — Калі б было так, Пан Езус не памёр бы на дрэве крыжа. Наш Збаўца ніколі не абяцаў сваім верным вучням лёгкага і прыемнага, пазбаўленага клопатаў і пакутаў, поўнага шчасця, радасці і поспехаў жыцця. Езус не забірае пакутаў з нашага жыцця, але дае нам нешта іншае. Як нагадвае святы Павел у другім чытанні, дзякуючы Сыну Божаму, які памёр за нас на крыжы, мы былі вызвалены з няволі Закону, атрымалі Божае сыноўства і сталі спадкаемцамі вечнага жыцця. У святле гэтай праўды мы разумеем, што суцяшэнне, якое дае нам Марыя, — гэта Яе прысутнасць. Марыя запэўнівае нас, што ў любой, нават найцяжэйшай сітуацыі мы не адны — з намі Яна, наша нябесная Маці».
Біскуп заахвоціў вернікаў даручыць Маці Божай Барунскай усе свае клопаты, непакой, перажыванні і пакуты, адкрыць свае сэрцы, аддаць свае правіны і даверыцца Яе заступніцтву.
На літургіі спяваў мінскі хор «Голас душы».
У канцы літургіі біскуп падзякаваў вернікам за масавы ўдзел у святкаванні і папрасіў перадаць прывітанне хворым, самотным і пажылым людзям, паколькі яны яму вельмі блізкія і ён заўсёды памятае пра іх у малітве.
Ксёндз канонік Генрык Яблонскі азнаёміў прысутных з дэкрэтам біскупа Гродзенскага, у якім сказана, што кусташ барунскага санктуарыя ксёндз Павел Паўлюкевіч прызначаецца дэканам Ашмянскага дэканату. У парафіі адзначаюць, што вернікі прынялі гэтую навіну з вялікай радасцю.
Кусташ падзякаваў удзельнікам святкавання і заклікаў вяртацца да Маці Божай Барунскай, якая заўсёды чакае сваіх дзяцей, каб удзяляць ім ласкі, суцяшаць, а галоўнае — паказваць шлях да свайго Сына Езуса Хрыста.












































































































