У Мінску адбыўся выпускны вечар «Альфа Курса» сезона «Вясна 2026», які аб’яднаў слухачоў, служыцеляў і святароў з трох каталіцкіх парафій сталіцы. Гэты вечар стаў не толькі завяршэннем чарговага сезона курса, але і жывым сведчаннем таго, як Пан дзейнічае праз супольнасць, адкрыты дыялог і сумесны шлях да Бога.
Святочны вечар распачаўся святой Імшой у парафіі Божага Цела, якую ўзначаліў духоўны кіраўнік «Альфа Курс Мінск» ксёндз канонік Юрый Санько. Ганаровым госцем стаў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Яго прысутнасць стала асаблівым знакам экуменізму, якім жыве «Альфа Курс».
Пасля набажэнства госці перайшлі ў святочна аздобленую залу, падрыхтаваную служыцелямі курса. Фотазона, сцэна, цёплае афармленне і сімвалічныя паветраныя шары ў форме сэрца стваралі атмасферу сапраўднага свята.
Адкрываючы вечар, ксёндз Юрый Санько падкрэсліў, што «Альфа» — гэта не проста цыкл сустрэч, а прастора, дзе чалавек можа сустрэцца з Богам і жывым Касцёлам.
«Сёння людзі асабліва маюць патрэбу не толькі ў ведах пра веру, але і ў досведзе жывых адносін, прыняцця і падтрымкі. “Альфа” дапамагае чалавеку зрабіць першы крок насустрач Богу і зразумець, што Касцёл адкрыты для кожнага»,
— адзначыў ксёндз Юрый Санько.
Служыцелі распавялі пра гісторыю развіцця «Альфа Курс Мінск» і падвялі вынікі сезона «Вясна 2026». Госці і слухачы ўбачылі фотаздымкі сустрэч, статыстыку курса і пачулі сведчанні выпускнікоў.
Падчас святочнага вечара ўсе тры мінскія парафіі, у якіх праходзіў «Альфа Курс» — Божага Цела, святога апостала Андрэя, а таксама Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) — прадставілі творчыя нумары на хрысціянскую тэматыку: музычныя выступленні, сцэнкі і сведчанні пра мінулы сезон «Альфа Курса».
Удзельнікі дзяліліся сваімі гісторыямі, дзякавалі святарам і служыцелям, якія суправаджалі іх на працягу курса, а таксама ўспаміналі найбольш важныя моманты сустрэч і размоў у малых групах.
Ва ўрачыстай атмасферы кожнаму слухачу ўручылі сертыфікаты аб заканчэнні курса.
Напрыканцы вечара на сцэну запрасілі ўсіх служыцеляў і арганізатараў курса і ўручылі ім ужо традыцыйную каву, спецыяльна абсмажаную для «Альфа Курс Мінск». Выпускнікоў запрасілі працягваць актыўна ўдзельнічаць у жыцці сваіх парафій, а таксама далучыцца да «Альфа Курса» ўжо ў якасці служыцеляў.
Пасля афіцыйнай праграмы гасцей чакаў святочны фуршэт і нефармальныя размовы. Удзельнікі актыўна фатаграфаваліся і дзяліліся ўражаннямі пра мінулы сезон.

























