Пошук

17.12.2024 11:11   Тэкст: Ганна Якімовіч (Caritas Беларусь) / Фота: Дзмітрый Мельнікаў (Caritas Мінск) / Catholic.by

12 снежня у дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча супрацоўнікаў Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь.

Сустрэча распачалася супольнай святой Імшой за ўсіх супрацоўнікаў, валанцёраў, ахвярадаўцаў і партнёраў Caritas. Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з ім Імшу цэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, а таксама ўсе прысутныя святары.

Пасля святой Імшы дырэктар Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, дырэктары дыяцэзіяльных Caritas ксёндз канонік Віктар Місевіч (Віцебская дыяцэзія), ксёндз Віталій Дабраловіч (Гродзенская дыяцэзія), брат Анатоль Ярошка OFMCap (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), ксёндз Чэслаў Ладыка (Пінская дыяцэзія) і дырэктар Caritas Міласэрнасць айцец Леанард Адушкевіч OSPPE (г. Гомель) пазнаёмілі прысутных з праведзенай за мінулы год дзейнасцю.

Кіраўнікі падраздзяленняў дабрачыннага каталіцкага таварыства падзяліліся планамі на наступны год, а таксама выказалі шчырую ўдзячнасць усім супрацоўнікам дыяцэзіяльных і парафіяльных Caritas, партнёрам, ахвярадаўцам і валанцёрам за плённую працу на працягу года.

Падчас благаслаўлення аплатак біскуп Касабуцкі звярнуўся да прысутных:

«Харытатыўная дзейнасць у гісторыі Касцёла заўсёды была неад’емнай часткай служэння іншаму чалавеку. Праца Caritas вельмі каштоўная. Мы сёння дзякуем усім вам, бо кожны праект, кожная добрая справа і ўчынак адпавядаюць місіі ўсяго Касцёла — несці дабро іншаму чалавеку.

Caritas — гэта сям’я. Жадаю, каб вы заставаліся згуртаванай камандай, якая працуе ў адным кірунку; каб кожны дыяцэзіяльны і парафіяльны Caritas, супрацоўнікі і валанцёры разумелі, што робяць адну справу; каб паміж вамі заўсёды была сапраўдная любоў, добразычлівасць, узаемаразуменне, імкненне да вырашэння любых праблем. Тады вы сведчыце пра Хрыста іншаму чалавеку, і тады тая справа, якую вы робіце, будзе падвойна благаслаўлёная», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі.

Напрыканцы сустрэчы адбылося традыцыйнае дзяленне аплаткай.

Усе ўдзельнікі мелі магчымасць выказаць найлепшыя пажаданні і павіншаваць адзін аднаго з надыходзячым святам Божага Нараджэння.

 

Абноўлена 17.12.2024 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.