Пошук

26.11.2024 09:48   Vatican News BY
Выява: Synod.va

25 лістапада была абнародавана нота Папы Францішка на тэму Выніковага дакумента апошняга Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у сваёй ноце Пантыфік падкрэсліў, што сінадальны дакумент з’яўляецца часткай звычайнага магістэрыюма Наступніка святога Пятра і павінен быць прыняты ўсім Касцёлам.

Раней такімі настаўніцкімі дакументамі станавіліся паслясінадальныя адгартацыі, якія пісалі Папы па выніках папярэдніх Сінодаў Біскупаў.

Выніковы дакумент XVI Звычайнай агульнай асамблеі Сіноду Біскупаў, зацверджаны 26 кастрычніка, з’яўляецца вынікам працяглага працэсу слухання і распазнавання, які распачаўся ў кастрычніку 2021 года. Гэты шлях прайшоў праз мясцовыя Касцёлы, нацыянальныя і кантынентальныя этапы, завяршыўшыся дзвюмя сесіямі Сіноду Біскупаў.

Дух Святы вядзе нас да поўнай праўды

«У розныя моманты сінадальнага шляху мы ўслухоўваліся ў тое, што Дух Святы кажа Касцёлам», — сцвярджае Пантыфік у пачатку сваёй ноты, адзначаючы, што ўвесь Касцёл быў пакліканы прачытаць свой досвед і вызначыць крокі, якія трэба зрабіць.

Святы Айцец тлумачыць, што Выніковы дакумент уяўляе сабой форму сапраўднага навучання Біскупа Рыма, якая мае пэўныя рысы навізны.

«Сінадальнасць з’яўляецца адпаведнай інтэрпрэтацыйнай рамкай для разумення іерархічнага служэння», — нагадвае Папа Францішак свае словы ад 17 кастрычніка 2015 года.

Мясцовыя Касцёлы павінны дзейнічаць

Папа Францішак падкрэслівае, што адсутнасць строга нарматыўнага характару Дакумента не азначае яго неабавязковасці. Наадварот, мясцовыя Касцёлы і групы Касцёлаў ужо цяпер пакліканы ўвасабляць у жыццё змешчаныя ў дакуменце аўтарытэтныя ўказанні.

Святы Айцец дадае, што патрэбны час, каб прыйсці да выбару, які закранае ўвесь Касцёл, і гэта асабліва датычыцца тэм, даручаных дзесяці даследчым групам, да якіх могуць дадацца іншыя з увагі на неабходныя рашэнні.

Папа заахвочвае мясцовыя Касцёлы да творчага падыходу ў рэалізацыі ўказанняў дакумента.

Гэта можа ўключаць эксперыментальнае ўкараненне новых форм служэння і місійнай дзейнасці, якім павінна быць дадзена ацэнка. Важна, каб усе гэтыя дзеянні адбываліся праз працэсы распазнавання і прыняцця рашэнняў, якія адпавядаюць як праву, так і самому Дакументу.

Патрэбна ацэнка і справаздачнасць

У многіх выпадках гаворка ідзе пра рэальнае ўвасабленне ў жыццё таго, што ўжо прадугледжвае дзеючае права: як лацінскае, так і ўсходняе. У іншых сітуацыях магчыма будзе праз сінадальнае распазнаванне творча запусціць новыя формы служэння і місійнай дзейнасці.

Кожны біскуп павінен будзе ў справаздачах на візіт ad limina інфармаваць пра тое, якія выбары былі зроблены ў даручаным яму мясцовым Касцёле ў дачыненні да ўказанняў Выніковага дакумента, якія цяжкасці сустрэліся і якія былі плады гэтых дзеянняў.

Сінадальны шлях працягваецца

Генеральнаму сакратарыяту Сінода ў супрацоўніцтве з дыкастэрыямі Рымскай Курыі даручана задача суправаджэння «фазы ўвасаблення» сінадальнага шляху.

«Няхай Дух Святы, дар Уваскрослага, падтрымлівае і вядзе ўвесь Касцёл на гэтым шляху. Ён, які з’яўляецца гармоніяй, няхай няспынна амаладжае Касцёл моцай Евангелля, абнаўляе яго і вядзе да дасканалага адзінства з Абраннікам», — заключае Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.