Пошук

08.03.2025 08:03   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Аляксандры Шчыглінскай

8 сакавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе жанчынам віншаванне «са святам вясны і прыгажосці».

Дарагія нашыя жанчыны!

Віншую вас са святам вясны і прыгажосці!

Падкрэсліваючы ролю жанчын у свеце, Папа Францішак зазначыў, што «жанчыны нясуць ласку аднаўлення, а спакой нараджаецца ад жанчын: ён узнікае і распаўсюджваецца праз пяшчоту маці». Сапраўды, менавіта жанчыны па сваёй натуры імкнуцца да таго, каб наш свет быў прыгожым і цудоўным, імкнуцца да гармоніі, святла і цяпла. Менавіта толькі жанчын Пан Бог адарыў цудоўным дарам — дарам мацярынства. І менавіта самай важнай і беззаганнай Жанчыне, Найсвяцейшай Панне Марыі, Богам была даручана справа збаўлення чалавецтва.

Віншуючы са святам вясны, калі абуджаецца прырода, хочацца падзякаваць усім жанчынам, асабліва старэйшага ўзросту, за захаванне і перадачу веры, за вашу мужнасць, руплівасць і вернасць Хрысту і Марыі.

Мы ўдзячныя ўсім вам, дарагія жанчыны, за тое, што з верай, любоўю і адданасцю прыкладаеце свае намаганні дзеля развіцця касцёльнага і грамадскага жыцця, дзеля таго, каб умацоўваліся нашыя сем’і і квітнела наша краіна.

«Маральная сіла жанчыны, яе духоўная моц звязана з усведамленнем таго, што Бог асаблівым чынам давярае ёй чалавека», — напісаў Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце да жанчын Mulieris dignitatem («Годнасць жанчыны»). Ён падкрэсліў, што «наш час чакае адкрыцця „геніяльнасці“ жанчыны, якая ў кожнай сітуацыі забяспечыць чуласць да чалавека, бо для яе самае важнае гэта любоў».

У гэты дзень мы з асаблівай удзячнасцю памятаем пра нашых матуль, іх чуласць і любоў. Дарагія нашы матулі і бабулі, няхай вашы дзеці і ўнукі радуюць вас, атуляюць любоўю, клопатам і ўвагай, каб вы ніколі не адчувалі сябе самотнымі і пакінутымі.

Дарагія жанчыны! Няхай ваша ззянне азарае і саграе ўсіх, хто вас акружае. Няхай вашы дні будуць поўныя радасці і спакою, а ў сэрцы паселіцца духоўная гармонія і нястомная энергія чуласці і дабрыні.

Даручаю ўсіх вас апецы нашай Нябеснай Матулі Марыі — Той, якая з’яўляецца найлепшым прыкладам для кожнай з вас.

Ад шчырага сэрца з малітвай і благаслаўленнем,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі

Мінск, 8 сакавіка 2025 г.

Абноўлена 08.03.2025 09:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця