Пошук

02.09.2023 14:00   Catholic.by

Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч скіраваў Прывітальнае слова ўдзельнікам урачыстасці з нагоды 225-годдзя з часу заснавання Мінскай дыяцэзіі, якая адбывалася 2 верасня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

Ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,

Ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі,

Ваша Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі,

высокадастойныя біскупы,

шаноўныя святары, манахі і манахіні,

вялебныя прадстаўнікі традыцыйных рэлігій у Беларусі,

паважаныя прадстаўнікі дзяржаўных і гарадскіх уладаў,

дарагія браты і сёстры!

Сёння мы ўрачыста і годна адзначаем 225-годдзе заснавання Мінскай дыяцэзіі. Для Касцёла ў Беларусі, як і для кожнага верніка, гэта не проста дата ў календары. Гэта больш чым два стагоддзі шляху, поўнага здабыткаў, перамог, але і цярпення, мучаніцтва, шлях сведчання вернасці і адданасці Богу і Касцёлу.

Тут, на гэтай зямлі, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі доўгія дзесяцігоддзі, часам коштам уласнага жыцця, будавалі Касцёл як Валадарства Божае на зямлі, сведчылі пра сваю веру, выхоўвалі новыя пакаленні, цярпелі пераслед, але заставаліся вернымі Хрысту.

Сёння мы можам ганарыцца добрым плёнам руплівасці Яго шматлікіх дачок і сыноў, бо мы маем жывую супольнасць Касцёла, якая хоча развівацца, узрастаць; хоча быць жывым і годным даверу сведчаннем сваёй непасхіснай веры.

Гісторыя дыяцэзіі, якую мы сёння чуем падчас гэтага Сімпозіума, прадстаўляе нам выбітных асобаў, перш за ўсё біскупаў, якія спрычыніліся да развіцця і ўмацавання Мінскай дыяцэзіі і усяго Касцёла ў Беларусі. Яны не проста гістарычныя персанажы: гэта жывыя людзі, якія перажывалі свае цяжкасці, змагаліся, былі змушаныя прымаць складаныя рашэнні, рабіць няпросты выбар. Многіх з іх мы ведаем, некаторыя тут, сярод нас, як жывыя сведкі гісторыі. Тое, што мы сёння тут сабраліся, гэта плён іх адданага жыцця.

І гэты Юбілей для нас усіх — гэта нагода для таго, каб выказаць шчырую ўдзячнасць нашым папярэднікам: біскупам, святарам, манахам і манахіням, свецкім вернікам, за руплівасць, ахвярнасць і вернасць Богу і Касцёлу, нягледзячы на ўсе выпрабаванні.

Гэта таксама і крыніца надзеі для ўсіх нас і ўсяго беларускага грамадства.

Таму сёння я хачу пажадаць вам усім  —  біскупам, духавенству, вернікам — быць носьбітамі міру і адзінства, збудаваных на Хрысце, сведкамі Любові Бога ў штодзённым жыцці ў сённяшнім свеце, які церпіць ад падзелаў і войнаў.

Няхай Маці ахінае ўсіх Вас сваім Матчыным Покрывам! Яднаюся з Вамі ў малітве і дасылаю Вам усім маё пастырскае благаслаўленне.

Антэ Ёзіч
Апостальскі Нунцый

Мінск, 2 верасня 2023 года

Абноўлена 02.09.2023 14:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.