Папа Францішак скіраваў відэапасланне на Сусветны дзень малітвы, разважання і дзейнасці супраць гандлю людзьмі. Яно было абнародавана 8 лютага, у літургічны ўспамін святой Джузэпіны Бакіты.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец нагадаў у ім сёлетнюю тэму: «Сіла клопату. Жанчыны, эканоміка і гандаль людзьмі», прапанаваўшы не забывацца пра становішча жанчын і дзяўчат, якія сталі ахвярамі шматлікіх форм эксплуатацыі і дыскрымінацыі, у тым ліку прымусовых шлюбаў, хатняга і працоўнага рабства.
Арганізацыя грамадства ва ўсім свеце яшчэ далёкая ад дакладнага адлюстравання таго, што жанчыны маюць такую ж годнасць і правы, як і мужчыны, з жалем звярнуў увагу Святы Айцец.
«Гандаль людзьмі — гэта гвалт! Гвалт, ад якога пакутуе кожная жанчына і кожнае дзіця: гэта адкрытая рана на целе Хрыста, на целе ўсяго чалавецтва; гэта глыбокая рана, якая таксама закранае кожнага з нас», — дадаў Паантыфік.
Ён заклікаў мужчын «сказаць „не“ ўсялякаму гвалту, у тым ліку супраць жанчын і дзяўчат», і разам з жанчынамі змагацца за правы чалавека.
Пастыр паўсюднага Касцёла прывёў прыклад святой Джузэпіны Бакіты. «Яе жыццё паказвае нам, што перамены магчымыя, калі мы дазваляем перамяняцца праз клопат Бога пра кожнага з нас. Гэта клопат міласэрнасці, клопат любові, які глыбока змяняе нас і вучыць вітаць іншых як братоў і сясцёр.
Прызнанне годнасці кожнага чалавека — гэта першы акт клопату. <…> Бог клапаціўся пра Джузэпіну Бакіту, суправаджаў яе ў працэсе загойвання ран, нанесеных рабствам ажно да таго, каб зрабіць яе сэрца, розум і дух здольнымі да прымірэння, свабоды і лагоднасці», — адзначыў Святы Айцец.
Ён выказаў падтрымку «кожнай жанчыне і дзяўчыне, якая імкнецца да пераўтварэння і клопату, у школе, у сям’і, у грамадстве», заклікаючы «кожнага мужчыну і хлопца не заставацца ў баку ад гэтага працэсу, памятаючы пра прыклад добрага самараніна: чалавека, які не саромеецца схіліцца над сваім братам і клапаціцца пра яго».
«Клопат — гэта Божае дзеянне ў гісторыі, у нашай асабістай гісторыі і ў гісторыі нашай супольнасці», — патлумачыў Папа Францішак, заклікаўшы мужчын і жанчын разам развіваць эканоміку клопату і ўсімі сіламі супрацьстаяць любой форме эксплуатацыі і гандлю людзьмі.