Нарадзіўся каля 1175 г. непадалёк ад Барселоны (Іспанія). З 1210 г. — выкладчык кананічнага права Балонскага універсітэта. У 1222 г. уступіў у незадоўга да гэтага створаны дамініканскі ордэн прапаведнікаў. Займаў высокія пасады ў сваім ордэне і ў Касцёле, быў дарадчыкам і спавядальнікам Папы Грыгорыя ІХ, па распараджэнні якога сабраў і сістэматызаваў кананічнае права. Вёў місіянерскую дзейнасць сярод маўраў; з мэтаю навяртання ў хрысціянства юдэяў і мусульманаў заснаваў школу габрэйскай мовы ў Мурцыі (на поўдні Іспаніі) і школу ўсходніх моваў у Тунісе.
У 1238 г. Раймунд быў выбраны трэцім генералам ордэна дамініканаў і перапрацаваў дамініканскую канстытуцыю. Ён напісаў шмат важных працаў, у асноўным у галіне права, а таксама натхніў св. Тамаша Аквінскага на напісанне Сумы супраць паганаў. Каталонскі дамініканін, які стаў адным з найвыдатнейшых навукоўцаў свайго часу, памёр у Барселоне ў паважным узросце 6 студзеня 1275 г. Святы Раймунд Пеньяфорцкі з’яўляецца апекуном юрыдычных факультэтаў і юрыстаў.