17 чэрвеня пачалася XIV Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
Форум адкрыўся ў гродзенскай парафіі святога Піо Імшой, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Парафіяда — праект, заснаваны на старажытнагрэчаскай трыядзе «святыня — тэатр — стадыён». Мерапрыемства па традыцыі праводзіцца для дзяцей і моладзі ў летні час. Элемент «святыня» ўключае біблійны конкурс, конкурс рэлігійнай песні «Sacro song», конкурс ведаў «Жыццё і гісторыя Касцёла»; элемент «тэатр» — конкурс малюнка і конкурс «Музыка — маё жыццё»; элемент «cтадыён» — бег на розныя адлегласці, скачкі, кіданне мяча, бадмінтон, тэніс, шашкі, валейбол, футбол.
Дэвіз сёлетняй парафіяды — «Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца». Агульная колькасць удзельнікаў парафіяды склала 185 чалавек, злучаных у 19 каманд.
Памочнікамі адказнага за спорт у Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза Артура Малафея сталі на парафіядзе 15 валанцёраў.
Біскуп Гуляй у гаміліі сказаў, што ўдзельнікі парафіяды сабраліся «як адна вялікая сям’я Касцёла на Гродзеншчыне», назваў дэвіз парафіяды «прыгожым і вельмі глыбокім». Таксама ён назваў сімвалічным, што форум пачаўся ў парафіі святога Піо, якая будуе свой касцёл: «Немагчыма ўзвесці моцны храм без трывалага фундаменту. Але сёння Пан Бог хоча нагадаць нам, што ёсць яшчэ больш важнае будаўніцтва — будаўніцтва чалавечага сэрца. Кожны з вас — дзіця, падлетак, малады чалавек — таксама будуе свой унутраны храм». «Таму наша парафіяда пачынаецца са святой Імшы, бо без Бога нават самыя прыгожыя чалавечыя планы могуць аказацца нетрывалымі. Сёння мы таксама асвячаем абраз Маці Божай Вастрабрамскай — Апякункі нашай Гродзенскай дыяцэзіі, — адзначыў іерарх. — Гэта знак таго, што ўсю нашу парафіяду, усе спаборніцтвы, сустрэчы, размовы, перамогі і цяжкасці мы хочам даручыць Той, якую ўжо шмат стагоддзяў называем Маці Міласэрнасці».
Біскуп адзначыў, што на парафіядзе «будуць пераможцы і тыя, хто не зойме прызавых месцаў, але ў Божых вачах сапраўдным пераможцам з’яўляецца не той, хто атрымаў залаты медаль, а той, хто застаўся добрым чалавекам».
«Ужо сёння вы павінны памятаць, што самае галоўнае пытанне жыцця — не "кім я буду?", а "якім чалавекам я буду?"
— сказаў іерарх, звяртаючыся да дзяцей і моладзі. — Бо можна быць вельмі багатым і несумленным. Можна быць вельмі вядомым і няшчасным. Можна быць вельмі адукаваным і далёкім ад Бога. А можна быць простым чалавекам і сапраўдным святым. Менавіта святымі хоча бачыць вас Хрыстус». «Таму сёння я хачу даручыць Маці Божай Вастрабрамскай усіх дзяцей і моладзь нашай дыяцэзіі», — дадаў біскуп.
У першы дзень парафіяды на тэрыторыі гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля прайшлі конкурсы музыкі, малюнка, ведання Бібліі і конкурс «Жыццё і гісторыя Касцёла».


























Другі дзень удзельнікі правялі на гарадскім цэнтральным стадыёне «Нёман» у спартыўных спаборніцтвах, маючы магчымасць паказаць свае ўменні ў розных відах спорту.
Форум завяршыўся Імшой у часовай капліцы парафіі святога Піо, пробашчам якой з’яўляецца арганізатар парафіяды ксёндз Артур Малафей, адказны за спорт у Гродзенскай дыяцэзіі.
Літургія была для ўдзельнікаў парафіяды магчымасцю падзякаваць Богу за гэты форум, за новыя знаёмствы, якія, верагодна, у кагосьці з іх з’явіліся ў гэтыя дні, даручыць сваё жыццё Маці Божай (у адпаведнасці з дэвізам парафіяды «Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца»), у малітве папрасіць аб падтрымцы ў імкненні да святасці і аб далейшым развіцці талентаў і ўменняў, дадзеных Панам.

Пасля Імшы былі падведзены вынікі парафіяды і адбылося ўзнагароджванне пераможцаў. Па выніках у розных дысцыплінах творчага, спартыўнага і інтэлектуальнага характару ўдзельнікі атрымалі медалі і прызы.
Пераможцамі сталі ў намінацыях «тэатр» і «стадыён» парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, у намінацыі «святыня» — парафія Маці Божай Тройцы Цудоўнай у Мастах.
Kсёндз Артур Малафей падзякаваў усім удзельнікам, валанцёрам і спонсарам парафіяды, выказаў спадзяванне, што яна стала для ўдзельнікаў добрай магчымасцю адчуць сябе часткай вялікай хрысціянскай сям’і.
Па словах удзельнікаў, супольныя гульні, спаборніцтвы, творчыя майстэрні, малітвы, Імша зрабілі гэтыя два дні незабыўнымі, парафіяда стала святам веры, надзеі і творчасці, на якім яны змаглі адчуць вялікую сардэчнасць і цеплыню.





























































































