Пошук


1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў святую Імшу ў катэдры святога Францішка Ксаверыя ў Гродне.

На літургіі прысутнічалі шматлікія вернікі катэдральнай парафіі, сярод удзельнікаў цэлебрацыі быў пробашч парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі.

У гаміліі біскуп сказаў, што ў гэтую ўрачыстасць «Касцёл запрашае нас радавацца, бо ў Богу чалавечае жыццё знаходзіць сваю паўнату, і адначасова нагадвае: святасць — пакліканне кожнага ахрышчанага».

Тлумачачы літургічныя чытанні гэтага дня, ён адзначыў, што Бог вядзе чалавецтва да адзінства, у Божым Валадарстве «няма нянавісці і варожасці, адзіноты і прыніжэння, там людзі з рознымі гісторыямі і культурамі, аб’яднаныя ў праслаўленні Бога».

«Святыя ведалі хваробы і страты, несправядлівасць і пераслед, унутраную барацьбу і ўласную слабасць. Але ў выпрабаваннях яны не адмовіліся ад Бога. Яны даверылі сваё жыццё Хрысту, — дадаў біскуп. — Яны не сталі святымі толькі дзякуючы ўласным намаганням. Святасць — плён Божай ласкі, на якую чалавек адказвае верай і любоўю. Бог ачышчае сэрца, падымае пасля падзенняў і вучыць пачынаць зноў».Па словах іерарха, са святых «хтосьці быў вядомы многім а хтосьці служыў Богу і бліжнім непрыкметна, у сваёй сям’і і парафіі, але ўсіх іх аб’яднала адно: яны паставілі Бога на першае месца і стараліся любіць у абставінах, у якіх жылі». «Гэта важна для нас, бо часам чалавек думае: «Святасць — гэта для асаблівых людзей; у маім жыцці занадта шмат цяжкасцяў, недахопаў і клопатаў». Аднак Езус кліча да святасці не толькі таго, хто жыве ў кляштары або здзяйсняе незвычайныя ўчынкі», — сказаў біскуп.

«Наша годнасць пачынаецца не з таго, што мы зрабілі, і не залежыць ад чалавечага прызнання, а паходзіць ад Божай любові, — адзначыў ён. – Мы пакуль не бачым усёй паўнаты Божай задумы пра нас, не заўсёды разумеем, чаму павінны прайсці пэўныя выпрабаванні, чаму некаторыя просьбы застаюцца без чаканага адказу і чаму Божая дарога бывае не такой, як мы ўяўлялі. Але вера дапамагае нам даверыцца: Бог ведае, куды вядзе нас».

«Аднойчы мы ўбачым Хрыста такім, які Ён ёсць, і станем падобнымі да Яго. Гэта не толькі абяцанне для далёкай будучыні. Надзея на сустрэчу з Богам змяняе тое, як мы жывём сёння. Калі мы ведаем, што пакліканыя да вечнасці, то інакш ставімся да людзей, да часу, да сваіх абавязкаў», — сказаў іерарх.

«У сённяшнім Евангеллі Езус абвяшчае благаслаўлёнымі ўбогіх духам, тых, хто плача, лагодных, тых, хто прагне справядлівасці, міласэрных, чыстых сэрцам, міратворцаў і тых, каго пераследуюць за праўду. Гэтыя словы называюць благаслаўлёнымі людзей, якіх свет не заўсёды лічыць паспяховымі, — дадаў біскуп. — Езус адкрывае іншую праўду. Сапраўднае шчасце не залежыць толькі ад знешніх абставінаў, а нараджаецца з адзінства з Богам, з вернасці Яго слову і з любові, якая не спыняецца перад цяжкасцямі».

Па словах іерарха, «Езус не кажа, што слёзы самі па сабе робяць чалавека шчаслівым, не называе пакуту добрай і не вучыць быць абыякавымі да болю, а абяцае: Бог бачыць таго, хто плача, і будзе яго суцяшаць».

«Убогі духам — гэта не той, хто не мае нічога добрага, а той, хто разумее: без Бога я не магу дасягнуць паўнаты жыцця. Ён не ставіць сябе вышэй за іншых, не лічыць, што ўсё залежыць толькі ад яго ўласнай сілы, умее прасіць, дзякаваць і прымаць Божую дапамогу, — патлумачыў біскуп. — Міласэрны чалавек не праходзіць міма чужой бяды. Ён можа не мець вялікіх сродкаў, але можа выслухаць, падтрымаць, наведаць хворага, дапамагчы самотнаму, прабачыць крыўду. Міратворац не распаўсюджвае плёткі і варожасць, а стараецца паяднаць людзей. Чыстае сэрца шукае праўды і не хоча жыць у двудушнасці. Такія ўчынкі часта застаюцца незаўважанымі, але менавіта з іх складаецца шлях да святасці. Гэты шлях не азначае, што мы ніколі не ўпадзём і ніколі не памылімся. Ён азначае, што пасля падзення мы зноў звяртаемся да Бога».

Іерарх дадаў, што «найважнейшы дар, які мы можам прынесці нашым памерлым, — малітва». «Гэта выраз нашай веры ў тое, што любоў не заканчваецца са смерцю і што чалавек застаецца ў Божых руках, — адзначыў ён. — Калі мы молімся за памерлых, мы не прысвойваем сабе Божага суду і не вырашаем, хто ўжо святы, а з пакорай аддаём кожнага чалавека Божай міласэрнасці. Мы верым, што Бог ведае кожнае сэрца лепш за нас і што Яго любоў большая за нашыя абмежаваныя ўяўленні. Таму молімся за ўсіх: за блізкіх і далёкіх, за тых, каго ўспамінаем з удзячнасцю, і тых, з кім засталіся нявырашаныя крыўды».

«Працэсія, якая адбудзецца пасля Імшы, будзе знакам нашай супольнай дарогі, — сказаў біскуп. — Гэтая працэсія нагадвае, што ўвесь наш зямны шлях мае кірунак: мы ідзём да Бога. На гэтай дарозе мы не самотныя. Хрыстус ідзе перад намі. Святыя заступаюцца за нас. Касцёл падтрымлівае нас малітвай і сакрамэнтамі. А нашыя памерлыя застаюцца ў нашай памяці і нашай малітве. Таму сённяшні дзень злучае ў адной надзеі тых, хто ўжо ў Божай славе, тых, за каго мы молімся, і нас, якія яшчэ працягваюць зямную пілігрымку». «Няхай гэтая надзея падтрымлівае нас у хвіліны радасці і смутку, дапамагае не адкладваць любоў на потым, прабачаць, пакуль ёсць час, і заўважаць чалавека, якому сёння патрабуецца наша дапамога», — пажадаў іерарх.

Пасля літургіі біскуп узначаліў працэсію ў памяць пра памерлых.

Абноўлена 02.11.2026 23:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.