Пошук

02.09.2023 19:21   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

2 верасня Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узяў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 225-годдзя з часу ўтварэння гістарычнай Мінскай каталіцкай дыяцэзіі, якія адбываліся ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы ўпершыню асабіста прыбыў у галоўную каталіцкую святыню Мінска.

Высокага дарагога госця сустракаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларуі біскуп Казімір Велікаселец, які пэўны час быў Апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі, а таксама Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Разам з прадстаўнікамі традыцыйных у Беларусі канфесій і рэлігій Патрыяршы Экзарх прысутнічаў на гістарычным сімпозіуме, на якім прагучалі даклады пра гісторыю Мінскай дыяцэзіі, пра іерархаў, якія неслі ў ёй пастырскае служэнне, а таксама пра манаскія супольнасці, што дзейнічалі на тэрыторыі сучаснай Мінскай-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасля прэзентацыі новаўстаноўленага герба Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Мітрапаліт Веніямін звярнуўся з кароткай прамовай, у якой павіншаваў каталіцкіх вернікаў з юбілеем важнай падзеі ў гісторыі Касцёла на Беларусі.

 

Абноўлена 02.09.2023 22:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.