Пошук

03.04.2026 21:07   Тэкст: Алена Кузьміна / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

2 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве была цэлебравана Імша Хрызма. Літургію ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

На ўрачыстасць прыбылі святары, законныя сёстры і шматлікія вернікі магілёўскай часткі архідыяцэзіі. У пачатку цэлебрацыі іерарх павіншаваў духавенства з днём устанаўлення святарства і падзякаваў за вернае служэнне Касцёлу. Асабліва біскуп павіншаваў ксяндза Уладзіміра Русака і ксяндза Канстанціна Караку, якія ў гэтым годзе адзначаюць 25‑годдзе святарскага служэння. Іерарх падзякаваў ім за шматгадовую працу, вернасць пакліканню і адданасць людзям, якім яны служаць.

«Няхай Пан, які калісьці паклікаў вас, штодня аднаўляе ў вашых сэрцах запал служэння і благаслаўляе на далейшы шлях»,

— пажадаў іерарх.

У гаміліі біскуп Аляксандр звярнуў увагу на словы прарока Ісаі: «Вы ж будзеце названыя святарамі Пана… Кожны, хто іх убачыць, пазнае, што яны — патомства, якое Пан благаславіў» (Іс 61, 6-9).

Гэтыя словы, адзначыў іерарх, адкрываюць святарскае сэрца для надзеі і радасці, бо святар — гэта той, каго Бог сам робіць вядомым і благаслаўлёным праз сваю прысутнасць і давер.

Біскуп нагадаў пра дзень святарскага пасвячэння, калі кожны святар вымавіў сваё «Вось я», паўтараючы словы прарока: «Вось я, пашлі мяне!» (Іс 6, 8). Гэтае «так» Богу Пан прымае ўсур’ёз і вядзе святароў рознымі шляхамі — і лёгкімі, і пазначанымі выпрабаваннямі. Але, як пісаў святы Павел: «Маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі» (2 Кар 4, 1).

Разважаючы над словамі II Эўхарыстычнай малітвы — «дзякуючы, што ўчыніў нас годнымі стаяць перад Табою і служыць Табе» — біскуп вылучыў два асноўныя абавязкі святара:

1. Стаяць у прысутнасці Пана

Святар пакліканы стаяць перад Богам ад імя народа, як гэта рабілі Майсей і Абрагам. У Новым Запавеце гэтае стаянне асабліва звязана з Эўхарыстыяй, у якой прысутнічае сам Хрыстус.

Іерарх падкрэсліў, што святар павінен «чуваць разам з Хрыстом», быць пільным перад абліччам зла, трымаць свет адкрытым у бок Бога і несці перад Панам клопаты людзей, якім служыць.

2. Здзяйсняць святарскае служэнне

Служэнне святара — гэта не толькі літургічныя дзеянні, але і штодзённае перайманне Хрыста, Найвышэйшага Святара, які аддаў сябе за людзей.

Біскуп нагадаў пра важнасць годнай і ўважлівай цэлебрацыі літургіі і сакрамэнтаў, блізкасці з Божым словам, вернасці малітве, паслухмянасці Богу і Касцёлу, пакоры, якая адкрывае сэрца на сапраўдную свабоду.

Асобна іерарх звярнуў увагу на небяспеку выбарачнага служэння, калі святар схіляецца да таго, каб служыць толькі там, дзе яму зручна, і тым, хто яму сімпатычны. «Такая пастава, — падкрэсліў біскуп, — супярэчыць самой сутнасці святарства, бо Хрыстус служыў усім — і тым, хто Яго слухаў, і тым, хто Яго адкідаў».

«Святарскае "Вось я" не можа быць абмежавана геаграфіяй, асабістымі перавагамі або чалавечымі сімпатыямі. Сапраўднае служэнне — гэта гатоўнасць ісці туды, куды вядзе Пан, нават калі гэта патрабуе адрачэння ад уласных планаў і камфорту».

Падчас Імшы святары аднавілі свае абяцанні, выказаўшы жаданне яшчэ глыбей з’яднацца з Хрыстом і служыць Яму з новым запалам. Біскуп адзначыў, што гэта не фармальнасць, але момант духоўнага абнаўлення, калі кожны святар можа зноў сказаць Богу: «Вось я, пашлі мяне!»

У завяршэнне біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB звярнуўся да законных сясцёр і свецкіх вернікаў з просьбай аб малітоўнай падтрымцы:

«Каб мы маглі стаяць у прысутнасці Пана, служачы Яму і служачы вам».

Абноўлена 04.04.2026 02:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа