Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч дзеліцца з вернікамі сваімі разважаннямі на Божае Нараджэнне 2024 года.
Дарагія браты і сёстры!
Сардэчна вітаю вас усіх у радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння! Вітаю тых, хто перажыў Адвэнт у духу навяртання і духоўнай падрыхтоўкі да яго. Вітаю тых, чыя вера аслабла, але гэтае свята ўсё яшчэ займае асаблівае месца ў іх сэрцах з надзеяй, што дапаможа ім аднавіцца. Вітаю тых, хто перажывае жыццёвыя цяжкасці і страціў надзею. Вітаю ў распачатым Папам Францішкам Юбілейным годзе, які праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі». Касцёл памятае пра ўсіх і давярае кожнага чалавека народжанаму ў Бэтлееме Збаўцы свету, у якім адзіная наша надзея.
Свята Божага Нараджэння аб’ядноўвае нас усіх, і яго пасланне скіравана да кожнага з нас. Мы пакліканы адкрыць свае сэрцы на праўду Богаўцелаўлення з мэтай змяніць іх.
Бог прыйшоў у гэты свет з чалавечым тварам і сэрцам у вельмі сціплых умовах Бэтлемскай пячоры. Гэтая праўда павінна нам дапамагчы зразумець, што сапраўднае шчасце — не ў матэрыяльным дастатку, не ў каралеўскіх палацах і не ў амаральных задавальненнях, а ў жыцці з Богам.
Апостал Ян кажа, што Божая любоў аб’явілася ў Езусе Хрысце і зрабіла магчымым збаўленне ўсяго чалавечага роду (пар. 1 Ян 4, 9–10). Сын Божы прыйшоў у гэты свет у рэальнай яго гісторыі падчас загаданага Цэзарам Аўгустам перапісу насельніцтва (гл. Лк 2, 1–7), пра што таксама сведчаць свецкія гістарычныя крыніцы.
Таму Езус — гэта не абстрактная ідэя, а канкрэтная асоба. Ён не належыць да свету фантазій і пабожных каляровых абразкоў. Ён не чарговая фігура ў камерцыялізаваным штогадовым святочным мерапрыемстве. Ён — Асоба, якая ўвайшла ў рэальную гісторыю чалавецтва, змяніла яе і надалей прысутнічае ў ёй.
У Езусе Бог прыняў чалавечае цела і ўвасобіўся ў канкрэтны часе і ў канкрэтным месцы.
Яго нараджэнне парадаксальным чынам было звязана з рымскай імперскай палітыкай таго часу. Мэтай перапісу насельніцтва цэзара Аўгуста было ўмацаванне яго ўлады і спагнанне падаткаў, каб падтрымаць на ўсёй сваёй тэрыторыі верхавенства дамінуючай палітычнай сілы таго часу — Рымскай імперыі.
Перапіс насельніцтва сведчыць пра жаданне імператара панаваць, у той час як Божы план быў зусім іншым. Бог вырашыў аб’явіць свой план збаўлення не праз магутнасць рымскай імператарскай улады, але ў простай і беднай сям’і цяжарнай Марыі і Юзафа. Яны толькі ўдваіх падарожнічаюць у Бэтлеем. Не маюць падрыхтаванага для нараджэння Дзіцяці месца. Ніхто іх не чакае.
Божая моц з’явілася не ў імператарскіх палацах, але ў мізэрнай прасторы Батлеемскай пячоры, бо не знайшлося больш годнага для нараджэння Езуса месца (пар. Лк 2, 7). Так сталася не па прычыне адсутнасці своечасова зарэзерваванага пакою ў гатэлі, але, згодна з Божым Провідам, у месцы для жывёлы і прытулку маргіналаў.
Нараджэнне Езуса ў Бэтлеемскай стайні не было выпадковым. Ён прыйшоў у гэты свет у экстрэмальных абставінах, на экзістэнцыяльнай перыферыі.
У Яго нараджэнні не было і ценю эгаізму, які нясе пустэчу, прагнасць і расчараванне людзям і грамадству. Хрысціянскі Бог — гэта не далёкі Бог, але Бог, які прысутнічае ў гісторыі, ёй апякуецца і кіруе. Нездарма Папа Францішак кажа, што імя Бога — міласэрнасць.
Езус, ва ўсім падобны да нас, акрамя граху (пар. Гбр 4, 15; Кар 5, 21), прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11).
Гэтая гісторыя паўтараецца, бо сучаны свет адмаўляецца ад веры ў Бога і не ўспрымае Яго вучэння. Яно яму невыгоднае, успрымаецца нават як «таксічнае», бо нібы замінае яго развіццю. Замест таго, каб праслаўляць Бога, чалавек адаруе фальшывых бажкоў матэрыяльных каштоўнасцяў, камфорту і амаральных задавальненяў, ператвараючы пры гэтым створаны Богам свет у пустыню нігілізму.
Таму ў часы крызісу веры лагічна задаць пытанне: хто ў нас валадарыць: Езус ці д’ябал? каму мы давяраем: Хрысту ці злому духу?
Нэаатэістчная культурная рэвалюцыя, якая прэтэндуе на тое, што пераменіць свет да лепшага, насамрэч вядзе яго да экзістэнцыяльнай катастрофы. Таму трэба вызначыцца з адказам на пытанне: каму мы служым: бажкам секулярнай грахоўнай культуры ці Богу? як успрымаем хрысціянскія каштоўнасці і якое значэнне яны маюць для нас? ці жывцм згодна з імі? можа, абыякавыя да іх, бо найважнейшае ў жыцці гэта добра выспацца, смачна пад’есці і мець доступ да інтэрнэту?..
Калі мы разважаем пра крызіс веры, то вельмі лёгка паказаць пальцам і сказаць, што яго прычына ў сучаснай секулярна-амаральнай культуры, якая негатыўна ўплывае на нашае маральнае жыццё.
У яго, як цунамі, урываюцца сродкі масавай камунікацыі, якія, разам з новымі магчымасцямі для евангелізацыі, на жаль, усё часцей прапагандуюць амаральныя нормы паводзінаў і вядуць да так званай «рэлігіі папулярнасці»: добра і этычна тое, што папулярна. Але ж з маральнага пункту гледжання гэта далёка не заўсёды так.
Першыя словы Езуса да людзей — «Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15) — актуальныя і ў наш час, бо ўсе мы, і свецкія вернікі, і духоўныя асобы, грэшнікі.
Пры гэтым трэба разумець, што навяртанне — гэта не ўцёкі ад рэчаіснасці свету і грамадства, культуры і працэсаў секулярызацыі, а ўспрыманне іх праз прызму вучэння Евангелля. Езус — гэта святло, якое асвятляе, і адначасова святло, якое дазваляе па-іншаму распазнаваць і ўспрымаць рэчаіснасць нашага жыцця.
Нягледзячы на відавочны крызіс веры, тым не менш у сучасным свеце, і таксама ў Беларусі, ёсць шмат людзей, якія шукаюць Бога. Сведчаннем таму з’яўляюцца Будслаўскі, Тракельскі, Гудагайскі, Браслаўскі, Барунскі, Лагішынскі і іншыя фэсты, у якіх бяруць удзел тысячы пілігрымыў, што дае новую надзею.
Нямала людзей расчараваныя геданістычнымі ідэямі, спароджанымі сексуальнай рэвалюцыяй 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Яны стаміліся ад амаральна-таксічнай масавай культуры, свецкай ментальнасці, эгаізму, задавальненняў, перабольшанай ацэнкі камфорту, імкнення да багаццяў любым коштам, а таксама быцця зоркамі-аднадзёнкамі ў сацыяльных сетках.
Яны таксама разумеюць, што філасофія па прынцыпе carpe diem —даслоўна «хапай дзень», або «бяры ад жыцця ўсё, бо жывеш толькі раз», — гэта справа злога духа.
Тыя, хто гэта адчувае, імкнуцца пераарыентаваць свае погляды так, каб евангельскія каштоўнасці занялі цэнтральнае месца ў іх жыцці.
Гэта магчыма тады, калі дазволім Богу змяніць нашыя сэрцы з каменных у цялесныя (пар. Эзх 36, 26), да чаго заклікае Папа Францішак у сваёй апошняй энцыліцы Dilexit nos — «Палюбіў нас». Яна з’яўляецца адказам на драматычныя выклікі сучаснасці: войны, сацыяльную несправядлівасць, нястрымнае спажывальніцтва, неэтычнае выкарыстанне дасягненняў навукі і новых тэхналогій. У ёй Пантыфік заклікае да вяртання ў нашым жыцці да сэрца як сімвала любові (гл. DN 10–16).
Адзін малады чалавек хацеў даведацца, на якой мове размаўляе Бог. У пошуках адказу ён адправіўся ў падарожжа. У адной вёсцы яму параілі падняцца на гару да святога чалавека, які, магчыма, ведае адказ. Той мовай Бога назваў прыгажосць прыроды. Аднак такі адказ не задаволіў маладога чалавека і ён пайшоў далей.
На дарозе сустрэў людзей, якія сказалі, што Бог размаўляе на мове сэрца. Прыслухаўся і атрымаў духоўны спакой, аднак не быў упэўнены і працягнуў падарожжа.
Праз нейкі час дабраўся да нейкай святыні, у якой чалавек чытаў са скрутка. Той параіў яму разважаць над Божым словам. Юнак пазнаў шмат чаго, але ўсё яшчэ не быў задаволены да канца і скіраваўся далей.
Нарэшце, ён прыйшоў у нейкі горад. У гатэлі не было месца, таму ён пайшоў у пячору на ўскраіне горада. Там убачыў мужчыну і жанчыну з нованароджаным Немаўляткам, якога акружалі хатнія жывёлы. Калі нерашуча стаяў ля ўваходу, Маці паказала на Дзіцятка і сказала: «Гэта — мова Бога».
Бог, які прамаўляў праз праркаў, у ноч Божага Нараджэння прамовіў праз свайго Уцелаўлёнага Сына Езуса Хрыста (пар. Гбр 1, 1–2).
Нам неабходна пазнаць Яго мову і глыбока прыняць яе да свайго сэрца. Яна моцным голасам Евангелля гучыць ужо дваццаць стагоддзяў, каб духоўна аднавіць свет.
Для гэтага неабходна зазіраць у Святое Пісанне так часта, як зазіраем у смартфон. Езус — гэта не ідэя і не ідэалогія, а Асоба, якая ідзе да нас і прамаўляе ў Святым Пісанні, цэлебрацыі Літругіі і на малітве.
З нараджэннем Езуса ў свет прыйшло хрысціянства, якое сфармавала заснаваную на евангельскіх каштоўнасцях цывілізацыю. Яно з’яўляецца рэлігіяй праўды і свабоды, любові і жыцця. Таму хрысціянская вера — гэта вакцына ад віруса секулярызму.
З хрысціянства выводзіцца гуманізацыя свету. Яно будуе мір паміж людзьмі. Надзея на паўсюднае адзінства ўсіх народаў знаходзіцца ў любові Хрыста. Нездарма Папа Францішак кажа, што свет ратуе бескарыслівая любоў, якую нельга купіць і прадаць, бо гэта — дар самога сябе.
Таму нам неабходна нанава адкрыць нашыя хрысціянскія карані і каштоўнасці, каб быць аўтарытэтным голасам у сучасным свеце з мэтай адказваць на выклікі часу і вырашаць узнікаючыя праблемы.
Віншую ўсіх вас са святам Божага Нараджэння!
Словы анёльскага гімна «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14) няхай заахвоцяць нас да праслаўлення Бога за Яго бязмежную любоў і міласэрнаць, праяўленыя ў таямніцы Богаўцелаўлення.
Радасных, поўных Хрыстовага супакою і Яго збаўчай ласкі святаў і шчаслівага надыходзячага Новага, 2025 Юбілейнага года надзеі!
Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся.
Апека Найсвяцейшай Панны Марыі, якая нарадзіла свету Збаўцу, і благаслаўленне Бога Айца і Сына, і Духа Святога няхай прабываюць з усімі вамі.
Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч