Пошук

25.03.2024 12:06   Фота: з архіву парафіі ў Адэльску / Catholic.by

24 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў працэсію з пальмамі і вербамі вакол касцёла ў сваёй роднай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад).

Працэсіяй на чале з заслужаным іерархам распачалася святая Імша ў нядзелю Мукі Пана, калі Касцёл успамінае ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем для здзяйснення Пасхальнай таямніцы, якую перажывае на працягу Вялікага тыдня.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр засяродзіў увагу над кантрастам, уласцівым Пальмовай нядзелі: у гэты дзень з тых самых вуснаў гучыць і радаснае «Гасанна!», і злоснае «Укрыжуй!».

«Як такое магло стацца? Трагедыя, якая адбывалася на вуліцах і плошчах Ерузалема, сведчыць аб падступнасці чалавека, які, у залежнасці ад абставін, становіцца „духоўным хамелонам.“

Калі натоўп з радасцю і энтузіязмам сустракае Езуса, то ён робіць таксама, але калі выступае супраць, то далучаецца да тых, хто патрабуе пакарання», — зазначыў іерарх, нагадаўшы, што Ерузалем не быў прыхільным месцам для многіх старазапаветных прарокаў, якія прыняла там мучаніцкую смерць. Падобна, як заўважыў арцыбіскуп, адбылося і з Езусам: хоць Ён добра ведаў, што Ерузалем стаў «пунктам невяртання» для прарокаў, тым не менш быў поўны рашучасці пайсці туды, каб выканаць даручаную яму нябесным Айцом місію збаўлення чалавека.

«У кожнага з нас ёсць свая мара і жыццёвая мэта на гэтай зямлі на шляху да нябеснага Ерузалема. Аднак на ім ёсць шмат перашкод, выпрабаванняў, нязгод, пакут, ворагаў і ілжывых сяброў. Пад іх уплывам мы можам упасці на нашай жыццёвай дарозе. Жыццё паказвае, што няма нікога, хто мог бы сказаць, што дасягнуў мэты, ні разу не ўпаўшы. Езус тройчы ўпаў на камяністай дарозе на Галгофу, але ніколі не заставаўся на зямлі і заўсёды ўставаў. Упасці і зграшыць — гэта па-чалавечы, але застацца ляжаць на зямлі ў грахоўным стане — гэта па-д’ябальску.

Таму мы не павінны баяцца ўпасці, бо міласэрныя рукі Езуса гатовыя падняць нас, каб мы маглі працягваць наш жыццёвы шлях», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён нагадаў адно мудрае выказванне, якое вучыць, што, калі падаем, не трэба глядзець на тое месца, дзе ўпалі, але туды, дзе паслізнуліся. «У нашым выпадку — дзе і калі згадзіліся з грахоўнай спакусай, бо яе прыняцце і ёсць тым месцам, дзе, палізнуўшыся, чалавек падае. Трэба вучыцца на памылках, каб у будучыні іх не паўтараць», — патлумачыў іерарх.

Ён дадаў, што Езус не сышоў з вызначанай Яго нябесным Айцом дарогі і прапанаваў прысутным у святыні вернікам паразважаць пры гэтым над уласным жыццёвым шляхам і даць адказ на пытанне пра сваю хрысціянскую тоеснасць і вернасць.

«Кожны грэх і нявернасць нашаму хрысціянскаму пакліканню — гэта яшчэ адзін цвік у Найсвяцейшае Цела Езуса», — перасцярог вернікаў арцыпастыр. Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітоўным заклікам да Збаўцы: «Езу, дапамажы нам ісці той дарогай, якую нам вызначыў Бог, і ніколі не збочыць з яе, бо яна вядзе да духоўнага ўваскрашэння і ў нябесны Ерузалем».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.