14 мая ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія), дзе нясуць служэнне сялезіяне, адзначылі свята святога Дамініка Савіо, выхаванца ксяндза Боско. Свята было спалучана з важнай падзеяй для парафіяльнай супольнасці.
Дамініка Савіо — святога юнака з заснаванага Донам Боско араторыя — часта называюць «маленькім гігантам духа», таму што ён у маладым узросце дасягнуў значнай ступені духоўнага жыцця і ўжо пры жыцці яго называлi святым. Дамінік Савіо з’яўляецца апекуном міністрантаў і моладзі.
У гэты дзень у смаргонскай падчас урачыстай літургіі 14 хлопцаў былі прынятыя ў міністранты.
Пробашч парафіі ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, які суправаджаў юнакоў падчас фармацыйнай падрыхтоўкі да гэтага моманту, урачыста апрануў кожнаму комжу і благаславіў на плённае служэнне. Юнакі выказалі перад сабранымі сваё жаданне служыць Богу і парафіі і далі міністранцкія абяцанні.
Пасля абраду прыняцця міністрантаў адбылося таксама прыняцце 21-о новага члена у клуб святога Дамініка Савіо. Моладзь старэйшай групы аднавіла пастанаўленні, зробленыя ў мінулым годзе, а дзеці з малодшай групы прысягнулі ўпершыню. Абяцанні жыць у сяброўстве з Езусам і Марыяй, сумленна выконваць свае абавязкі, пазбягаць цяжкага граху выканаць зусім не проста. Але хлопцы і дзяўчаты ўпэўненыя ў сур’ёзнасці сваіх намераў і ў тым, што з радасцю дапамогуць адзін аднаму дайсці да святасці па прыкладу свайго нябеснага заступніка.
Члены Савіо-клуба стараюцца ў сваім жыцці наследаваць прыклад святога Дамініка, будуючы сваё жыццё згодна з «рэцэптам святасці»: радасць, дабразычлівасць i сумленнае выкананне сваіх абавязкаў.
Пасля супольнай Эўхарыстыі вернікі скіраваліся на Савіо-фэст пры палявым алтары, дзе ўсіх чакаў сюрпрыз. Дзеці і іх бацькі маглі пазнаёміцца з рознымі святымі: Дамiнiкам Савіо, Стэфанам Шандарам, Лаўрай Вікуньяй і Альбэртам Марвэлі. Дзеці ўдзельнічалі ў гульнях, танцах і супольных забавах.