Пошук

03.04.2024 12:08   Тэкст: Ганна Сярпінская / Фота: валанцёры Caritas-Нясвіж / Catholic.by

«Час міласэрнасці» — такую назву атрымаў праект парафіяльнай суполкі Дабрачыннага каталіцкага таварыста Caritas у парафіі Божага Цела ў Нясвіжы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Праект распачаўся падчас сёлетняга Вялікага посту.

Вядома, што ў гэты перыяд Касцёл рэкамендуе вернікам, акрамя непасрэдна посту, таксама малітву і ўчынкі міласэрнасці. Падрыхтаваўшыся такім чынам да галоўнага свята ўсіх хрысціянаў, якое католікі сёлета святкавалі ў апошні дзень сакавіка, нясвіжскія парафіяне ўпрыгожылі святыню пасхальнымі дэкарацыямі, якія дзякуючы сёстрам Яніне і Галіне атрымаліся неверагодна прыгожымі і напоўненымі глыбокім сэнсам.

Валанцёрамі парафіяльнай суполкі Caritas-Нясвіж быў арганізаваны збор неабходных рэчаў (адзенне, пасцельная бялізна, сродкі асабістай гігіены, кандытарскія вырабы, сокі) для пастаяльцаў аддзялення сястрынскага догляду ў Гарадзеі, для дзяцей-сіротаў з псіхафізічнымі асаблівасцямі ў Гарадзейскім доме інтэрнаце, для састарэлых людзей і інвалідаў аддзялення кругласутачнага знаходжання ў вёсцы Лявонавічы, для хворых псіханеўралагічнага дыспансера ў вёсцы Асмолава.

У Вялікую пятніцу і Вялікую суботу нясвіжскія парафіяне ахвотна карысталіся магчымасцю пакінуць у касцёле фарбаваныя яйкі і печыва, якія валанцёры разам са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Пятром Шарко і іншымі парафіянамі адвезлі ў сацыяльныя дамы і зладзілі сумеснае свята Уваскрасення Хрыста. Не пакінулі без увагі таксама самотных парафіянаў, якім перадалі велікодныя віншаванні і пачастункі.

Па адчуваннях удзельнікаў акцыі «Час міласэрнасці», усе — і тыя, хто яе рыхтаваў; і тыя, каму прыйшлі з дапамогай, — адчувалі сябе шчаслівымі. Адны — ад аказанай ім дапамогі; другія — ад усведамлення таго, што іх душа была асветлена Пасхай Хрыста Збаўцы; што любоў, узаемадапамога, надзея падтрымалі братоў і сясцёр на складаным жыццёвым шляху.

Арганізатары акцыі «Час міласэрнасці» выказваюць падзяку ўсім, хто прычыніўся да яе падрыхтоўкі і правядзення, а таксама жадаюць ім, каб уваскрослы Езус даваў сілы жыць на Божую хвалу і любіць бліжніх.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.