Пошук

22.09.2025 19:15   Catholic.by
Фота ілюстрацыйнае

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Распараджэнне адносна малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Найдаражэйшай Крыві Хрыста Мінска-Магілёўскай мітраполіі і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама заахвочвае далучыцца да супольнай малітвы ўсіх ахвотных.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
РАСПАРАДЖЭННЕ

Паважаныя біскупы, святары, шаноўныя кансэкраваныя асобы,
любыя вернікі Мінска-Магілёўскай мітраполіі!

Па ініцыятыве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з 4 кастрычніка 2025 года да 6 чэрвеня 2026 года ў Нацыянальным санктуарыі Марыі ў Будславе будзе праводзіцца Агульнабеларуская навэнна — малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (тэкст Паслання Мітрапаліта ТУТ>>>).

Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства, прысвечанага Найдаражэйшай Крыві Хрыста, будзе кожная першая субота месяца (гл. Праграму навэнны) на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі (гл. План наведвання) да ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая адбудзецца 4 ліпеня 2026 года.

Дарагія браты і сёстры! Шчыра запрашаю ўсіх да ўдзелу ў гэтай малітоўна-духоўнай падзеі. Праз набажэнства да Найдаражэйшай Крыві будзем дзякаваць Богу за Яго літасць да свету і да нашай Айчыны, да ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, за плён аднаўлення структураў Касцёла ў Беларусі, а таксама будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека, лёс нашай краіны.

Заахвочваю манаскія, рэлігійныя супольнасці і рухі, любую моладзь і ўсіх вернікаў далучыцца да Агульнабеларускай навэнны, якая паспрыяе не толькі паглыбленню веры, распаўсюджанню адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, іншых традыцыйных набажэнстваў (Святой гадзіны, набажэнстваў у першы чацвер месяца, набажэнстваў уміласціўлення Найсвяцейшага Сэрца Езуса і перапрашэння за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі (тэкст разважанняў таямніц Фацімскага ружанца ТУТ>>>), але і дапаможа ўсвядоміць тую вялікую ласку, якою з’яўляецца Эўхарыстыя і святая Камунія — Цела і Кроў Хрыста — нашая моц і гарантыя нашай шчаслівай вечнасці. Дзеля нас Хрыстус праліў сваю Кроў, дзеля нас застаўся назаўсёды ў табэрнакулюме, ці ж адплацім Яму няўдзячнасцю і абыякавасцю, лянуючыся ўкленчыць і пабыць з нашым Збаўцам, адаруючы Яго? Таму вельмі важна, каб Навэнна праводзілася не толькі ў Будслаўскім санктуарыі, але таксама ў кожнай парафіі, каб разважанні пра Эўхарыстыю, Ружанцовыя разважанні паспрыялі нашаму аднаўленню ў Хрысце, а значыць усіх нашых супольнасцяў. Заахвочваю таксама Радыё Марыя трансляваць набажэнствы Навэнны, каб як мага больш вернікаў, асабліва тых, якія пакутуюць ад той ці іншай хваробы, магло далучыцца да малітваў і ахвяраваць свае цярпенні ў інтэнцыях Навэнны.

4 ліпеня 2026 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай падчас урачыстасці, здзейснім прысвячэнне Мінска-Магілёўскай Мітраполіі, усяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста. Гэтае прысвячэнне стане ўдзячнасцю за 35 гадоў аднаўлення нашага партыкулярнага Касцёла, перапрашэннем і прысвячэннем Пану Богу будучыні Касцёла і свету. Пастараемся ж, шчыра ўдзельнічаючы ў набажэнствах да Найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста, вымаліць, каб «Кроў Хрыста пранікала ў кожнага чалавека і ў яго справы, прыносячы ўсім нам, паводле волі Божай, вызваленне, ачышчэнне, аздараўленне і асвячэнне. Няхай заяснее хвала Тваёй Крыві, Пане наш і Збаўца, і аб’явіцца яе моц. Прымаем усё, што Ты, Пане, нам сёння спашлеш, дзеля хвалы Тваёй Крыві, дзеля карысці святога Касцёла і як уміласціўленне за нашы грахі, складаючы ўсё гэта ў келіху Тваёй Крыві праз заступніцтва Марыі».

Тэксты набажэнстваў на паасобныя першыя суботы, падрыхтаваныя выдавецтвам «Про Хрысто», будуць змяшчацца ў часопісе «Ave Maria», а таксама на інтэрнэт-старонках: сatholic.by, catholicminsk.by, avemaria.by.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 20 верасня 2025 г.

Абноўлена 29.10.2025 18:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця