
12 ліпеня дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) наведаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, які быў прызначаны на гэтую пасаду ў сакавіку і нядаўна прыбыў у нашу краіну.
Разам з арцыбіскупам санктуарый наведаў сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Кшыштаф Сэрока.

Гасцей прывіталі перад уваходам у санктуарый біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і іншыя беларускія іерархі. У святыні нунцый памаліўся перад цудадзейным абразом Маці Божай, якая ўшаноўваецца ў Тракелях пад тытулам Каралевы нашых сем’яў.
Як падае партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, з 11 па 12 ліпеня ў Тракелях праходзілі дыяцэзіяльныя адпустовыя ўрачыстасці. Нунцый узяў удзел у галоўнай Імшы ў іх межах, на якой звярнуўся з гаміліяй да шматлікіх прысутных.
