Пошук

03.09.2023 00:15   Тэкст: Аляксандра Шпілеўская, Мікола Гракаў / Фота: Caritas Мінск / Catholic.by

2 верасня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 225-годдзю з часу заснавання гістарычнай Мінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.

Святкаванне ў галоўнай каталіцкай святыні сталіцы распачалося з сімпозіума, падчас якога прысутныя даведаліся пра гісторыю Мінскай дыяцэзіі, яе былых іерархаў, а таксама пра дзейнасць на яе тэрыторыі манаскіх супольнасцяў у розныя перыяды.

У сімпозіуме ўзялі ўдзел біскупы на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, духавенства, вернікі, а таксама прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы на чале з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, які ўпершыню наведаў галоўны касцёл Мінска, і лідары іншых традыцыйных у Беларусі рэлігій: супольнасці прагрэсіўнага юдаізму і мусульманскай супольнасці.

Прысутнічаў таксама намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя.

Пасля сімпозіума быў прадстаўлены новаствораны герб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Выява была распрацавана італьянскім геральдыстым Джузэпэ Куатрачокі. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB распавёў удзельнікам мерапрыемства, які сэнс нясе ў сабе кожны з элементаў новай геральдычнай выявы.

Пасля прэзентацыі герба з віншаваннямі да сабраных звярнуліся прысутныя рэлігійныя лідары. Мітрапаліт Веніямін у сваёй прамове прызнаўся, што яму было прыемна паслухаць, як складаўся лёс Касцёла ў Беларусі, адзначыўшы вялікае падабенства гістарычных шляхоў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі. «Нам вельмі важна асэнсаваць мінулыя дні. Да гэтага нас заклікае і Кніга кніг, Біблія.

Праз асэнсаванне мінулага нам трэба будаваць будучыню і правільна жыць сённяшні дзень», — сказаў Патрыяршы Экзарх, дадаўшы, што намаганні Царквы і Касцёла ў сучасны момант скіраваны да адной мэты: захаванне традыцыйных каштоўнасцяў і перадачу іх наступным пакаленням. Пра гэта, паводле кіраўніка Беларускай Праваслаўнай царквы, павінны казаць чатыры традыцыйныя рэлігіі, прадстаўнікі якіх былі прысутныя на святкаванні. «У гэтым, я думаю, добрая будучыня Беларусі. У гэтым і добрая будучыня ўсяго свету», — сказаў Мітрапаліт Веніямін, пажадаўшы плённай працы дзеля квітнення роднай Беларусі. 

Яшчэ адной навіной стала стварэнне інтэрнэт-старонкі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Плануецца, што ў перспектыве новы сайт будзе знаёміць чытачоў з навінамі мясцовага Касцёла. Ксёндз канонік Юрый Санько, галоўны рэдактар архідыяцэзіяльнага сайта, прадэманстраваў яго структуру і распавёў пра тое, як прадстаўлены каталіцкі свет ў беларускіх СМІ.

«Новая евангелізацыя — пошук мовы, якая, не скажаючы глыбокі сэнс таямніц нашай веры, была б зразумелай сучаснаму свету і падыходзіла б да розных сітуацый і культур.

Касцёл павінен распачаць дыялог з сучаснай культурай, каб ухіліць адлегласць, якая аддзяляе сённяшняга чалавека ад багацця Евангелля; даць яму адчуць блізкасць і жаданне салідарнасці зносін», — закрануў праблему евангелізацыі ва ўмовах лічбавых тэхналогій ксёндз Санько.

З нагоды юбілею поштай Беларусі быў выпушчаны паштовы блок, які складаецца з дзвюх марак: «Архікатэдральны касцёл імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мінску» з серыі «Архітэктура Беларусі. Каталіцкія храмы». Набыць маркі можна ў аддзяленнях Белпошты.

У межах святкавання адбылася цырымонія ўзнагароджання.

