Пошук

21.07.2025 11:11   Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by


20 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль у Гудагаі ў рамках фэсту ў гонар Маці Божай уначы адбылася традыцыйная працэсія з копіяй цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай, пасля якой цэлебравалася святая Імша.

Эўхарыстыю ўзначаліў Віцэ-старшыня ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ім маліліся айцы кармэліты босыя, святары, манаскія асобы, сярод якіх вылучалася супольнасць сясцёр кармэлітак ад Дзіцяткі Езуса, а таксама вернікі.

Падчас Імшы ішоў моцны лівень, ад шуму якога было цяжка разабраць словы, прамоўленыя галоўным цэлебрантам і іншымі ўдзельнікамі літургіі.

Гамілію іерарх распачаў словамі з Паслання апостала Паўла да Рымлянаў: «Ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве трывалыя» (Рым 12, 12). Ён заўважыў, што сённяшні свет патрабуе трываласці ў малітве і ў пошуку Бога — моцнага фундамента, на які абапіраецца духоўнае жыццё чалавека.

Пастыр выкарыстаў вобраз гор, прыгажосць і велічнасць якіх прыводзіць на думку ўсведамленне велічы Бога, які іх стварыў. Дзейнасць Езуса Хрыста: навучанне, чыненне цудаў, Перамяненне, малітва — адбывалася на гары. Нават Яго адкупленчая смерць таксама здзейснілася на гары Галгота. Аднак гара — гэта не толькі элемент рэльефу або месца на мапе. Гэтае слова таксама азначае высілак, які чалавек павінен прыкласці, каб трапіць туды.

Далей біскуп нагадаў пра навучанне вялікіх містыкаў кармэліцкага ордэна і доктараў Касцёла: святога Яна ад Крыжа і святой Тэрэзы ад Езуса, у творах якіх наўпрост выкарыстоўваецца вобраз гары Кармэль.

«Узыходжанне на гару — гэта нашае духоўнае жыццё,

— сцвердзіў іерарх. — Гэта ўзровень, на якім чалавек павінен пазбавіцца ад граху і прывязанасцяў да зямных рэчаў». Пастыр папярэдзіў слухачоў, што без духоўнага ўпарадкавання немагчыма выйсці на гэты вышэйшы ўзровень, бо перашкодай для чалавека будзе прывязанасць да таго, што толькі зямное.

У навядзенні парадку ў сэрцы вернікам дапамагае Маці Божая, якая дала чалавецтву ружанцовую малітву як дзейсную дапамогу. Біскуп звярнуў увагу на тое, што гэтая малітва ўратавала веру нашых продкаў, якія ў часы бязвер’я змаглі зберагчы і пераказаць дар веры наступным пакаленням. Таксама праз знак шкаплера, які распаўсюджваюць кармэліты, Марыя калісьці ўратавала ордэн ад знішчэння, а сёння ратуе сэрцы тых, хто прыняўшы гэты знак, увайшоў у сям’ю Яе шанавальнікаў.

Іерарх звярнуў увагу, што на шкаплеры змешчаны выявы Сэрцаў Езуса і Марыі. Калі вернік носіць гэты знак на сабе, ён быццам бы знаходзіцца паміж двума гэтымі Сэрцамі, якія абараняюць яго ад духоўнай небяспекі — граху. Чалавек у гэты момант, паводле слоў пастыра, адчувае сябе як дзіця, якое схапілася за рукі бацькоў. Важна, каб вернік не ўспрымаў шкаплера як нейкі амулет ці абярэг, але, памятаючы пра словы Хрыста: «Благаслаўлёныя тыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго» (пар. Ян 10, 3), з верай насіў яго на сабе. Толькі тады абяцанні Марыі, звязаныя з гэтым знакам, зрэалізуюцца ў яго жыцці, бо Яна сама захоўвала Божыя словы і выконвала іх.

Выкарыстоўваючы вобраз цёмнай ночы пачуццяў, якую праходзілі містыкі, біскуп Буткевіч падкрэсліў патрэбу праходжання праз яе ў жыцці кожнага веруючага.

Толькі адарванасць ад рэчаў гэтага свету можа прывесці да дасканалага з’яднання з Богам у вечнасці, што з’яўляецца мэтай хрысціянскага жыцця.

Напрыканцы гаміліі іерарх пажадаў прысутным, каб яны, «напоўненыя Божай ласкай», былі «знакам для іншых людзей», просячы Маці Божую аб сілах і вытрываласці на гэтым шляху, а таксама радасці з усведамлення блізкасці Бога.

Абноўлена 21.07.2025 23:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа