15 лістапада ў парафіі Божага Цела ў Мінску, якой апякуюцца айцы кармэліты босыя, адбылася канферэнцыя на тэму «Уплыў залежнасці на адносіны ў сям'і». Мерапрыемства арганізавалі Рада па справах сям'і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і Душпастырства сем'яў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
З уступным словам да ўдзельнікаў звярнуўся Генеральны сакратар ККББ і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Ён падкрэсліў, што абмеркаванне ўплыву залежнасці на сям'ю мае найперш духоўнае і пастырскае значэнне для сучаснай хрысціянскай супольнасці. Сёння праблема залежнасці — гэта не абстрактная сацыяльная статыстыка, а глыбокая духоўная і чалавечая трагедыя, якая кранае тысячы сем'яў у нашай краіне.
Таму абавязак Касцёла — не асуджаць, а разумець, падтрымліваць і дапамагаць знайсці шлях да аздараўлення праз сумесныя намаганні — толькі аб'яднаўшы духоўныя і медыка-псіхалагічныя рэсурсы, можна эфектыўна супрацьстаяць гэтай цяжкай праблеме.

Алкагалізм – хвароба, якая вядзе да смерці
Юрый Гапонік, спецыяліст тэрапіі залежнасці з Гродна і каардынатар Душпастырства Цвярозасці Беларусі, у сваім выступе «Алкагалізм — што гэта?» нагадаў, што яшчэ ў XIX стагоддзі алкагалізм прызнавалі хваробай.
«І гэта небяспечная хвароба, бо, калі мы не можам справіцца з ёй, яна вядзе да смерці. Акрамя таго, яна шкодзіць не толькі чалавеку, які залежны, але таксама ўсім яго блізкім»,
— зазначыў спецыяліст.
Ён падкрэсліў, што ў гэтую «пастку» можа патрапіць любы чалавек, незалежна ад яго поглядаў, адукацыі, веры, характару і волі. «Пакуль залежны чалавек не ўпадзе ў самую глыбокую яму, ён не зразумее і не прызнае, што ў яго ёсць залежнасць». Яшчэ адной важнай праблемай Юрый Гапонік назваў той факт, што блізкія часта несвядома дапамагаюць не чалавеку, а развіццю яго хваробы.
Як залежнасць знішчае дзяцінства і бяспеку
Псіхолаг Андрэй Высоцкі (аддзяленне дзённага знаходжання ўстановы «Гродзенскі абласны клінічны цэнтр "Псіхіятрыя-наркалогія"»), які працуе з блізкімі залежных пацыентаў, разгледзеў вострую тэму «Уплыў алкагалізму на сям'ю». Ён растлумачыў, што рэабілітацыя — гэта працэс усведамлення як самім залежным, так і яго сям'ёй, што залежнасць уплывае на ўсіх членаў сям’і.
«Вельмі часта блізкія і родныя гэтых людзей пражываюць не сваё жыццё, а жыццё залежнай блізкай асобы. У такіх сем’ях не размаўляецца пра алкаголь, хоць праблема бачная ўсім. Такія сем’і імкнуцца захаваць ілюзію нармальнасці», — адзначыў псіхолаг.
Ён падкрэсліў, што псіхалагічна здаровая сям’я — гэта месца, дзе чалавек заўсёды адчувае сябе бяспечна, гэта рэсурс і падтрымка. Але з'яўленне праблемы залежнасці ў сям’і нішчыць гэта пачуццё, асабліва сярод дзяцей: «Наяўнасць у сям’і аднаго з бацькоў, залежных ад алкаголю, не толькі выклікае ў дзяцей трывогу, а проста забірае ў іх дзяцінства. Дзеці ў такіх сем’ях часта становяцца "бацькамі для бацькоў"».
Што такое сузалежнасць і як ад яе вызваліцца
Ірына Бразевіч, загадчыца рэабілітацыйнага наркалагічнага аддзялення цэнтра «Вытокі», псіхатэрапеўт і псіхолаг, раскрыла тэму «Сузалежнасць і адносіны ў сям'і».
«Варта сказаць, што, калі развіваецца залежнасць, адначасова развіваецца таксама сузалежнасць. Сузалежны — гэта чалавек звышадказны і безадказны адначасова», — падкрэсліла яна.
Спецыяліст пералічыла крокі вызвалення ад сузалежнасці:
- Прызнаць, што сузалежнасць ёсць.
- Спыніцца кантраляваць, апякаць і ратаваць, пазбавіцца ад ролі «ахвяры».
- Запытацца ў сябе: «Што я атрымліваю, з’яўляючыся сузалежным?»
- Мець шчырае жаданне змяніцца і працаваць над сабой.
Ірына Бразевіч таксама падкрэсліла, што галоўны спосаб дапамагчы сузалежным — гэта адукацыя на тэму залежнасці і сузалежнасці.

Асабліва каштоўным для слухачоў сталі шчырыя сведчанні выступоўцаў, якім яны дзяліліся, апіраючыся на ўласны вопыт пераадолення ці працы з залежнасцю і сузалежнасцю. Менавіта гэтыя асабістыя гісторыі сталі найбольш жывымі і кранальнымі момантамі канферэнцыі, праз якія складаныя псіхалагічныя паняцці набылі рэальныя абрысы.
Сваім досведам спецыялісты не проста ілюстравалі тэарэтычныя палажэнні, але далі ўдзельнікам канкрэтныя прыклады:
- як распазнаць першыя прыкметы залежнасці і сузалежнасці ў паўсядзённым жыцці;
- якія памылкі суправаджаюць шлях да вырашэння гэтых праблем;
- як знайсці ў сабе сілы для зменаў і дзе шукаць апору.
Гэтыя сведчанні зруйнавалі стэрэатып, што праблема залежнасці датычыцца толькі «слабавольных» або «сацыяльна дэзарыентаваных» людзей. Яны паказалі, што шлях да вызвалення ад залежнасці і аднаўлення сямейных адносін — гэта цяжкая, але цалкам дасяжная праца, і што чалавек не павінен заставацца сам-насам са сваёй бядой. Адкрытасць дакладчыкаў выклікала жывы водгук сярод слухачоў, стварыўшы атмасферу даверу і супольнасці, дзе кожны прысутны мог адчуць, што яго перажыванні разумеюць і падтрымліваюць.
Пасля перапынку на абед адбыўся прагляд і абмеркаванне фільма «Любові недастаткова», прысвечанага метаду інтэрвенцыі ў адносінах да залежнага чалавека.
Фіналам падзеі, якая аб'яднала спецыялістаў, духавенства і ўсіх зацікаўленых, стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі.
Мерапрыемства яшчэ раз падкрэсліла, што каталіцкая супольнасць бачыць праблему залежнасці і гатова дапамагаць у яе вырашэнні праз малітву, асвету і спецыялізаваную дапамогу.







