Першым ганаровай граматай быў узнагароджаны папярэднік сённяшняга арцыпастыра — арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Акрамя заслужанага іерарха, граматы ад імя арцыбіскупа Станеўскага атрымалі прадстаўнікі каталіцкіх СМІ, у тым ліку партал Catholiс.by у асобе яго дырэктара, ксяндза Аляксандра Уласа, супрацоўнікі дабрачынных арганізацый, удзельнікі малітоўных рухаў і евангелізацыйных супольнасцяў, навукоўцы і даследчыкі, стваральнікі музеяў і актыўныя парафіяне, а яшчэ шмат іншых людзей, якія рознымі дарамі служаць Касцёлу.

Інаўгурацыяй навучальнага года ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля завяршылася першая частка святкавання, кульмінацыяй якога стала ўрачыстая святая Імша.

Галоўнае, што ахвяроўвалі вернікі падчас гэтай Эўхарыстыі, была падзяка Богу. Перадусім яны дзякавалі за 225 гадоў існавання дыяцэзіі.

У гэтай інтэнцыі супольна маліліся арцыбіскуп Станеўскі, арцыбіскуп Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, найстарэйшы каталіцкі іерарх у нашай краіне біскуп Казімір Велікаселец, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама святары, браты і сёстры законныя, свецкія вернікі.

Напачатку арцыбіскуп Станеўскі, які ўзначаліў цэлебрацыю, нагадаў яе ўдзельнікам, што Богу належыць ўсё: сучаснасць, мінулае і будучыня.

«Сёння мы дзякуем пры гэтым алтары падчас святой Імшы за мінулае; за тых, хто вытрываў ў веры, сведкаў веры, за першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка і яго пакаленне. Мы глядзім з радасцю і надзеяй на вас, студэнты катэхетычнага каледжа святога Яна Хрысціцеля — гэта сучаснасць. Таксама мы глядзім у будучыню, цешымся і радуемся, што ёсць вашыя дзеці, вашыя нашчадкі, якіх вы ведзяце да святыні.

Богу належыць ўсё. Таму няхай сёння будзе Богу падзяка і праз Бога людзям, якія адчуваюць і разумеюць Касцёл як свой дом», — адзначыў арцыбіскуп.

Тэму падзякі Богу працягнуў у прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі. Ён падкрэсліў, што скіроўваць да Бога свае просьбы не з’яўляецца чымсьці дрэнным, але звярнуў увагу і на тое, наколькі часта вернікі дзякуюць за выслуханыя малітвы.

«Чалавек, адроджаны Духам Святым, не толькі просіць, але і праслаўляе Бога, дзякуе Яму, узвялічвае Яго за тое, кім Ён ёсць і што зрабіў», — падкрэсліў іерарх. Ён нагадаў, што ў дзень адыходу з зямнога жыцця, калі чалавеку давядзецца стаць перад Богам, будзе мець значэнне толькі адно: ці ведае ён Бога, ці мае еднасць з Ім.

«Бог чакае, каб мы праслаўлялі Яго, былі ўдзячныя і выяўлялі гэтую ўдзячнасць у штодзённым жыцці. Бо „хто прыносіць ахвяру падзякі, той Мяне шануе. І таму, хто беззаганны ў паводзінах, Я пакажу Божае збаўленне“», — працытаваў Святое Пісанне біскуп Аляксандр Яшэўскі.

На заканчэнне святой Імшы было зачытана прывітальнае слова Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, а таксама з віншаваннем да прысутных звярнуўся біскуп Буткевіч. Перад благаслаўленнем канцлер Мітрапалітальнай курыі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі абвясціў дэкрэты арцыбіскупа Юзафа Станеўскага аб прызначаэнні двух новых канонікаў Мінскага катэдральнага капітула, якімі сталі ксёндз Юрый Ясевіч і ксёндз Кірыл Бардонаў, а таксама аб устанаўленні герба Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Абноўлена 03.09.2023 10:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа