Пошук

16.12.2022 14:26   Catholic.by

На прэзентацыі першага выдання Codex iuris canonici (Кодэкса кананічнага права) са зменамі, унесенымі ў апошні час Святым Пасадам, і з перакладам на беларускую мову, якая адбылася 15 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Юрый Касабуцкі зачытаў прывітальны адрас Старшыні ККББ біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.

Прывітальнае слова
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
біскупа Віцебскага Алега Буткевіча
на прэзентацыю Кодэкса кананічнага права з беларускім перакаладам

Ваша Эксцэленцыя, найдастойнейшы Арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь, Вашы Эксцэленцыі, прадстаўнікі навукі, духавенства, грамадскія дзеячы, паважаныя госці.

Неардынарнай і адметнай падзеяй для жыцця каталіцкага Касцёла ў Беларусі стаў пераклад Кодэкса кананічнага права на беларускую мову. Прававы дакумент, паводле нормаў якога стагоддзямі функцыянуе жыццё найбуйнейшай хрысціянскай канфесіі ў свеце, аднова якога адбылася падчас пантыфікату Святога Папы Яна Паўла ІІ у 1983 годзе, загучаў на беларускай мове. Напэўна гэта нагода для гонару, а перадусім для ўдзячнасці Богу і Яго Провіду, які дазволіў вернікам каталіцкай супольнасці адной з самастойных краінаў у цэнтры Еўропы нарэшце адчуваць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі паўсюднага Касцёла таксама і ў прававой галіне.

Можна лічыць гэта яшчэ адным крокам і знакам на шляху адраджэння Касцёла ў Беларусі пасля эпохі атэістычнага пераследу, вяртання да нармальнасці ў выкананні сваіх функцый і абавязкаў. Няхай Богу будзе за гэта наша шчырая ўздячнасць.

Таксама словы ўдзячнасці сёння нельга не скіраваць у бок тых асобаў, як духоных так і свецкіх, якія ахвяравалі для гэтай непростай працы свой высілак і намаганне, а фактычна частку сваёй душы і сэрца.

Асаблівыя словы ўдзячнасці кірую Яго Эксцэленцыі Арцыбіскупу Антэ Ёзічу, Апостальскаму Нунцыю ў Рэспубліцы Беларусь, з ініцыятывы якога мы сёння трымаем у руках гэтае выданне як падарунак каталіцкаму Касцёлу ў нашай Краіне на 30-годдзе з часу ўсталявання адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь.

Свой прафесіяналізм, веды і багаты выкладчыцкі досвед прыклалі да гэтай працы ксёндз канонік Дмітрый Пухальскі, спецыяліст у кананічным праве, канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ксёндз канонік Андрэй Зноска, юрыст і таксама спецыяліст у кананічным праве, кансультант Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па прававых пытаннях. Выдатнай і неабходнай дапамогай у дапрацоўцы кананічнай тэрміналогіі і яе ўзгадненні з існуючымі беларускімі тэкстамі літургічных і малітоўных выданняў аказалі супрацоўнікі Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, а таксама суддзі касцёльных трыбуналаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў працы па перакладзе Кодэкса.

Не магу не ўзгадаць і шматгадовых сяброў і ўдзельнікаў шматлікіх перакладаў літургічных тэкстаў на беларускую мову, філолагаў Алеся Жлутку і Анастасію Грышан, а таксама кандыдата філалагічных навук Алену Садоўскую, якая здзейсніла вялікую працу па прывядзенні тэксту перакладу ў адпаведнасць з акадэмічнымі патрабаваннямі сучаснай беларускай мовы.

Усім, хто здзейсніў пераклад, хто падтрымліваў гэты праект малітвай і ахвяраваннямі няхай добры Бог аддзячыць і благаславіць.

А плён гэтай працы няхай будзе не толькі прыдатным у жыцці каталіцкага Касцёла ў Беларусі, але і паслужыць узбагачэнню ведаў пра прававое ўпарадкаванне паўсюднага Касцёла як сярод вузкіх спецыялістаў у галіне права, так і шырокага кола людзей добрай волі, адкрытых для дыялогу і супрацоўніцтва з хрысціянствам лацінскага абраду.

Алег Буткевіч
біскуп Віцебскі
Старшыня ККББ

Абноўлена 16.12.2022 14:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця