4 студзеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася калядная сустрэча суполак руху «Маці ў малітве».
Як паведамляецца на сайце Сatholicnews.by, у сустрэчы ўзялі ўдзел маці з гэтага малітоўнага руху з Оршы, Полацка, Талачына, Шуміліна і з усіх віцебскіх парафій.
На сустрэчу прыехалі таксама ўдзельніцы з Мінска, у тым ліку каардынатар руху «Маці ў малітве» ў Беларусі Людміла Губіна.
У Віцебску сабраліся 56 маці, каб разам памаліцца за сваіх дзяцей: як жывых, так і ненароджаных і памерлых.
Пасля прывітальнага слова Людмілы Губінай ўдзельніцы сустрэчы выслухалі канферэнцыю, якую правёў для іх ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, пробашч віцебскай катэдральнай парафіі. У ёй святар засяродзіўся на тэме мацярынства.
Працягнулі сустрэчу адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Пасля малітвы сабраныя спявалі калядкі, абменьваліся святочнымі пажаданнямі і дзяліліся традыцыйнымі аплаткамі. Завяршылася сустрэча смачным пачастункам і святочным спектаклем.
Як заўважылі ўдзельніцы, падчас сустрэчы панавала цёплая, сямейная атмасфера, якая пакінула ў іх сэрцах радасць і супакой.