У бліжэйшыя дні ў кнігарнях па ўсім свеце з’явіцца новае выданне «Lex Ecclesiae Fundamentalis» («Асноўны закон Касцёла») — грунтоўны том аб’ёмам больш за 1 300 старонак, падрыхтаваны Дыкастэрыяй па заканадаўчых тэкстах і выдадзены ватыканскім выдавецтвам LEV.
У інтэрв'ю ватыканскім СМІ сакратар Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах, біскуп Хуан Ігнасіа Арыета адзначыў, што новае выданне «Асноўны закон Касцёла. Дакументы працэсу распрацоўкі (1959–1983)» пралівае святло на сённяшнюю заканадаўчую сістэму Касцёла і на тое, як ў яе было ўключана вучэнне Другога Ватыканскага Сабора. У выданні сабраныя матэрыялы пленарных пасяджэнняў юрыстаў, працоўных сесій кансультантаў, праекты і справаздачы кансультацый, у якіх удзельнічалі епіскапаты ўсяго свету, факультэты кананічнага права і шматлікія эксперты.
Іерарх распавёў, што праект «Lex Ecclesiae Fundamentalis» доўжыўся амаль дваццаць гадоў: з 1964 да 1981. Ён быў распачаты пры Паўле VI і працягнуты святым Янам Паўлам II. Адной з яго мэт была гарманізацыя двух Кодэксаў кананічнага права, лацінскага і ўсходняга, у святле вучэння Другога Ватыканскага Сабора. На этапах яго падрыхтоўкі была атрымана вялікая колькасць матэрыялаў: меркаванні, заўвагі, тэксты, якія і ўвайшлі ў новае выданне.
«У снежні 1981 года канчатковы дакумент «Lex Ecclesiae Fundamentalis» быў прадстаўлены Папу Яну Паўлу II. І хоць ён так і не быў абнародаваны як самастойны дакумент, значныя яго часткі ўвайшлі ў дзеючыя Кодэксы кананічнага права, у тым ліку ў нормы, якія тычацца асноўных правоў вернікаў, ролі і функцыі Папы і Калегіі біскупаў»,
— адзначыў біскуп Арыета.
Па словах сакратара Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах, новае выданне адкрывае зацікаўленым чытачам доступ да ўнікальнай, глыбока сінадальнай рэфлексіі, якая тычыцца ўсяго кананічнага заканадаўства. Менавіта падчас працы камісіі, якая займалася распрацоўкай Асноўнага закона, у значнай ступені саспелі інстытуты, на якіх цяпер заснаваныя як лацінскі, так і ўсходні Кодэксы кананічнага права, і быў знойдзены спосаб гарманізаваць сакрамэнтальную структуру Касцёла, створаную Другім Ватыканскім Саборам.






