21 лістапада ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылася чарговая, ужо трэцяя сустрэча ў межах праекту, скіраванага на ўзмацненне асабістых кампетэнцый кансэкраваных асоб.
Гэты праект з’яўляецца вынікам супольнай працы настаяцеляў і настаяцельніц на працягу апошніх трох гадоў, арыентаваны на актуальную сітуацыю манскіх асоб, і з’яўляецца своеасаблівым адказам на патрэбы і выклікі манаскага жыцця і служэння ў сучасным свеце.
Падчас трэцяй сустрэчы адбыліся два семінары. У якасці першага спікера да прысутных звярнулася сястра Вікторыя Чэкан, магістр педагогікі і псіхалогіі, медыцынскі псіхолаг, нейрапсіхолаг, спецыяліст у галіне падрыхтоўкі адказных за фармацыю да святарскага і манаскага жыцця.
Яна правяла чарговы семінар у межах модуля «Асабістая кампетэнцыя», прысвечаны асаблівасцям функцыянавання нервовай сістэмы, тыпам тэмпераментаў і стыляў асобы.
У працэсе абмеркавання ўдзельнікі пазнаёміліся з характэрнымі рысамі кожнага з профіляў асобы, іх адрозненнем ад розных расстройстваў, атрымалі рэкамендацыі адносна таго, як найбольш эфектыўна выбудоўваць узаемаадносіны ў супольнасці, улічваючы індывідуальныя асаблівасці кожнага яе члена. Удзельнікі таксама атрымалі хатняе заданне, якое павінна дазволіць эфектыўна ацаніць магчымую дынаміку і асобасныя рэсурсы кожнай з каманд.
Другая палова дня заняткаў пачалася з дзелавой гульні «Я — лідар», якую правёў спікер Уладзімір Глушакоў. Удзельнікі вызначылі лідара, праверылі яго ў вырашэнні актуальных задач кіравання камандай, разабралі памылкі ў кіраванні. Гумар, адкрытасць, шчырасць і павага дапамаглі ўдзельнікам засвоіць гэтую складаную тэму.
Потым удзельнікі выявілі ключавыя якасці лідара і пераканаліся ў справядлівасці старадаўняга выказвання, паводле якога ў галоўным неабходна адзінства, у другарадным — свабода, а ва ўсім — любоў.
Завяршыўся дзень супольнай Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой у капліцы святога Лукі ўзначаліў ксёндз Дзяніс Крываносаў.
Наступная сустрэча кансэкраваных асоб у межах папулярнага праекту адбудзецца 19 снежня.