Пошук

02.09.2025 16:34   Тэкст і фота: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, удзельнікі з Мінска / Catholic.by

З 29 па 30 жніўня ў Гродне прайшла ХІІІ Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі — духоўна-культурная падзея, якая згуртавала разам юных вернікаў з розных парафій.

У гэтым годзе ў мерапрыемстве ўдзельнічала 10 каманд з Гродзенскай дыяцэзіі. Сярод удзельнікаў парафіяды адзначыліся дзеці і моладзь з архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, якія прадстаўлялі Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Іх да ўдзелу ў спаборніцтвах асабіста запрасіў дырэктар Парафіяды ксёндз Артур Малафей. Таму, як трапна заўважыў Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, парафіяда Гродзенскай дыяцэзіі дзякуючы ім фактычна стала агульнабеларускай.

Апошні раз у Беларусі парафіяда Гродзенскай дыяцэзіі адбылася ў 2022 годзе, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — у 2019 годзе, Віцебскай дыяцэзіі — у 2023 годзе.

Парафіяда — праект, заснаваны на трыядзе «Святыня» — «Тэатр» — «Стадыён».

Дэвіз сёлетняй парафіяды — «Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры...» (Рым 15, 13). Ён стаўся духоўным арыенцірам для ўсіх удзельнікаў, натхняючы іх на будаванне супольнасці, малітву, творчыя і спартыўныя дасягненні.

Першы дзень: «Святыня» і «Тэатр»

Мерапрыемства ўрачыста адкрылася ўнясеннем сцяга парафіяды. Дырэктар парафіяды ў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Артур Малафей прывітаў удзельнікаў, а таксама прысутных святароў, манаскіх асобаў, арганізатараў і валанцёраў.

Цырымоніі адкрыцця папярэднічала святая Імша ў парафіяльным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (мікрараён Паўднёвы), якую узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У гаміліі іерарх сказаў, што ўсе спаборніцтвы ў межах парафіяды адбываюцца «на славу Бога, Які дае нам жыццё, рух і надзею». Словы з Паслання апостала Паўла, якія ўтвараюць дэвіз парафіяды, «Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй» (Рым 15, 13), біскуп патлумачыў так: «Гэта благаслаўленне на ўсё, што мы тут робім. Апостал называе Бога Богам надзеі. Не надзеі “як-небудзь” і не пустога аптымізму, а надзеі, якая з’яўляецца дарам ласкі і нараджаецца з жывой веры. Калі верым — сэрца знаходзіць спакой, калі спадзяёмся — нараджаецца радасць, калі любім — будуем супольнасць. Сёння я прашу для кожнага і кожнай з вас менавіта гэтага: каб Бог надзеі напоўніў вас радасцю і спакоем».

Кажучы пра дэвіз «Пілігрымы надзеі», пад якім у Каталіцкім Касцёле праходзіць Юбілейны 2025 год, біскуп адзначыў: «Пілігрым — гэта чалавек у дарозе: ён ведае, куды ідзе і з Кім ідзе. Парафіяда — гэта таксама пілігрымка: ад ранішняй малітвы да вячэрняй падзякі; ад першага старту да фінішу; ад першай рэпетыцыі да сцэнічнага выхаду; ад выпадковага знаёмства — да сапраўднага сяброўства». «Езус – той, хто дае сэнс кожнаму нашаму кроку», падкрэсліў іерарх.

Біскуп Гуляй дадаў, што ўзнагарода на парафіядзе — «не толькі медалі і дыпломы; наша галоўная ўзнагарода — годнасць і чысціня сэрца».

Ён заахвоціў удзельнікаў памятаць пра наступныя прынцыпы, якія назваў «правіламі сапраўднага чэмпіёна душы»:

  • паважаць іншага: «супернік — гэта не вораг, а брат, які дапамагае табе стаць лепшым»;
  • быць сумленным: «ніякіх “кароткіх шляхоў” і падману — у спорце, у школе, у сетках інтэрнэту»;
  • дапамагаў — значыць перамог: «калі ты падняў таго, хто ўпаў, выказаў павагу, пахваліў выступленне — ты ўжо выйграў у Божых вачах».

Акрамя таго, па словах біскупа, для дзяцей і моладзі ёсць «тры ўрокі надзеі»:

  • «Першы Бог верыць у цябе. Можа, ты сумняешся ў сабе, але Бог — не. Ён даў табе таленты — вялікія ці маленькія — і кажа: “Не закапай іх”. Парафіяда — для таго, каб адкрыць іх і памножыць.
  • Другі ўрок надзея нараджаецца ў малітве. Без размовы з Богам лёгка апусціць рукі. Таму ранішняя малітва, святая Імша, адарацыя — не дадатак, а сэрца парафіяды.
  • Трэці ўрок надзея расце, калі дорыш сябе. Падзяліся сваім часам, усмешкай, парадай, бутэлькай вады і нават — калі трэба — сваім месцам. Надзея не эгаістычная; яна заўсёды будуе “мы”».

«Моц хрысціяніна — не толькі ў мышцах і ў тэхніцы, а ў сэрцы, якое жыве Божай ласкай, сказаў іерарх.

Таму заклікаю: любіце святую Імшу — гэта “цэнтр сустрэчы”, дзе Езус дае сябе цалкам; любіце сакрамэнт паяднання — гэта “перапынак” для душы, дзе Бог абнаўляе і лечыць. Чым часцей прымаеш святую Камунію, тым больш здольны любіць, служыць і… гуляць па-Божаму».

