Плошчу Святога Пятра ў Ватыкане на Вялікдзень, які сёлета прыпадае на 9 красавіка, упрыгожаць 35 тысяч кветак і іншых раслін, дастаўленых з Нідэрландаў.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, фларыстычнае афармленне стане сведчаннем радасці Уваскрасення Хрыста. Расліны прывязуць у Ватыкан з Нідэрландаў на грузавіку.
У Вялікую пятніцу работнікі Ватыканскіх садоў у супрацоўніцтве з дызайнерам кветкавых кампазіцый Даніэлай Кану, кветкаводамі з Нідэрландаў і выкладчыкамі фларыстыкі са Славеніі зоймуцца стварэннем дэкарацыі з галандскіх кветак і раслін.
У 2020 і 2021 гадах з прычыны пандэміі цэнтральныя святкаванні Вялікадня ў Ватыкане былі вельмі абмежаванымі, таму сюды не прывозілі галандскіх цюльпанаў і нарцысаў.
У 2022 годзе традыцыя, якой амаль 40 гадоў, узнавілася, і сёлета будзе працягнута.
У Вялікдзень, 9 красавіка 2023 года, на плошчы Святога Пятра Папа Францішак узначаліць урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі, пасля якой з цэнтральнай лоджыі галоўнай святыні хрысціянскага свету скіруе пасланне міру і ўдзеліць благаслаўленне Urbi et Orbi — «Гораду і свету».