Пошук

08.03.2024 09:49   Vatican News
Фота: Vatican Media

Пра неабходнасць цаніць унёсак жанчын у Касцёл і грамадства нагадаў Папа Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў міжнароднага міжуніверсітэцкага кангрэса «Жанчыны ў Касцёле: творцы чалавечнасці», які прайшоў у Ватыкане 7 сакавіка, напярэдадні Міжнароднага жаночага дня.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, мерапрыемства звярнула асаблівую ўвагу на сведчанне дзесяці жанчын. Папа пажадаў згадаць іх пайменна: Жазэфіна Бакіта, Магдалена ад Езуса, Элізабэт Эн Сэтан, Мэры Макілап, Лаўра Мантоя, Катэры Тэкаквіта, Тэрэза з Калькуты, Рафка П’етра Чабок Ар-Раэс, Марыя Бэльтрамэ Кватрокі і Дафроўз Мукансанга.

«Усе гэтыя жанчыны ў розны час і ў розных культурах, кожная па-свойму, з дапамогай дабрачынных ініцыятыў, адукацыі і малітвы даказалі, што „жаночы геній“ здольны ўнікальным чынам адлюстроўваць у нашым свеце Божую святасць. У тыя часы, калі жанчыны былі ў значнай ступені выключаны з грамадскага і касцёльнага жыцця, Святы Дух паклікаў гэтых святых, што прывяло да новага духоўнага дынамізму і важных рэформаў у Касцёле», — адзначыў Папа, нагадаўшы таксама пра ўсіх невядомых або забытых жанчын, якія сілай свайго сведчання падтрымлівалі свае сем’і і супольнасці. Касцёлу трэба памятаць пра гэта і шукаць прыдатныя шляхі для таго, каб веліч і роля жанчын усё больш шанаваліся народам Божым.

На думку Пантыфіка, назва канферэнцыі выразна раскрывае прыроду паклікання жанчын як творцаў жыцця, агульнага дабра і міру.

У наш час, апалены нянавісцю, гвалтам, войнамі і ідэалогіямі, як ніколі неабходны ўнёсак жанчын з іх пяшчотай і ўменнем аб’ядноўваць людзей.

Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса жадала быць любоўю ў Касцёле. Жанчыны з іх унікальнай здольнасцю да спагады, інтуіцыяй і схільнасцю да клопату, здольныя быць у грамадстве адначасова «розумам і сэрцам, якое любіць і аб’ядноўвае», прыносіць любоў туды, дзе яе нестае, нясе чалавечнасць туды, дзе людзі шукаюць сваю сапраўдную ідэнтычнасць.

Па словах Папы Францішка, сведчанні святасці, асабліва жаночай святасці, могуць заахвоціць студэнтаў каталіцкіх навучальных устаноў пашыраць гарызонты сваіх мараў і імкнуцца да дасягнення высокіх ідэалаў. Тэма святасці можа стаць міждысцыплінарнай адукацыйнай лініяй у межах больш шырокага падыходу да ведаў. Пастыр паўсюднага Касцёла выказаў надзею на тое, што навучальныя ўстановы будуць не толькі месцамі вучобы, даследаванняў і засваення ведаў, але і месцамі выхавання, якія дапамагаюць адкрыць розумы і сэрцы для памкненняў Святога Духа, закрануць кожнага чалавека ў яго цэласнасці і ўнікальнасці.

«У свеце, дзе жанчыны па-ранейшаму пакутуюць ад гвалту, няроўнасці, несправядлівасці і жорсткага абыходжання — і гэта абуральна, тым больш для тых, хто вызнае Бога, „які нарадзіўся ад жанчыны“ (Гал 4, 4), — існуе сур’ёзная форма дыскрымінацыі, якая звязана з адукацыяй жанчын. У пэўных кантэкстах яна выклікае страх, але шлях да паляпшэння грамадства заключаецца ў адукацыі дзяўчат і маладых жанчын, якая ідзе на карысць усяму чалавецтву. Памолімся аб гэтым і прысвецім сябе гэтаму!» — заахвоціў удзельнікаў канферэнцыі Папа Францішак.

Абноўлена 08.03.2024 09:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа