Пошук

03.12.2024 17:16   Паводле: Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Фота: з архіву Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Catholic.by

30 лістапада, напярэдадні Сусветнага дня валанцёра, у дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылося мерапрыемства для ўдзельнікаў парафіяльных суполак дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Мэтай сустрэчы стала падвядзенне вынікаў працы, а таксама атрыманне натхнення на новыя ідэі ў новым літургічным годзе.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел амаль 60 валанцёраў Caritas з дзесяці парафій: Найсвяцейшага Імя Марыі (Мінск, катэдра), святога Францішка Асізскага ў Копішчы (Новая Баравая), святога Андрэя, апостала, і святога Леапольда Багдана Мандзіча (Мінск), Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Будслаў), трох парафій святога Казіміра (Лагойск, Маладзечна, Стоўбцы), Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Заслаўе), Божага Цела (Нясвіж), святога Антонія (Мар’іна Горка). Упершыню ў сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі парафій Беззаганнага Сэрца Марыі і Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Фаніпаль), а таксама Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Мінск, Сухарава), якія пазнаёміліся с працай валанцёраў, каб пазней развіваць дабрачынную дзейнасць у сваіх парафіяльных супольнасцях.

Сустрэча распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У прамоўленай гаміліі іерарх адзначыў, што Езус выбраў сабе на служэнне сабраных валанцёраў, як раней клікаў за сабой апосталаў, і падкрэсліў, што няма ніякай карысці мець веру без учынкаў.

«Людзі заўжды павінны паказваць прыклад хрысціянскай любові ўсім навокал і сведчыць пра любоў Хрыста», — сцвердзіў біскуп Касабуцкі.

Пасля супольнай малітвы сустрэча працягнулася ў канферэнц-зале. Намеснік дырэктара Сaritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Вольга Лабуць распавяла пра сацыяльную працу і праектную дзейнасць арганізацыі, што ажыццяўляецца ў падтрымку розных людзей і сацыяльных ўстаноў, якія знаходзяцца ў патрэбе.

Каардынатар валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Ірына Фаміна пазнаёміла ўдзельнікаў з гісторыяй стварэння Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, якое ўзнікла ў 1897 годзе ў Кёльне (Германія).

Валанцёры з розных парафій распавялі пра свой вопыт працы: як развіваюць дабрачынныя ініцыятывы, якія патрэбы і праблемы існуюць у іх мясцовасці, як супрацоўнічаюць з пастырскімі групамі і далучаюць вернікаў да дабрачыннай актыўнасці, як супрацоўнічаюць з грамадскімі арганізацыямі і мясцовымі ўладамі.

З вуснаў біскупа Касабуцкага кожны прысутны атрымаў падзяку за ўнёсак у сацыяльную дапамогу і здзяйсненне спраў дабрачыннасці. Іерарх адзначыў, што кожны, паводле магчымасцяў, аказвае падтрымку так, як на Крыжовым шляху Езусу дапамагаў Сымон Кірэнэец. Біскуп Юрый Касабуцкі пажадаў валанцёрам заўсёды мець сілу, энтузіязм, энергію, з радасцю несці дабро людзям, не звяртаючы ўвагі на тое, што скажуць іншыя.

Пасля абеду валанцёры падзяліліся сваімі сцэнічнымі талентамі і павіншавалі адзін аднаго прыгожымі спевамі, вершамі, абмяняліліся сувенірамі і пачастункамі.

Як згодна адзначаюць арганізатары і ўдзельнікі сустрэчы, такія мерапрыемствы абавязкова патрэбныя, бо яны дазваляюць шчыра і адкрыта дзяліцца вопытам, цяжкасцямі і радасцямі валанцёрскага служэння.

Наступная сустрэча валанцёраў парафіяльных суполак Caritas адбудзецца ў лютым.

Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашае ўсіх ахвотных, хто мае жаданне рабіць дабро і дапамагаць людзям, стаць валанцёрскім лідэрам Сaritas у сваёй парафіі.

Для гэтага напачатку неабходна запоўніць анкету ТУТ>>>

 

Абноўлена 03.12.2024 17:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа