Пошук

30.06.2026 15:59   Тэкст і фота: Кацярына Савянок / Catholic.by

У Годзе святога Францішка, прысвечаны 800-годдзю з дня смерці заснавальніка трох францішканскіх ордэнаў, браты і сёстры Францішканскага ордэна свецкіх (ФОС) правялі супольны дзень малітоўнага засяроджання ў будслаўскай базыліцы.

Дні 20-21 чэрвеня сталі не толькі часам ласкі для кожнага ўдзельніка, але і гістарычнай падзеяй, бо нацыянальны санктуарый упершыню быў абраны месцам сустрэчы нацыянальнага ўзроўню. Разам з нацыянальнымі духоўнымі асістэнтамі айцом Яўгенам Голубам OFMConv і братам Андрэем Букштанам OFMCap, а таксама некаторымі братамі першага францішканскага ордэна каля 70 братоў і сясцёр з розных рэгіёнаў краіны (Гродна, Ліды, Ліпнішак, Гальшанаў, Суботнікаў, Ваўкавыска, Іўя, Шчучына, Радуні, Мінска, Маладзечна, Вілейкі, Івянца, Удзела), а таксама госці з-за мяжы (з расійскай Уфы) прыехалі, каб аддаць хвалу Богу і ўшанаваць Маці Божую, якая апякуецца гэтай некалі францішканскай (бэрнардынскай) святыняй.

Падчас канферэнцый разам з айцом Яўгенам удзельнікі разважалі пра асаблівае месца Найсвяцейшай Панны Марыі ў францішканскай духоўнасці.

Францішак у сваім «Праслаўленні Панны Марыі» называе Яе Паннай, якая стала Касцёлам, таму што Яна першай цалкам змясціла ў сабе Хрыста і паказала прыклад таго, як кожны вернік і ўся супольнасць павінны прымаць Божае Слова. Дзякуючы нараджэнню Езуса праз Марыю чалавек уваходзіць ва ўзаемадзеянне з усёй Тройцай. Таму Францішак з вялікай пашанай ставіўся да Марыі. Хоць гэты святы мала ўзгадвае пра Марыю, бо ў цэнтры яго жыцця быў Хрыстус, тым не менш, месцам, якое стала вырашальным для яго духоўнага жыцця, дзе ён распачаў шлях, жыў і адышоў у вечнасць, апекавалася Марыя. Гаворка ідзе пра капліцу Парцыюнкулі, якая знаходзіцца каля Асізі і асвечана ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Анёльскай. Лічачы вялікай каштоўнасцю еднасць з Марыяй, ён казаў братам: «Глядзіце, браты, ніколі не пакідайце гэтага месца. Калі вас будуць выганяць праз дзверы, улазьце праз вокны». Бо без Яе няма ніводнай гісторыі навяртання. Заўсёды недзе ў «фонавым рэжыме» будзе Марыя. Бог захацеў, каб доступ да Яго быў праз Найсвяцейшую Панну. Гэтую праўду паказвае і абраз Будслаўскай Маці Божай, які належыць да іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя («Тая, якая паказвае шлях»): Марыя паказвае на Хрыста, а ў той жа час маленькі Езус паказвае на Марыю.

Маці Божая адлюстроўвае любоў Бога, падобна як Месяц — сонечнае святло. І гэтую бязмежную любоў, а таксама разуменне дзеяння Бога у жыццёвых абставінах, мудрасць пазнання свету ў першапрычынах, якія знішчаюць страх і даюць адвагу дзейнічаць, Яна хоча даць кожнаму, хто да Яе звяртаецца.

Францішак даручыў Божай Маці ўсе заснаваныя ім ордэны ― першы, другі і трэці. Францішканская сям’я ўшаноўвае Божую Маці ў тытуле Каралева Серафімскага ордэна, бо хоча, каб Марыя паказвала шлях да дасканалай любові, уласцівай серафімам, і дапамагала па ім ісці. Дарэчы, назву «серафімскі» ордэн атрымаў таму, што самога Францішка называлі «Серафімскім айцом». Ён імкнуўся да дасканалай, спальваючай чалавечае эга, палымянай любові да Бога, якую маюць серафімы — палымяныя анёлы любові. А перад смерцю святы атрымаў стыгматы ад анёла-серафіма.

Брат Андрэй запрасіў слухачоў задумацца над тым, што ў сваім жыцці свецкія францішкане імкнуцца рэалізаваць, каб быць шчаслівымі: ці сябе і свае ўласныя жаданні, як сёння раяць псіхолагі, ці Божую волю. Ён нагадаў, што ў пачатку свайго жыцця Францішак імкнуўся споўніць свае ўласныя мары ― стаць вядомым рыцарам і жыць у дастатку. Але сустрэча з любоўю Хрыста кардынальна змяніла перспектыву яго ўспрыняцця рэчаіснасці і запаліла жаданне ўсе свае высілкі скіраваць на тое, каб адказаць на гэту любоў, навучыцца пазнаваць і рэалізаваць Божую волю. Бо ў перспектыве вечнасці набыло найбольшую каштоўнасць вечнае жыццё ў Божым Валадарстве, а грошы, здароўе і нават жыццё на зямлі адышлі на другі план.

Варта адзначыць, што ў сваёй любові Бог шануе чалавечую індывідуальнасць. У той час, калі чалавек імкнецца споўніць Божую волю, Бог жадае рэалізаваць мары чалавека, хоць можа і не такім чынам, якім чалавек сабе ўяўляе. Святы Францішак спазнаў, што ў Бога няма нічога немагчымага: ён хацеў стаць вялікім — і стаў, хоць і не так, як сам разлічваў. Адыходзячы з гэтага свету ў 45 гадоў, ён быў шчаслівы, напоўнены Божай любоўю і насычаны жыццём. І нават называў смерць сястрой, бо праз яе нарэшце мог сустрэць Хрыста.

Брат Андрэй заўважыў, што святы Францішак з’яўляецца для францішканаў не толькі прыкладам, але і магутным заступнікам, у якога варта прасіць дапамогі ў тым, каб спазнаць такую Божую любоў, якая перамяняе жыццё і сэрца. Мы можам, паводле прамоўцы, дасягнуць шчасця і споўніць сваё пакліканне быць сведкамі любові Бога толькі тады, калі самі яе спазналі. У гэтым ключы прапаведнік заахвоціў паглядзець на мясцовыя супольнасці братоў і сясцёр як на дар Бога, бо толькі ў асяроддзі іншых людзей мы можам адкрываць пра сябе праўду, што кожны з нас не дасканалы, але грэшнік, які не ўмее любіць і за якім «спяваюць пеўні» здрады. Але, усведамляючы перад Богам сваю слабасць і патрэбу ў Божай ласцы, чалавек спазнае шчасце Божай любові і прабачэння.

У супольнасці мы сустракаем і тое, што часам браты могуць быць адзін для аднаго «наждачкай, якая шліфуе», але і тое, што можам быць адзін для аднаго падтрымкай. І ўсё вядзе да дасканаласці.

Вяршыняй сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Падчас гаміліі ён запрасіў паразважаць пра пакліканне. Словы Хрыста «Ідзіце і абвяшчайце» (Мц 10, 7) датычаць кожнага хрысціяніна. Але Бог дае і спецыфічныя пакліканні. Пастыр падкрэсліў каштоўнасць жыцця тых, хто абірае жыць у прастаце згодна з парадамі святога Францішка ў Францішканскім ордэне свецкіх: «Вы як францішкане штодня ўдзельнічаеце ў агульнай малітве Касцёла, уключаецеся ў агульную раку малітвы, якая ідзе да Неба. Гэтым вы асвячаеце перш за ўсё сябе, але таксама ваша малітва, хоць гэта і не бачна, прычыняецца да збаўлення шматлікіх людзей, асвячае іншых. Вы пакліканы не проста жыць у супольнасці ФОС, але быць соллю зямлі ― той, якая захоўвае ад сапсаванасці, надае смак. Вы святло свету, бо сваім жыццём, сваім выбарам, сваёй малітвай паказваеце сучаснаму чалавеку шлях да Божага Валадарства. І сёння чалавек не столькі патрабуе інфармацыі, колькі шукае жывога сведчання».

Біскуп Юрый распавёў прыклады з уласнага жыцця, як у дзяцінстве падчас працэсіі ў касцёле ў Красным бачыў тэрцыярак — жанчын у карычневых сукенках і белых хустках, якія неслі харугвы. Успомніў пра тэрцыярку пані Лёдзю, якая была адказная за дзяцей. Калі ў касцёл прыязджала аблава, дзецям туды нельга было прыходзіць, каб святару не забаранілі служыць. Таму дзеці з радасцю пераходзілі да пані Лёдзі, якая з імі гуляла, частавала цукеркамі і паміж іншым простаю мовай распавядала пра Бога. Яна была для малых, якія часам і сваволілі, прыкладам хрысціянскай любові і спакою.

Яшчэ адным прыкладам для іерарха была францішканка сястра Тэрэза, настаўніца фізікі. Яна належала да яго парафіі на Залатой Горцы ў Мінску, дзе ў тыя часы ён быў пробашчам. Яна служыла розным касцёлам сваімі здольнасцямі ― сама рабіла жырандолі. А калі была ў старэйшым узросце, у касцёле на Залатой Горцы, па словах біскупа, «на ёй трымалася ўся парафія». У які б час ён ні прыходзіў раніцай на Імшу, нават у пачатку 6-й гадзіны, касцёл ужо быў адчынены, а зімой нават дарожкі ад снегу пачышчаны. Яна казала, што «для справы Божай нават і сілы ёсць». Сястра Тэрэза была добра падрыхтаваным катэхетам, хоць і не заканчвала курсы. Яна вяла катэхезу для дарослых, рыхтуючы да хросту, да шлюбу. У яе двухпакаёвай кватэры адзін пакой служыў як катэхетычны клас. У парафіі казалі: «Калі хтосьці трапіў у рукі сястры Тэрэзы, з касцёла ніколі не выйдзе».

Прамоўца заўважыў: «Сёння звяртаецца большая ўвага на сінадальнасць — агульную адказнасць і духоўных, і свецкіх за супольнасць Касцёла. Кожны з нас мае адказнасць за сябе, за касцёл і за людзей, якіх сустракаем.

Калі мы жывём у сваёй харызме, узрастаем у ласцы, у ведах, то становімся сапраўдным святлом, соллю зямлі. Для гэтага Пан Бог нам дае ўсё неабходнае, а Маці Божае атуляе сваёй апекай».

Біскуп Касабуцкі прывёў словы святога Яна Боско, які, дарэчы, перад тым, як заснаваць Таварыства святога Францішка Сальскага (салезіянаў), таксама належаў да трэцяга ордэна святога Францішка: «У Божае Валадарства чалавек не ідзе адзін ― за ім ідуць тыя, хто пайшоў за яго прыкладам. Але і ў пекла ніхто не ідзе адзін».

«Кожны з Вас важны, — падсумаваў біскуп Юрый. — Касцёл бачыць у вас будучыню, бо сваім выбарам, сваім жыццём вы паказваеце, што тыя каштоўнасці, якія свет ставіць пад сумненне (непарыўнасць сужэнства, адкрытасць на патомства, святасць жыцця і г.д.), усцяж застаюцца важнымі, фундаментальнымі. Мы дзякуем вам за тое, што вы ёсць, за вашыя гарачыя сэрцы, за малітву і сведчанне жыццём».

Пасля гаміліі некаторыя сёстры прынялі на сябе абавязкі перыяду пачатковага фармавання (навіцыяту), а таксама склалі абяцанні евангельскага жыцця на 1 год і на ўсё жыццё.

Імша завяршылася, а малітва працягнулася далей: перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам браты і сёстры правялі ўсю ноч, узносячы ў Божай Прысутнасці праз заступніцтва Маці Божай, святога Францішка і святых францішканскай сям’і хвалу, падзяку, просьбы за сябе, свае сем’і, парафіі і ўвесь свет, ахвяруючы свае перажыванні.

«Дзякуем Пану Богу, Яго Эксцэленцыі, нацыянальным і мясцовым асістэнтам, кусташу ксяндзу Аляксею Раманчуку за скіраваныя словы і магчымасць супольнай малітвы ў святым месцы, шанаваным усімі вернікамі краіны, у часе асаблівай ласкі Года святога Францішка, а таксама за магчымасць нанова усвядоміць сабе вартасць і ласку жыцця ў францішканскай супольнасці. Няхай гэтая малітоўная сустрэча прынясе шматлікія духоўныя плёны», — кажуць удзельнікі сустрэчы.

Абноўлена 30.06.2026 17:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.