Пошук

07.07.2026 20:32   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказвае падзяку тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення сёлетняга Будслаўскага фэсту, які праходзіў з 2 па 4 ліпеня, а таксама ўсім, хто прымаў у ім удзел.

«Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць»!

Любыя браты і сёстры! З праслаўленнем і падзякай Усемагутнаму Богу за незвычайны час, які мы правялі перад тронам нашай Каралевы і Нябеснай Заступніцы Маці Божай Будслаўскай, звяртаюся з падзякай да кожнага і кожнай з вас.

Пачынаючы ад 2 ліпеня, мы святкавалі Будслаўскі фэст — урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай — Апякункі Мінска-Магілёўскай мітраполіі. З ласкі Божага Провіду мы дзякавалі за 35 гадоў аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама за 35-ю гадавіну аднаўлення пілігрымак да нашай Будслаўскай Заступніцы.

Падчас сёлетніх урачыстасцяў мы здзейснілі Акт прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.

Выказваю падзяку вам, мае дарагія пілігрымы, якія з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны і з-за мяжы сёлета прыбылі на Будслаўскі фэст.

Словы ўдзячнасці кірую Яго Эксцэленцыі арцыбіскупу Іньяцыё Чэффаліа, Апостальскаму нунцыю ў Беларусі, і прадстаўнікам нунцыятуры на чале з яе сакратаром Кшыштафам Сэрока, а таксама біскупам-юбілярам: арцыбіскупу эмэрыту Тадэвушу Кандрусевічу, які сёлета адзначыў 45-годдзе святарства, і біскупу эмэрыту Аляксандру Кашкевічу, які ў сваю чаргу адзначыў 50-годдзе святарства і 35-годдзе біскупскага пасвячэння.

Дзякую віцэ-старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу, біскупу Пінскай дыяцэзіі Антонію Дзям’янку, біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю, дапаможным біскупам Юрыю Касабуцкаму і Андрэю Зноску. Асаблівыя словы падзякі кірую біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB адказнаму за арганізацыю сёлетняга фэсту у Будславе. Дзякуй за супольную малітву Апостальскаму адміністратару для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку.

Дзякую за дар супольнага прабывання прадстаўнікам традыцыйных на беларускіх землях канфесій: прадстаўніку Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі, протаіерэю Вячаславу Вабішчэвічу; муфтыю Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановічу; прадстаўніку галоўнага рабіна Аб’яднання прагрэсіўнага юдаізму Грыгорыю Абрамовічу.

Касцёл і Дзяржава — гэта сям’я сем’яў. Таму накіроўваю словы асаблівай падзякі прадстаўнікам дзяржаўнай улады: старшыні Беларускага фонда міру Місько Максіму Уладзіміравічу, старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксею Іванавічу Кушнарэнку, старшыні Мядзельскага райвыканкама Прановічу Аляксандру Васільевічу — за прыбыццё на фэст і за наведванне святыні і новапаўсталай музейнай выставы «Крокі веры». Словы падзякі кірую мясцовым уладам — старшыні Будслаўскага сельвыканкама Георгію Уладзіміравічу Шчаўліку, рэспубліканскім і мясцовым службам парадку, медыцынскай службе, службе ЖКГ, а таксама ўсім, хто, выконваючы свае штодзённым абавязкі перад грамадствам, паспрыяў бяспечнаму праслаўленню Бога.

Дзякую прадстаўнікам дыпламатычных пляцовак, акрэдытаваных пры Урадзе Рэспублікі Беларусь: прадстаўніку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі Грызлова Барыса Вячаслававіча, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Венгрыі Зіце Ілоне Бенчык, Часоваму паверанаму ў справах Італьянскай Рэспублікі Тамаза П’етра Маркеджані, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Швейцарыі Крысціне Хонэгер Залатухін, Часоваму паверанаму ў справах Федэратыўнай Рэспублікі Германія Катрын аус дэм Зiпэн.