Біскуп дадаў, што парафіяда звязана з паняццем каманды, і падзякаваў усім, хто падрыхтаваў гэтае мерапрыемства, а асабліва бацькам удзельнікаў і катэхетам, сказаўшы ім: «Вы — першыя трэнеры надзеі».

Таксама пастыр Гродзенскай дыяцэзіі, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі адказвае за душпастырства моладзі, даў дзецям і моладзі парады «на добрае хрысціянскае жыццё»:

  • «адна добрая справа штодня “штодзённая трэніроўка”»;
  • «праграма-мінімум пятнаццаць хвілін у дзень для Бога: малітва, Евангелле, цішыня»;
  • «сумленная гульня заўсёды, нават калі ніхто не бачыць»;
  • «адзін талент — для супольнасці: калі спяваеш — далучайся да хору, калі ў цябе шмат энергіі і сілы — дапамажы ў касцёле, малюеш — упрыгож парафіяльную залу»;
  • «адказнасць у сацыяльных сетках: кожны пост — гэта альбо насенне дабра, альбо калючае пустазелле; сейце дабро».


«Не бойцеся мараў, якія патрабуюць намаганняў. Не бойцеся служыць там, дзе іншыя не хочуць. Не бойцеся быць “іншымі” — святымі. Святыя — не ідэальныя, яны сапраўдныя! Будзьце такімі!»

заклікаў біскуп удзельнікаў парафіяды.

У межах элемента «Святыня» прайшлі:

  • Біблійны конкурс, дзе ўдзельнікі паказалі веды па Святым Пісанні і выказалі здольнасць разважаць над Божым словам.
  • Конкурс рэлігійнай песні Sacro Song, які стаў сапраўдным святам духоўнай музыкі. Маладыя выканаўцы дзяліліся сваім талентам і верай праз спевы, напоўненыя малітвай і праслаўленнем Бога.

Элемент «Тэатр», які аб’яднаў творчыя ініцыятывы дзяцей і моладзі, натхнёныя хрысціянскімі каштоўнасцямі, складаўся з наступных спаборніцтваў:

  • У конкурсе малюнкаў удзельнікі перадавалі праз фарбы і лініі сваю веру, надзею і духоўныя перажыванні. Малюнкі адлюстроўвалі біблійныя сюжэты, малітоўныя моманты і сімвалы хрысціянства.
  • Конкурс «Музыка — маё жыццё» даў магчымасць маладым талентам паказаць, як музыка становіцца сродкам духоўнага росту. Удзельнікі выконвалі аўтарскія творы і песні, якія адлюстроўвалі іх асабісты шлях веры.

Другі дзень: элемент «Стадыён» — гармонія цела і духу, супольнасць і духоўнае ўзбагачэнне

На другі дзень Парафіяды ўдзельнікі з самай раніцы сабраліся на стадыёне ЦСК «Нёман», дзе праходзіў элемент «Стадыён». Гэты дзень, як заўважыў вікарый архікатэдральнай парафіі ксёндз Ян Кузюк, адказны за каманду з Мінска, быў прысвечаны «спорту, руху і каманднаму духу». «Нягледзячы на спякотнае надвор’е, удзельнікі імкнуліся да найлепшых вынікаў, каб здабыць узнагароды»,  заўважылі гледачы спаборніцтваў.

У праграме былі скачкі ў даўжыню, настольны тэніс, кіданне мяча, бег 60, 100, 400 і 800 метраў, шашкі, бадмінтон і футбол.

Гэты дзень стаў не толькі святам спорту, але і глыбокім сведчаннем таго, што фізічнае развіццё — важны складнік духоўнага сталення.

На заканчэнне Парафіяды ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе праходзіў першы дзень парафіяды, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які прыехаў, каб раздзяліць радасць сустрэчы з усімі ўдзельнікамі і падтрымаць дзяцей і моладзь сваёй архідыяцэзіі.

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што «важна праяўляць таленты, якія дае нам Бог, і разважаць над імі»«Сёння Бог выбраў для нас месца і час, калі мы маем магчымасць паказаць гэтыя таленты», сказаў іерарх, маючы на ўвазе парафіяду. Ён назваў важным тое, каб «перамагчы сябе ў сабе», а таксама «дазволіць Богу дакрануцца да сэрца кожнага з нас».

Маладым вернікам, удзельнікам парафіяды, арцыбіскуп пажадаў мець здольнасць прыняць як перамогу, так і паражэнне. «Важна, што тут усе мы розныя і адметныя, але з Хрыстом мы адно Божая сям’я, дадаў іерарх. І парафіяда добры доказ таго, што мы адно».

«Усе вы — пераможцы, бо мы ідзём за Пераможцам — Хрыстом»,

сказаў арцыбіскуп удзельнікам парафіяды ў канцы літургіі.

Пасля Эўхарыстыі былі абвешчаны вынікі парафіяды. Арцыбіскуп Станеўскі ўручыў узнагароды і медалі пераможцам спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў. Спонсары падрыхтавалі для дзяцей і моладзі тры вялікія торты. Дырэктар Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Артур Малафей падзякаваў арганізатарам мерапрыемства, валанцёрам, спонсарам і ўсім удзельнікам.

Парафіяда — гэта не толькі спаборніцтвы, але і магчымасць для дзяцей і моладзі паглыбіць сваю веру, пазнаёміцца з аднагодкамі, адчуць сябе часткай вялікай хрысціянскай сям’і. Малітвы, святая Імша, супольныя гульні і творчыя майстэрні, паводле сведчання яе ўдзельнікаў, зрабілі гэтыя два дні незабыўнымі.

Абноўлена 03.09.2025 22:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.