Ва ўрачыстасць Беззаганнга Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая сёлета пераносіцца з 8 на 9 снежня, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе слова да вернікаў.
Любыя браты і сёстры,
сёння ў Каталіцкім Касцёле мы адзначаем урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. 8 снежня 1854 года папа Пій IX абвясціў догмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, таму сёлета прыпадае 170-я гадавіна з часу яго абвяшчэння. У догмаце падкрэсліваецца, што «дзякуючы цудоўнаму дзеянню Бога Марыя, зачатая ва ўлонні маці, святой Ганны, была захаваная ад першароднага граху і яго наступстваў».
Паводле вучэння Касцёла, кожны чалавек, які прыходзіць у гэты свет, пазначаны першародным грахом. Гэты грэх «перадаецца ў спадчыну» з моманту грэхападзення першых бацькоў. Толькі святы хрост вызваляе нас ад першароднага граху. Аднак застаюцца яго наступствы: аслабленне волі, неўпарадкаванасць эмоцый, схільнасць да граху.
Божым адказам на першародны грэх з’яўляецца прыйсце ў свет Сына Божага. Менавіта праз Езуса Хрыста адбылося адкупленне грахоў і збаўленне. Марыя, Маці Божая, спазнала гэтае збаўленне раней. У Кампендыі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла чытаем: «Бог спрадвеку выбраў Марыю на Маці свайго Сына: дзеля выканання гэтай місіі Яна была беззаганна зачатай. Гэта азначае, што дзякуючы Божай ласцы і паводле прадбачаных заслуг Езуса Хрыста Марыя была захавана ад першароднага граху з моманту свайго зачацця» (КККК 96).
Дзякуючы Божай ласцы Марыя заставалася вольнай ад граху і яго наступстваў на працягу ўсяго свайго жыцця.
Святое Пісанне называе Яе «поўнай ласкі» (Лк 1, 28).
Такім чынам Бог падрыхтаваў Марыю быць Маці Сына Божага. Беззаганнае Зачацце, акрамя захавання ад граху, мае таксама іншае вымярэнне. Яно сведчыць пра асаблівую блізкасць Марыі да Бога, пра Яе поўны давер Пану Богу, пра ўнутраную гармонію і чалавечнасць. Гэта таксама сведчанне таго, якія вялікія рэчы Бог можа ўчыніць для чалавека і якія планы мае для кожнага з нас: Бог прагне прывесці кожнага чалавека да поўнай чалавечнасці і святасці.
Сённяшняя ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі схіляе нас задумацца над таямніцай нашага жыцця і паклікання. Чаму з усіх жанчын Бог выбраў менавіта Марыю з Назарэта? Папа Бэнэдыкт XVI вельмі добра растлумачыў гэта: «Адказ крыецца ў неспасцігальнай таямніцы волі Божай, — зазначыў ён. — Тым не менш, існуе асноўная прычына такога выбару, якую падкрэслівае Евангелле: гэта пакора Марыі. Сама Панна Марыя кажа ў сваёй хвалебнай песні Magnificat: «Велічае душа Мая Пана, бо глянуў Ён на пакору сваёй слугі». Богу спадабалася пакора Марыі, а Яна знайшла ў Яго ласку. Марыя стала Маці Божай, вобразам і ўзорам Касцёла, выбранай з народаў, каб атрымаць благаслаўленне Пана і ўдзяляць яго ўсёй чалавечай сям’і.
Гэтым «благаслаўленнем» з’яўляецца сам Езус Хрыстус. Ён з’яўляецца крыніцай ласкі, якой Марыя была напоўнена з першай хвіліны свайго існавання.
Яна з верай прыняла Езуса і з любоўю дала Яго свету. Гэта місія Касцёла і гэта таксама пакліканне кожнага хрысціяніна — прыняць Хрыста ў нашым жыцці і даць Яго свету, «каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 17).
Сапраўды, Марыя была звычайнай дзяўчынай, але Яна была незвычайнай у вачах Бога. Яе ўнікальнасць заключалася не толькі ў тым, што Яе выбраў Пан Бог, але і ў тым, што Яна змагла адказаць на гэты дар паслухмянасцю і гатоўнасцю выканаць Божую волю. Таксама Марыю ад іншых людзей адрознівала тым, што Яна мела чыстае сэрца і бязмежны давер да Бога.
Евангелле вучыць нас быць вернымі і паслухмянымі волі Божай. Прыклад Беззаганнай Панны Марыі гаворыць нам пра тое, што чалавек мае вартаснасць не з-за яго паходжання, не з-за высокай пасады ці з-за ганаровага звання, вялікіх ведаў ці дасягненняў. Мы вартасныя настолькі, наколькі нашыя сэрцы поўныя ласкі і ці гатовыя яны на кожную прапанову Бога адказаць так. Марыя ў момант Звеставання дазволіла адным сваім словам, каб Бог учыніў нешта вялікае. Дзякуючы гэтаму Яна заслужыла тытул Беззаганнай.
Марыя не толькі не ўчыніла ніякага граху: Яна была захавана ад той агульнай спадчыны чалавечага роду, якою з’яўляецца першародны грэх. Гэта адбылося дзякуючы Яе пакліканню, місіі, дзеля якой Марыя была выбрана Богам. Яна — Маці Збавіцеля. Усё гэта складае сутнасць веры адносна Беззаганнага Зачацця. Біблійным абгрунтаваннем гэтага догмату з’яўляюцца словы Евангелля, якія Анёл прамовіў да Марыі: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28). «Поўная ласкі» — найпрыгажэйшае імя Марыі. Імя, якое Бог даў Ёй, каб паказаць, што Яна назаўжды ўмілаваная, выбраная, пакліканая, каб атрымаць найкаштоўнейшы дар, якім з’яўляецца Езус, «уцелаўлёная любоў Бога».
Вера ў тое, што Маці Езуса была вызвалена ад першароднага граху дзякуючы святасці яе Сына Езуса Хрыста, існавала з першых стагоддзяў.
Ужо ў IV стагоддзі святы Аўгустын лічыў, што Маці Хрыста была пазбаўлена ад уплыву любога граху.
У 1830 годзе ў Парыжы маладой французскай манахіні Кацярыне Лябурэ з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці аб’явілася Маці Божая. Маці Божая даручыла сястры Кацярыне адчаканіць медалік паводле пададзенага Ёю ўзору, а таксама паабяцала асаблівыя ласкі для тых, хто будзе насіць яго з вераю і прамаўляць заклік: «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае». Гэтае аб’яўленне Багародзіцы паскорыла прыняцце догмату аб Беззаганным Зачацці Папам Піем IX. Дарэчы, сёлета 27 лістапада споўнілася 130 гадоў з таго часу, як папа Леў XIII устанавіў свята ў гонар Цудатворнага медаліка. Нагадаю, што па ініцыятыве сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці ў 2022 годзе ў нашым Касцёле на Беларусі распачалася дзевяцігадовая Навэнна да Маці Божай Цудатворнага медаліка, тэма якой «Цуддатворны медалік: знак з Неба і ўказальнік шляху да Неба».
Бог хоча, каб мы ў нашым жыцці далі сабе шанц, каб Ён мог рабіць вялікія рэчы ў нашым пакліканні. Бог падрыхтаваў план для кожнага з нас. Больш за тое, ён даў нам таленты і здольнасці, каб мы маглі як мага лепш рэалізаваць сваё пакліканне. Мы ж, са свайго боку можам толькі дазволіць Богу здзейсніць гэты план. Прыклад Беззаганнай дапамагае нам і заахвочвае нас не змарнаваць тое, што кожны дзень атрымліваем ад Бога.
Адным з дароў, якія мы атрымалі, напрыклад, у сакрамэнце святога хросту, ёсць пакліканне да святасці. Беззаганная Марыя вучыць нас, што святасць — гэта заданне на ўсё жыццё, якое дасягаецца праз вернасць свайму пакліканню, праз штодзённае выкананне дадзенага слова, нават коштам шматлікіх цяжкасцяў і нашых ахвяр. Марыя рэалізавала сваю святасць у простым штодзённым жыцці, кожны дзень сваім жыццём Яна паўтарала сваё fiat — «так, няхай станецца». Калі Яна як Абранніца сказала «так», то ўжо ніколі гэтага слова не змяняла, але выконвала яго штодзённа, служачы Богу.
Кожны з нас таксама пакліканы Богам у гэты час, каб сваім жыццём штодня адказваць Пану Богу «так» на ўсё тое, што Ён хоча ўчыніць у нашым жыцці.
Памятайма, што Бог не карыстаецца чалавечымі «кастынгамі», каб выбраць таго ці іншага чалавека для выканання асаблівых задач. Ён ведае, як лепш асвяціць непрыкметнае жыццё простага чалавека і ўчыніць яго больш якасным. Указальнікам на гэтым шляху з’яўляецца выкананне Божай волі.
Марыя навучыла многіх святых, як выконваць Божую волю і жыць у святасці. Сярод іх наш зямляк святы Максімільян Марыя Кольбэ, вялікі шанавальнік Беззаганнай, які ў свой час нёс служэнне ў францішканскай парафіі ў Гродне.
Дарэчы, на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны ў многіх святынях Беларусі змешчаны фігуры і абразы Беззаганнай Панны Марыі. Карыстаючыся нагодай, хачу запрасіць усіх вас у мінскую архікатэдру, дзе ў галоўным алтары змешчаны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнага Зачацця. Па ініцыятыве кардынала Казіміра Свёнтка, яго прывезлі з Рыма, дзе ікону пасвяціў святы Ян Павел II. Па сведчаннях некаторых вернікаў, дзякуючы малітвам пры гэтым абразе яны атрымалі неабходныя ласкі і аздараўленні.
Углядаймася ў Марыю і так, як Яна, даверым усё сваё жыццё Езусу. Будзем узірацца ў Найсвяцейшую Панну Марыю і імкнуцца да хвалы неба.
Пакуль працягваецца нашая зямная пілігрымка, не забывайма прасіць Багародзіцу словамі цудоўнай песні:
Марыя,
Ты — як прамень святла між цернямі,
Як ясны дзень для душаў верных.
Пакуль ідзем зямной дарогаю
Не пакідай Ты нас, о Маці Бога…
На шлях разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй праз Адвэнт да Езуса ад шчырага сэрца благаслаўляю
У Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
г. Мінск, 9 снежня 2024 г.