Пошук

20.12.2024 11:55   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

18 снежня ў Мінскім абласным клінічным шпіталі ў Бараўлянах адбылася аплаткавая сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з медыцынскімі работнікамі.

З-за эпідэміялагічнай сітуацыі апошнія некалькі гадоў традыцыйныя аплаткавыя сустрэчы для медыкаў адбываліся не ў шпіталі, а ў бараўлянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, у якой нясуць служэнне ксяндзы салезяіне. Святары з гэтай парафіі таксама апякуюцца медыцынскімі ўстановамі ў Бараўлянах і раз на тыдзень цэлебруюць там святыя Імшы.

Сёлета ўдзельнікаў аплаткавай сустрэчы напярэдадні свята Божага Нараджэння прыняў абласны клінічны шпіталь. Сустрэча прайшла ў актавай зале, дзе дзякуючы намаганням святароў салезіянаў кожную сераду ў 17.00 цэлебруецца святая Імша. Там арцыбіскупа Станеўскага чакалі медыцынскія работнікі, а таксама пацыенты.

На пачатку сустрэчы іерарх звярнуся да сабраных з віншаваннем з надыходзячымі святамі.

Арцыбіскуп узгадаў словы святога Папа Яна Паўла ІІ, што Божае Нараджэнне адбылося не толькі дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлееме, але яно адбываецца тады і там, дзе дабрыня, дзе любоў, дзе прабачэнне; там дзе чалавек схіляецца над чалавекам у жэсце дапамогі.

«Таму сёння тут, у шпіталях, адбываецца Божае Нараджэнне, прысутнасць Бога, бо Бог праз вас ідзе да іншага чалавека, каб яму дапамагчы, каб яго суцешыць, каб прыйсці з медыцынскай дапамогай», — адзначыў арцыпастыр, падкрэсліўшы вялікае значэнне працы медыкаў.

«Пакуль агонь Божай любові гарыць у нашым сэрцы, то тыя, хто вакол нас, ніколі не замерзнуць. Таму жадаю вам Божага благаслаўлення і надалей, каб з яшчэ большай руплівасцю клапаціліся пра патрабуючага чалавека і дапамагалі», — натхніў супрацоўнікаў сферы аховы здароўя іерарх.

Пасля адбылася малітва і дзяленне аплаткамі. Абмяняўшыся віншаваннямі і святочнымі пажаданнямі з усімі прысутнымі ў актавай зале, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам са святарамі прайшоў у неклькі палат, дзе падзяліўся аплаткай з пацыентамі, якія з-за стану здароўя не змаглі ўдзельнічаць у агульнай сустрэчы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця