Пошук

30.09.2026 18:17   Тэкст і фота: удзельнікі «Альфа Курса» / Catholic.by

У Мінску пачынаецца чарговы сезон Альфа-курса — практычнага курса знаёмства з хрысціянскай верай, які праводзіцца ў касцёлах па ўсім свеце. У гэтым сезоне сустрэчы адбудуцца адразу ў трох парафіях.

Курс праводзіцца з дазволу і благаслаўлення арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. У Мінску Альфа Курс праходзіць пад духоўным кіраўніцтвам ксяндза каноніка Юрыя Санько, пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

Што такое Альфа?

Альфа — гэта 12 бясплатных сустрэч для дарослых, адкрытых для ўсіх, незалежна ад веравызнання ці перакананняў.

Кожная сустрэча доўжыцца каля паўтары-дзве гадзіны і мае просты фармат: спачатку гарбата і невялікі пачастунак, потым кароткая лекцыя пра ключавыя пытанні хрысціянскай веры, а пасля — абмеркаванне ў малых групах.

У сярэдзіне курса прадугледжаны выязны ўікэнд са Святым Духам у Навагрудку — асаблівы час для малітвы, шчырых размоў і разважанняў пра сябе, жыццё і сваю веру.

Хто вядзе і для каго?

Альфа-курс вядуць свецкія служыцелі — вернікі, якія, жывуць звычайным жыццём і маюць свой шлях веры і ўласны жыццёвы вопыт.

Курс будзе асабліва карысны тым, хто толькі пачынае шлях у веры, а таксама тым, хто перажывае сумненні, стомленасць або цяжкасці ў даверы да Бога. Таксама Альфа можа быць карыснай і для тых, хто рэгулярна практыкуе каталіцкую веру: магчыма, курс дапаможа па-новаму паглядзець на свае адносіны з Богам.

Атмасфера даверу

Арганізатары падкрэсліваюць: Альфа — гэта прастора, дзе можна спакойна, шчыра і без ціску гаварыць пра веру, жыццё і сэнс. Тут ніхто не правярае веды і не патрабуе «правільных» адказаў. Можна прыходзіць з пытаннямі, сумненнямі, перажываннямі — ці проста з цікаўнасці.

Многія выпускнікі прызнаюцца, што спачатку чакалі строгага фармату — быццам трэба адразу адпавядаць нейкім крытэрыям. Але кожны раз людзі са здзіўленнем адкрываюць нешта зусім іншае: цёплае прывітанне, глыбокія размовы і асаблівы давер у малых групах. Побач аказваюцца такія ж звычайныя людзі — тыя, хто шукае, са сваімі радасцямі і цяжкасцямі вельмі розныя.

Арганізатары імкнуцца стварыць атмасферу даверу, дзе можна быць сабой і знаходзіць адказы на складаныя пытанні.

Дзе і калі?

У гэтым сезоне Альфа праходзіць адразу ў трох парафіях у Мінску:

  • у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры (вул. Серафімовіча, 19) — па аўторках. Пачатак сустрэч — 6 кастрычніка.
  • у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы (пр-т Незалежнасці, 44А) — па серадах. Пачатак сустрэч — 7 кастрычніка (рэгістрацыя закрыта).
  • у касцёле Божага Цела ў мікрараёне Ангарская (вул. Герасіменкі, 6) — па чацвяргах. Пачатак сустрэч — 8 кастрычніка.

«Калі вы сумняваецеся ці хвалюецеся, ці варта вам прыходзіць — ведайце: такія пачуцці знаёмыя многім, хто аднойчы вырашыў прыйсці», — кажуць арганізатары.

«Ад імя служыцеляў Альфа-курса і ксяндза каноніка Юрыя Санько запрашаем вас зрабіць гэты крок. Прыходзьце самі, запрашайце сяброў, суседзяў, калег — асабліва тых, каму цяжка пераступіць парог касцёла», —запрашаюць яны.

Альфа часта становіцца пачаткам шляху — шляху да пабудовы жывых адносінаў з Богам.

Служыцелі падкрэсліваюць: «Мы будзем рады кожнаму!»

Форма для рэгістрацыіі https://forms.gle/dZRR4FKtuc6aCQ3r6

Абноўлена 30.09.2026 18:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця