Пошук

19.04.2023 13:13   Тэкст: Ганна Бычынская / Фота ўдзельнікаў акцыі / Catholic.by

На Пасхальным тыдні ў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) прайшла акцыя «Велікоднае святло» пад дэвізам «Міласэрнасць вашых сэрцаў падаруе цяпло і радасць асаблівым дзецям».

У межах акцыі члены парафіяльнай суполкі Caritas падрыхтавалі больш за 80 святочных набораў для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі развіцця, якія пражываюць на Стаўбцоўшчыне. Рукамі жанчын і дзяўчат-валанцёраў было змайстравана мноства кошыкаў і іншых вырабаў, якія кожны парафіянін мог набыць за невялікае ахвяраванне, каб паўдзельнічаць у акцыі.

Далучыліся да гэтай добрай справы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ахвяравалі сокі, какао, фігуркі анёлаў, матэрыяльныя сродкі. Наборы былі ўпакаваныя ў крафтавыя пакеты з лагатыпам стаўбцоўскай парафіяльнай супольнасці.

Каб парадаваць дзяцей, парафіянка з Аталезі Іна Дрожжа напякла прыгожых грыбочкаў, стаўбчанкі Феліцыя Шымак і Святлана Канашэнка (матуля асаблівай дзяўчынкі) прыгатавалі кексы.

Кожнае дзіця атрымала і сімвал Пасхі на нашых землях — чырвонае яйка.

Пасля Вялікадня валанцёры Caritas разам з пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком і вікарыем ксяндзом Дзмітрыем Івановым завезлі наборы некаторым дзецям дадому. У Цэнтры грамадскага аб’яднання Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам наборы атрымалі малыя дзеці, а ў аддзяленні дзённага знаходжання — маладыя людзі з інваліднасцю.

Удзельнікі акцыі прызнаюцца, што ўсім стаўбцоўскім парафіянам, ды і ўвогуле ўсім неабыякавым да чужога гора, вельмі хочацца, каб асаблівыя дзеткі адчувалі зацікаўленасць грамадства іх лёсам, клопат пра іх, радасць ад зносін з людзьмі і цеплыню іх сэрцаў.

У свята Божай Міласэрнасці за салодкім сталом у касцёле члены суполкі Caritas сустрэліся і з дзецьмі, якія ходзяць на катэхетычныя заняткі і ўдзельнічаюць у жыцці парафіі. Смачныя пачастункі і настольны тэніс вельмі парадавалі і дзяцей, і дарослых.

Абноўлена 19.04.2023 13:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа