
Напярэдадні Пальмовай нядзелі Мукі Пана, якая распачынае Вялікі тыдзень — час перажывання кульмінацыі падзей гісторыі збаўлення — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе да вернікаў сваё пастырскае слова.
Пастырскае слова
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на Пальмовую нядзелю Мукі Пана
«Убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася (…) сказалі:
“Праўдзіва, гэта быў Сын Божы”».
(Мц 27, 54).
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння ў Каталіцкім Касцёле мы адзначаем вялікую ўрачыстасць, якая больш вядомая пад назвай Пальмовай або Вербнай нядзелі. Літургія гэтай нядзелі распачынае Вялікі тыдзень. Пасля ўрачыстай працэсіі з прыгожа аздобленымі пальмамі і вербачкамі, мы заглыбляемся ў змест чытанняў са Святога Пісання і перажываем апошнія моманты жыцця Езуса — усю драму вялікай спрэчкі пра Бога, якую Езус вёў з кніжнікамі і фарысеямі з самага пачатку свайго служэння. Гэтая спрэчка актуальная і сёння, бо людзі пастаянна паддаюцца спакусе абмежаваць Бога нашымі чалавечымі катэгорыямі.
Дзякуй міласэрнаму Богу, што ў нас ёсць сёння магчымасць удзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня. Касцёл кожны год запрашае нас перажыць Вялікі тыдзень, разважаючы Ахвяру і мукі нашага Збаўцы, але такую магчымасць не заўсёды мелі нашыя бацькі і продкі... І таму з вялікай удзячнасцю трэба нам не забываць тых мужных людзей, якія нават коштам свайго жыцця адстаялі і захавалі веру. Менавіта дзякуючы ім мы маем сёння магчымасць стаяць у святынях у Вербную нядзелю і ўсклікаць «Гасанна», а ў Вялікі чацвер можам удзельнічаць у Вячэры і слухаць словы Езуса, скіраваныя да вучняў тады і нас сёння: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі» (Лк 22, 15). Мы ўдзячныя ім за тое, што ў касцёлах і капліцах у Вялікую пятніцу можам стаяць пад крыжам і адараваць яго, стараючыся зразумець неабсяжную любоў міласэрнага Бога, які згадзіўся на жахлівыя цярпенні дзеля адной мэты: дзеля нашага збаўлення.
Хто шануе Крыж, таго абароніць Езус.
А потым літургія правядзе нас да пустой магілы Велікоднай раніцы... І гэта не проста ўспамін пра тую лёсавую падзею для ўсяго чалавецтва і для кожнага чалавека. Праз літургію, сакрамэнтальна, гэтыя збаўчыя падзеі становяцца прысутнымі тут і цяпер. А мы, калі толькі пажадаем, будзем таксама духоўна прысутнічаць ва ўсіх тых месцах, дзе здзяйснялася таямніца збаўлення, будзем разам з церпячым Езусам, пачынаючы з працэсіі з пальмамі.
Заахвочваю вас, мае дарагія, слухаючы і разважаючы пра муку Хрыста, задумацца, што мы павінны зразумець, чаму мы можам навучыцца сёння ў Настаўніка з Назарэту, калі глядзім на Хрыста, які зносіць здзекі, катаванні, знявагі, з якога здзіраюць адзенне і якога забіваюць. Найперш, у Езуса нам трэба вучыцца ахвярнасці і цярплівасці. Напэўна, мы ўсе заўважылі з чытанняў Евангелля, што Хрыстус падчас цярпення і мукаў гаварыў мала. Усе астатнія гаварылі і прымалі рашэнні. Ён пакорна стаяў у ціхім спакоі, а калі і адклікаўся, то толькі дзеля таго, каб суцешыць кагосьці ці памаліцца.
Умілаваныя. Бог, прымаючы нашу грэшную натуру, удзельнічае ва ўсім, што характэрна чалавеку, акрамя граху. Ён пакутуе разам з намі і спачувае нам, і таму з'яўляецца крыніцай суцяшэння. Адкрыццё такога вобраза Бога — заданне ўсяго нашага жыцця.
Усім нам трэба вучыцца пераносіць пакуты ў Хрысце. Калі мы так будзем перажываць цярпенні, то гэта надасць чалавечай прыродзе боскае вымярэнне.
Выказванне святога Яна ад Крыжа «Нічога не ведае той, хто не ўмее цярпець у Хрысце» азначае, што сапраўдная духоўная мудрасць заключаецца ў еднасці з Богам праз тое, як мы зносім цярпенні ў духу веры і любові. Цярпенні ў Хрысце становяцца шляхам да ачышчэння, да глыбейшага пазнання Бога і плёнам дзеяння Духа Святога. Гэта заклік прыняць жыццёвыя цяжкасці як магчымасць стаць больш падобнымі да Хрыста, а не проста заставацца пасіўнымі ў сваіх цярпеннях і болю. Святы Ян ад Крыжа нагадвае нам, што цярпенне, паяднанае з Хрыстом, вядзе да ўнутранай свабоды і канчатковага паяднання з Богам. Калі мы пераносім цярпенне такім чынам, то Бог пасылае ласку, якая ўмацоўвае веру і тады адбываецца духоўнае сталенне праз крыж.
Але ў нашым жыцці здараюцца такія цярпенні, ад якіх, часам, хочацца крычаць. Папа Леў XIV у адной са сваіх катэхезаў зазначыў, што не трэба баяцца крычаць да Бога так, як Езус на крыжы, калі нам невыносна цяжка, калі гэты крык шчыры, пакорны і скіраваны да Айца. Хрыстус не канаў моўчкі, але, паміраючы, закрычаў гучным голасам. У гэтым крыку было сканцэнтравана ўсё: цярпенні, пакінутасць, вера, ахвяра — дар сябе. «Крыку Езуса, — сказаў Святы Айцец, — папярэднічае пытанне, адно з самых балючых, якое толькі можна вымавіць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мц 27, 46). Гэты першы верш 22-а псальма, вымаўлены Езусам, набывае асаблівае значэнне. Сын, які заўсёды жыў у самай сціслай еднасці з Айцом, цяпер перажывае маўчанне, адсутнасць, бездань. Тут маецца на ўвазе не крызіс веры. Тут паказаны апошні этап любові, якая аддае сябе дарэшты. Крык Езуса — гэта не крык адчаю, але шчырасці, праўды, даведзенай да мяжы магчымасці, крык даверу, які трывае нават тады, калі ўсё замаўкае. Леў XIV заахвочвае нас вучыцца ў канаючага Езуса.
«Давайце навучымся крычаць з надзеяй, калі надыдзе момант апошняга выпрабавання»,— раіць Папа. «Не для таго, каб прычыняць боль, але каб даверыцца. Не для таго, каб крычаць супраць кагосьці, але каб адкрыць сваё сэрца. Калі наш крык будзе шчыры, ён можа стаць парогам новага святла, новага нараджэння, так як у выпадку з Езусам: калі ўсё здавалася скончаным, на самой справе пачыналася збаўленне. Пакутлівы голас нашай чалавечнасці, злучаны з голасам Хрыста, можа стаць крыніцай надзеі для нас і для тых, хто знаходзіцца побач, калі гэты голас гучыць з даверам і свабодай дзяцей Божых» (Агульная аўдыенцыя, 10 верасня 2025 г.).
Мае дарагія. У сённяшнім успаміне ўваходу Езуса ў Ерузалем мы павінны знайсці яшчэ адно важнае пасланне. Гэта папярэджанне аб здрадзе. Як паказалі падзеі Вялікага тыдня, за лічаныя дні можна перайсці ад любові да нянавісці. Ад вернасці да здрады можа быць толькі адзін крок. Таму мы павінны сёння спытаць у саміх сябе, у якіх сферах нашага жыцця гэтае напружанне паміж вернасцю Богу і адмаўленнем ад Яго найбольш магчымае. На парозе Вялікага тыдня кожны з нас павінен адкрыць гэтае «найслабейшае звяно», якое злучае нас з Богам.
Сэнс у тым, каб заўсёды казаць Езусу «вітай, мой Валадар і Збаўца» сваім жыццём, а не крычаць «укрыжуй Яго!», абвінавачваючы Бога ва ўсіх сваіх памылках і няўдачах гэтага свету.
Святы Павел гаварыў: «Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі» (Рым 5, 8). Хрыстус пайшоў на Крыж і дазволіў, каб мы ўдарылі ў Яго Сэрца нашым грахом, нашай злосцю, гневам, здрадай усяго свету. І калі людзі ўдарылі ў Хрыста сваімі падступнымі грахамі, з Яго Сэрца выплыла Кроў і Вада — выплыла Міласэрнасць.
Браты і сёстры. Перад намі Вялікі тыдзень. Заахвочваю вас актыўна ўдзельнічаць у набажэнствах, якія прысвечаны цярпенням Хрыста, асабліва ў разважаннях Крыжовага шляху.
Крыжовы шлях — гэта нешта большае за набажэнства, штосьці большае за разважанні і малітвы. Крыжовы шлях — гэта накірунак жыцця хрысціяніна.
Езус сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною» (Лк 9, 23). Гэта спосаб на тое, як тлумачыў апостал Пётр, каб укладваць свае ступні ў сляды, якія пакінуў Хрыстус, і такім чынам ісці за Ім, наследуючы свайго Настаўніка.
Разважаючы пра пакуты Езуса Хрыста, давайце вучыцца ў Яго цярплівасці, пакоры, прабачэнню, давайце дзякаваць Яму за Яго ахвяру, бязмежную любоў і міласэрнасць, праз якія Ён нас збавіў.
Заахвочваю вас таксама практыкаваць «Святую гадзіну» — чуванне на працягу адной гадзіны не толькі ў Вялікі чацвер, але і ў першы чацвер месяца, якое прысвечана разважанню цярпенняў Езуса ў Аліўным Садзе.
Пра гэтую падзею мы даведваемся з Евангелля паводле Мацвея (26, 36-45). Езус тады папракнуў вучняў, што яны не маглі нават адну гадзіну чуваць з Ім, калі Ён адчуваў найглыбейшы боль і трывогу. Упершыню — паводле Евангелля — Ён просіць сваіх вучняў маліцца з Ім і кліча іх быць з Ім, але яны засынаюць. Словы Езуса былі адрасаваны не толькі апосталам Пятру, Яну і Якубу. Гэты дакор адрасаваны ўсім вернікам. Пастараемся ж праз пакутныя набажэнствы і праз чуванне на адарацыі і ў Вялікі чацвер прасіць лістасці для грэшнікаў, спакою і міласэрнасці для свету.
Праз некалькі хвілін сам Езус прыйдзе на алтар. Ён будзе сапраўды прысутнічаць у Эўхарыстыі — многія з нас прымуць Яго ў свае сэрцы. У цішыні нашай душы скажам Яму: «Езу, я з Табою. Езу, падчас Пасхальнага Трыдуума я выйду насустрач Табе. Езу, Пан мой і Збаўца, Ты можаш разлічваць на мяне, калі будзеш зносіць цярпенні». Памятайма таксама, што Ён адорыць нас бясконцымі ласкамі за нашу вернасць.
Давяраючы ўсіх вас, дарагія вернікі, апецы Маці Божай Балеснай, на плённае перажыванне Вялікага тыдня, узаемнае прабачэнне і пакаянне, ад усяго сэрца благаслаўляю: у Імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
25 сакавіка 2026 года
Урачыстасць Звеставання Пана






