Пошук

27.11.2024 13:40   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

У панядзелак 25 лістапада ў Бараўлянах пад Мінскам адбылося першае працоўнае пасяджэнне Беларускай асацыяцыі касцёльнага права.

Урачыстая інаўгурацыя дзейнасці асацыяцыі прайшла ў красавіку бягучага года, калі таксама было абрана часовае кіраўніцтва.

Мэтай асацыяцыі з’яўляецца папулярызацыя і развіццё касцёльнага права ў Беларусі праз навуковую дзейнасць, стварэнне трывалай асновы для плённага супрацоўніцтва паміж дыяцэзіямі і манаскімі супольнасцямі дзеля павышэння кваліфікацыі, а таксама падтрымане каштоўнага абмену вопытам паміж спецыялістамі ў галіне касцёльнага права.

На сустрэчы прысутнічалі высокія госці: Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, намеснік Старшыні ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока.

На пачатку сустрэчы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы звярнуўся да прысутных з прывітальным словам і перадаў прывітанне ад былога нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё касцёльнага права ў Беларусі. Сярод прысутных былі таксама афіцыялы касцёльных судоў, кананісты і спецыялісты ў галіне кананічнага права.

З уступным словам да прысутных звярнуўся старшыня часовага кіраўніцтва асацыяцыі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ён прывітаў ганаровых гасцей і ўдзельнікаў сустрэчы, падкрэсліўшы гістарычнае значэнне гэтай падзеі. У сваім выступленні святар выкарыстаў сімволіку старажытнага моста Алькантара ў Іспаніі, які больш за тысячу гадоў захоўвае сваю трываласць. Галоўная асаблівасць моста ў Алькантары — гэта яго арка. Менавіта яна размяркоўвае нагрузку і перадае яе на апоры, што забяспечвае стабільнасць канструкцыі нават пры высокай нагрузцы.

Гэтак жа, паводле ксяндза Віктара, асацыяцыя можа стаць такім жа мостам, які будзе злучаць спецыялістаў касцёльнага права і раўнамерна размяркоўваць «нагрузку»: шматлікія задачы, выклікі і абавязкі ў галіне кананічнага права і такім чынам рабіць значны ўнёсак у развіццё каталіцкага Касцёла ў Беларусі, з’яўляючыся для яго надзейным падмуркам.

У першай палове сустрэчы былі прадстаўлены тры даклады. Біскуп Яшэўскі як непасрэдны ўдзельнік сесіі Сіноду Біскупаў у Рыме выступіў з паведамленнем на тэму «Сінадальнасць у Касцёле». У ім іерарх засяродзіўся на правільным разуменні і значэнні сінадальнасці ў паўсюдным Касцёле.

Біскуп Зноска прадставіў даклад на тэму «Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый у Беларусі».

Асаблівая ўвага ў дакладзе іерарха была нададзена працэсу перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый, а таксама складанасцям і магчымасцям, звязаным з гэтым працэсам.

Апошнім дакладчыкам стаў ксёндз канонік Аляксей Ляшко, афіцыял касцёльнага суда Віцебскай дыяцэзіі, які прадставіў даклад на тэму «Служэнне праўдзе ў працэсе сцвярджэння нядзейснасці сужэнства». У дакладзе разглядалася, як праз пошук праўды ў працэсах аб сцвярджэнні нядзейснасці сужэнстваў рэалізуецца справядлівасць у дзейнасці касцёльных судоў.

Другая частка пасяджэння распачалася правядзеннем выбараў кіраўніцтва асацыяцыі. У выніку старшынёй асацыяцыі быў абраны ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, намеснікам старшыні — ксёндз Аляксей Ляшко, сакратаром-скарбнікам — ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі. У раду ўвайшлі ксёндз канонік Кірыл Бардонаў і грэка-каталіцкі святар Яўген Усошын, а ў рэвізійную камісію — сястра Міраслава Капцюк OP, ксёндз Павел Мазан і ксёндз канонік Валерый Орсік.

Завяршыў другі этап сустрэчы момант свабоднай дыскусійнай пляцоўкі, на якой была дадзена магчымасць абмеркаваць важныя пытанні, што хвалююць правапрымяняльнікаў, прапанаваць новыя тэмы для даследавання або разгляду ў межах дзейнасці асацыяцыі, шукаць сумесныя рашэнні і ініцыятывы, якія могуць умацаваць супольнасць, альбо проста выказаць сваё меркаванне.

На заканчэнне мерапрыемства удзельнікі сабраліся ў парафіяльнай капліцы на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуўся да ўдзельнікаў са словамі натхнення, нагадаўшы пра заклік Папы Францішка любіць справядлівасць, праўду і міласэрнасць. Ён таксама адзначыў, што служэнне кананістаў павінна выходзіць за межы фармальнага выканання закону, становячыся сапраўдным душпастырствам.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пажадаў, каб дзейнасць асацыяцыі ўмацоўвала Каталіцкі Касцёл у Беларусі, абапіраючыся на міжнародны вопыт і вучэнне Касцёла.

Пасяджэнне стала важным крокам у развіцці касцёльнага права ў Беларусі і заклала трывалую аснову для далейшай працы асацыяцыі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.