Пошук

02.09.2023 12:39   Catholic.by

2 верасня, падчас урачыстасці з нагоды 225-годдзя з часу ўтварэння гістарычнай Мінскай дыяцэзіі, якая праходзіць у Мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, быў прадстаўлены герб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Герб быў распрацаваны італьянскім геральдыстам Джузэпэ Куатрачокі, зацверджаны Святарскай радай архідыяцэзіі і ўстаноўлены адмысловым дэкрэтам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Прэзентацыю герба правёў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Напачатку іерарх зазначыў, што паводле традыцыі Касцёла, не толькі біскупы маюць права на ўласны герб, а таксама і дыяцэзіі.

«Сімволіка герба нашай архідыяцэзіі заснавана на матывах, традыцыйных для сакральнага мастацтва каталіцкай Еуропы, і адлюстроувае гісторыю архідыяцэзіі», — падкрэсліў іерарх, пасля чаго перайшоў да апісання геральдычнай выявы.

Шчыт «фігурнай» формы падзелены на тры часткі. Кожнай дыяцэзіяй, зазвычай, кіруе біскуп, таму выкарыстаныя атрыбуты афармлення герба — мітра, пастарал і крыж — з’яўляюцца больш-менш агульнапрынятымі для рыма-каталіцкіх дыяцэзіальных гербаў. Герб вянчае пазалочаная мітра, аздобленая крыжамі ў выглядзе лілеі і з чырвонымі геаметрычнымі матывамі.

Варта адзначыць, што арнамент мітры у гербе архідыяцэзіі, быў узяты з мітры, якую выкарыстоўваў першы Мітрапаліт Мінска-Магілёускі кардынал Казімір Свёнтэк.

«Такім чынам мы падкрэсліваем удзячную памяць пра першага кіруючага арцыбіскупа нашай архідыяцэзіі і першага беларускага кардынала, Сведку веры», — адзначыў біскуп Яшэўскі.

Шчыт герба спалучаны з падвойным трохлопасцевым залатым крыжам, які нагадвае пра статус архідыяцэзіі, і пастырскага жазла (пастарала), якое заканчваецца ружай. Абодва элементы размешчаны ў перакрыжаванні.

Палій, прымацаваны да шчыта, з’яуляецца знакам юрысдыкцыі Мітрапаліта і знакам камуніі (еднасці) з Рымскім Пантыфікам. Палій у гербе прадстаўлены як акруглая белая ваўняная стужка з дзвюмя падвескамі спераду (нябачная) і ззаду, якая заканчваецца двума чорнымі язычкамі і ўпрыгожаная крыжамі чорнага колеру.

Першы сімвал на шчыце герба — змешчаная ў сінім полі манаграма Марыі, увянчаная каронай з васьмю шасціканцовымі залатымі зоркамі, пяць з якіх бачныя. Гэты сімвал прысвечаны галоўнай Апякунцы Мінска-Магілёускай архідыяцэзіі Маці Божай Будслаускай, каранаванай 25 гадоў таму.

Другі сімвал на шчыце герба ў чырвоным полі дзве скрыжаваныя пальмавыя галінкі: адна — залатая, а даругая — срэбраная. Гэты сімвал нагадвае пра мучанікаў (залатая пальма) і веравызнаўцаў (срэбраная пальма), на крыві і веравызнанні якіх пабудавана архідыяцэзія.

«Гэта сімвал і знак абавязку ўсіх членаў нашага лакальнага Касцёла захаваць перададзеную веру і самім перадаць яе наступным пакаленням», — падкрэсліў іерарх.

Трэці сімвал на шчыце герба ў полі залатога колеру — чырвоныя шалі. Гэта сімвал святога Міхала Арханёла, які з’яўляецца галоўным апекуном Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі.

Пад шчытом змешчана стужка з чырвоным сподам, якая натуральна развіваецца, з надпісам назвы архідыяцэзіі на беларускай і лацінскай мове, выкананая чорнымі рымскімі загалоўнымі літарамі.

Абноўлена 02.09.2023 18:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця