Пошук

03.04.2026 21:51   Фота: Мілана Рэўт / Catholic.by

Вернікі з Івянца (Валожынскі дэканат) сёлета перажываюць Святы Пасхальны Трыдуум з удзелам арцыбіскупа эмэрыта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

На распачацце гэтага найкарацейшага па часе і найвялікшага па значнасці літургічнага перыяда арцыпастыр узначаліў святую Ішму Вячэры Пана ў парафіі святога арханёла Міхала ў Івянцы.

Напачатку Эўхарыстыі прадстаўнікі каталіцкіх скаўтаў павіншавалі дастойнага госця і айцоў францішканаў, якія служаць у парафіі, з «прафесійным святам» — днём устанаўлення сакрамэнту пасвячэння.

У прамоўленай гаміліі ён падкрэсліў вялікае багацце зместу літургіі Вялікага чацвярга, а менавіта ўспамін устанаўлення Езусам сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння, абмыццё ног апосталам, абвяшчэнне новай запаведзі любові і заклік да адзінства.

«Гэтыя два сакрамэнты цесна злучаны паміж сабой. Святарства зыходзіць з Эўхарыстыі, а Эўхарыстыя немагчыма без святарства. Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе жывы Касцёл як супольнасць аб'яднаных вакол алтара вернікаў»,

— навучаў іерарх.

Падчас Апошняй Вячэры Езус мыў ногі апосталам на знак таго, што Ён прыйшоў у гэты свет не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць. «Такім чынам Ён заклікаў нас служыць іншым, праз што праяўляецца любоў да бліжняга і Бога», — рэзюмаваў прамоўца.

Ён нагадаў, што Езус у сваёй першасвятарскай малітве даў вучням новую запаведзь — любіць адзін аднага так, як Ён палюбіў людзей, — і заклікаў да адзінства паміж сабой. «У сучасным свеце так шмат слоў пра любоў і адначасова так шмат нянавісці, так шмат заклікаў да адзінства і так шмат падзелаў, — паскардзіўся іерарх. — А паводле слоў Езуса, адзінства з'яўляецца ўмовай таго, каб свет паверыў у Хрыста». 

«Любіць адзін аднаго, як Езус палюбіў нас, і заклік да адзінства — гэта Яго запавет, які мы пакліканы выканаць, каб стаць будаўнічымі адзінства і змяняць свет на лепшы»,

— сказаў арцыпастыр.

Ён прапанаваў слухачам высновы, якія, паводле яго меркавання, яны павінны зрабіць з літургіі Апошняй Вячэры:

  • прызнаць рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі і аднавіць яе культ,
  • памятаць аб тым, што Эўхарыстыя чыніць іх Хрыстовымі і такім чынам змяняе, каб яны маглі ўдасканальваць свет,
  • дзякаваць Богу за сакрамэнт пасвячэння і маліцца аб пакліканнях да святарскага служэння і кансэкраванага жыцця.
  • па прыкладу Езуса служыць іншым. «Нашае служэнне патрабуючым — гэта ўмоўнае абмыццё іх ног».
  • жыць новай запаведдзю любові, каб будаваць цывілізацыю любові, міру і жыцця, каб хрысціянскае сведчанне любові дапамагло іншым паверыць у Бога і жыць вераю, без якой няма збаўлення.

«Такім чынам, падзеі Апошняй Вячэры ўносяць у нашае жыццё дух радасці і надзеі», — канстатаваў прамоўца. Аднак, паводле яго, над гэтымі светлымі падзеямі навісла цень крыжа, бо Езус быў здраджаны і арыштаваны, аб чым напамінае абрад перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцу.

Арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў сваю гамілію зваротам да прысутных, каб яны чувалі разам з зачыненым у цямніцы Езусам і памяталі аб тым, што падзеі Апошняй Вячэры — гэта не толькі гісторыя, але і сучаснасць, якая дае нам новую надзею жыцця ў Хрысце — «адзіным Збаўцы свету ўчора, сёння і ва ўсе часы».

Пасля гаміліі адбыўся абрад абмывання ног. Арцыпастыр, як некалі Езус апосталам, абмыў ногі выбраным мужчынам.

Завяршылася літургія працэсіяй перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцу. Вернікі падчас працэсіі спявалі эўхарыстычную песню «Праслаўляй, язык, нястомна Цела Панскае і Кроў».

Абноўлена 04.04.2026 10:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.