Пошук

02.09.2023 13:43   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся з віншавальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці з нагоды 225-годдзя з часу заснавання Мінскай дыяцэзіі, якая адбывалася 2 верасня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

«Хваліце Пана, бо Ён добры, бо навекі міласэрнасць Ягоная».
Пс 106 (105), 1

Ваша Эксцэленцыя, паважаны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB,

а таксама арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч,

паважаныя святары,

браты і сёстры манаскіх супольнасцяў,

дарагія вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ад сябе асабіста шчыра віншую вас і ўсю сённяшнюю Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію з прыгожым Юбілеем 225-годдзя ад заснавання Мінскай дыяцэзіі!

9 жніўня 1798 года, падчас пантыфікату Папы Пія VI, была заснавана Мінская дыяцэзія, якая ахоплівала тэрыторыю Мінскай губерні і межавала з Луцкай і Жытомірскай дыяцэзіямі, а таксама з Віленскай і Магілёўскай архідыяцэзіямі. У яе структуру ўвайшло 10 дэканатаў, 95 парафій, 61 філіяльны касцёл, 120 капліц, 36 мужчынскіх і 5 жаночых кляштараў. Разам з дыяцэзіяй былі заснаваны семінарыя і катэдральны капітул. Утвораная Мінская дыяцэзія ўвайшла ў Магілёўскую касцёльную правінцыю.

Першым Мінскім біскупам быў прызначаны ксёндз Якуб Ігнацый Дэдэрка, чалавек старанны ў выканані сваіх абавязкаў, які вылучаўся таксама ўзорным жыццём. А катэдральным касцёлам быў прызначаны былы езуіцкі касцёл, які быў адрамантаваны дзякуючы намаганням першага Мінскага біскупа і ў якім мы маем гонар сёння ўзносіць падзяку Пану Богу.

Лёс Касцёла вельмі падобны да лёсу чалавека. Па-рознаму складаўся і лёс Мінскай дыяцэзіі: яна мела час свайго росквіту, мела, на жаль, і час пераследу. Але сапраўдная Божая справа не можа быць знішчана. Той, хто даверыўся Богу, ніколі не будзе асаромлены.

У Першым Пасланні да Карынцянаў, святы Павел, Апостал народаў, напісаў да заснаванай ім супольнасці: «Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста. Ён таксама ўмацуе вас да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста. Верны ёсць Бог, які паклікаў вас да еднасці з Ягоным Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым» (1 Кар 1, 6–9).

Бог верны! Мы глыбока верым у гэта і таму вельмі шчаслівыя, што, гледзячы на вялікую гісторыю Мінскай дыяцэзіі, можам з усёй перакананасцю і адначасова з удзячнасцю Богу сказаць за Апосталам Паўлам: «Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, што вы не маеце нястачы ні ў якім дары». Шчыра віншую і сардэчна жадаю быць вернымі Хрыстоваму Касцёлу, адданымі яго справе і годнымі нашчадкамі тых, хто ішоў перад вамі гэтым шляхам. Скіроўваю свае віншаванні ўсім прысутным на сённяшняй юбілейнай цэлебрацыі і ўсёй сённяшняй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, яе іерархам: арцыбіскупу Мітрапаліту Юзафу, арцыбіскупу на пенсіі Тадэвушу, біскупам Аляксандру і Юрыю, усяму яе прэзбітэрыю, кансэкраваным асобам, а таксама свецкім вернікам. Няхай непахіснай будзе ваша надзея на «аб’яўленне Пана Езуса Хрыста», бо Ён, наш Пан і Настаўнік здольны «ўмацаваць вас да канца, каб вы былі бязвіннымі».

Трывайце ў гэтай веры, надзеі і любові, дарагія браты і сёстры, дочкі і сыны святога Касцёла Міншчыны.

А ў гэтым трыванні няхай заўсёды спадарожнічае вам заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, святога Арханёла Міхала і Слугі Божага біскупа Мінскага Зыгмунта Лазінскага.

З малітвай,

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 2 верасня 2023 года

Абноўлена 02.09.2023 14:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.