Словы падзякі кірую ў адрас усіх пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў з розных куткоў Беларусі, і ў адрас кусташа Нацыянальнага санктуарыя ксяндза каноніка Аляксея Раманчука і будслаўскай парафіяльнай супольнасці, якую ён узначальвае, з падзякай за гасціннасць. Дзякую ксяндзу Дзмітрыю Дубовіку, былому кусташу санктуарыя, за шматгадовую працу і падтрымку пры падрыхтоўцы сёлетніх урачыстасцяў.

Дзякую за скіраваныя пісьмовыя віншаванні: Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, Патрыяршаму Экзарху Усяе Беларусі; старшыні Магілёўскага аблвыканкама Ісачэнку Анатолію Міхайлавічу, Старшыні Гродзенскага аблвыканкама Караеву Юрыю Хаджымуратавічу.

Асаблівая падзяка святарам, законным сёстрам, семінарыстам і свецкім валанцёрам, якія арганізавалі пешыя і роварныя пілігрымкі ў Будслаў і разам з вернікамі, акропленыя летнім дажджом, адчулі на пілігрымковым шляху зной дня і холад ночы.

Дзякую святарам за паслугу ў сакрамэнце пакаяння. Дзякую нашым скаўтам і скаўткам за тое, што вы заўсёды «напагатове».

Дзякую Белтэлерадыёкампаніі за трансляцыю галоўнай Імшы і працэсіі на тэлеканале «Беларусь 3», а таксама на дзяржаўных парталах. Кірую падзяку кіраўнікам нашых каталіцкіх сайтаў: дырэктару партала Catholic.by ксяндзу ліцэнзіяту Паўлу Эйсманту і ўсім супрацоўнікам, а таксама супрацоўнікам парафіяльнага сайта Budslau.by, асабліва ксяндзу магістру Мікалаю Гракаву. Дзякую фатографу Віктару Ведзеню за якасныя фотаздымкі, якія назаўсёды захаваюць гэты гістарычную падзею сёлетні Будслаўскі фэст.

Мае дарагія. Дзякую кожнаму, хто спрычыніўся да таго, каб сёлетні фэст адбыўся і каб ён прайшоў у спакойнай, духоўнай і ўзнёслай атмасферы: літургічнай службе алтара на чале з цырымоніймайстрам айцом Паўлам Федаровічам MIC за адказнасць падчас падрыхтоўкі літургіі і служэнні ва ўрачыстых цэлебрацыях, касцёльнай службе парадку, якой кіраваў ксёндз канонік Юрый Санько, парафіяльнаму хору мінскай архікатэдры разам з арганістам — дацэнтам Уладзімірам Васільевічам Неўдахам, а таксама іншым парафіяльным і пілігрымковым музычным калектывам, якія ўпрыгожвалі літургію спевам і музыкай, а таксама валанцёрам і іх памочнікам. Дзякуй вам за вашае служэнне.

Перажываючы Дзень Незалежнасці Беларусі, мы маліліся праз нашу Нябесную Заступніцу Маці Божую Будслаўскую — Каралеву Беларусі, — каб і надалей Яна захоўвала наш родны край у згодзе і спакоі.

Мае дарагія! Да сустрэчы ў Будславе! Маці Божая Будслаўская чакае кожнага з нас у кожны час.

З глыбокай падзякай ад шчырага сэрца кожнага з вас благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

Жадаю, каб мы ўсе спазналі адкупленчую сілу Крыві Хрыста, бо ў ёй «моц Божай любові, гарантыя надзеі, паратунак, паяднанне, шлях да новага жыцця».

Няхай праз чулую апеку Маці Божай Будслаўскай у нашай Беларускай Кане Галілейскай Езус прыме нашыя малітвы, возьме наш лёс у свае святыя рукі і дасць нам падказку, як нам аднавіць у Ім сваё жыццё ва ўсіх яго вымярэннях.

Кроў Хрыста, якая ў Эўхарыстыі поіць і ачышчае душы, выбаў нас.
Маці Божая Будслаўская, маліся за нас.
Святы Міхале Арханёле, маліся за нас.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 7 ліпеня 2026 года

Абноўлена 07.07.2026 22:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.