Пошук

11.06.2021 13:15   Тэкст: Людміла Ярмолава / Фота: Аляксей Гапановіч / Catholic.by

10 чэрвеня ў Віцебску прайшла XVII міжнародная медыцынская канферэнцыя, прысвечаная праблемам урачэбнай этыкі ў сучасным свеце.

Форум, які стаў ужо традыцыйным, сабраў медыкаў, навукоўцаў і духавенства для сумеснага абмеркавання актуальнай тэмы.

Удзельнікі з Беларусі, Святога Пасаду, Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі і Шры-Ланкі прадставілі свой погляд на праблему пандэміі COVID–19 і яе наступствы: як медыцынскія, так і духоўныя.

Праект, куратарам якога з’яўляецца святар Таварыства Езуса айцец Клеменс Верт SI, быў арганізаваны па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі і Віцебскага аблвыканкама пры ўдзеле Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Мадэратарам канферэнцыі стаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Мікалай Каспяровіч.

Адкрываючы канферэнцыю, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у сваім прывітальным слове выказаў павагу і падзяку ўсім медработнікам, якія аказваюць дапамогу хворым ва ўмовах пандэміі каранавірусу, за іх руплівасць і самаахвярнасць.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся таксама прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Апостальскі нунцый нагадаў, што Каталіцкі касцёл цяпер перажывае абвешчаны Папам Францішкам Год сям’і Amoris Lætitia, і, адзначыўшы негатыўныя наступствы пандэміі COVID–19 для інстытуту сям’і, запрасіў медыцынскую грамадскасць звярнуць на гэта ўвагу.

«У цяперашні перыяд пандэміі, на фоне мноства псіхалагічных, эканамічных і медыцынскіх праблем, становіцца відавочным, што сямейныя повязі „па-ранейшаму зносяць цяжкія выпрабаванні, застаючыся ў той самы час найбольш ясным пунктам адліку, наймацнейшым падмуркам, неазаменным ядром усёй чалавечай і грамадзянскай супольнасці“», — зазначыў нунцый Ёзіч, цытуючы нядаўнія словы Святога Айца. На заканчэнне прывітальнага слова ён перадаў усім удзельнікам канферэнцыі Апостальскае благаслаўленне Папы Францішка.

«Ці гатовыя мы ўжо цяпер зрабіць высновы з пандэміі COVID–19?» — пытанне, якое сёння хвалюе многіх, агучыла намеснік старшыні Камітэту па біяэтыцы Рэспублікі Беларусь, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Валерыя Сакольчык.

Па словах старшыні Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцева, «сёння, калі дасягненні новых тэхналогій адкрываюць новыя далягляды ў навуцы і тэхніцы, неабходна знайсці маральна-этычны вектар — гэта біяэтыка, якая аб’ядноўвае ў сабе разнастайны вопыт медыкаў, навукоўцаў, духавенства, прадстаўнікоў уладаў для вырашэння надзённых праблем».

Прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Уладзімір Быстракоў распавёў пра адносіны праваслаўнага духавенства і вернікаў да санітарных мер у дзейнасці храмаў у Расіі падчас пандэміі.

З улікам эпідэмчнай сітуацыі ў свеце, многія ўдзельнікі і слухачы далучыліся да працы канферэнцыі дыстанцыйна.

На заканчэнне разнастайных і змястоўных дакладаў біскуп Алег Буткевіч падвёў вынікі канферэнцыі, па матэрыялах якой будзе выдадзены зборнік тэзісаў дакладаў.

Абноўлена 11.06.2021 13:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.