Пошук

28.03.2024 20:14   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

Раніцай 28 сакавіка, у Вялікі чацвер, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша Хрызма.

Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Напачатку арцыпастыр прывітаў усіх сабраных у галоўнай каталіцкай святыні сталіцы, перадусім сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў, Генеральных вікарыеў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага і біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксяндза Кшыштафа Сэроку і каля сотні святароў архідыяцэзіі — як дыяцэзіяльных так і манахаў, у тым ліку і грэка-каталіцкіх, якія канцэлебравалі святую Імшу.

Заахвоціўшы прысутных вернікаў да малітвы за духавенства, арцыбіскуп Станеўскі асабліва ўзгадаў святароў, якія з-за хваробы і з-за іншых прычын не змаглі ўзяць удзел удзел у цэлебрацыі, і тых, якія знаходзяцца ў зняволенні ў вязніцы.

Святую Імшу арцыпастыр цэлебраваў у інтэнцыі прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

З днём устанаўлення святарства прысутнае ў архікатэдры духавенства павіншавалі прадстаўнікі апостальскага руху «Маргарытка», якія моляцца за святароў, а таксама сёстры законныя. Да сабраных у святыні вернікаў духоўна далучыліся некалькі соцень гледачоў прамой трансляцыі цэлебрацыі на Сatholic.by.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі перадусім нагадаў пра момант паклікання, які кожны святар перажыў як асабіста выбраны Богам для абвяшчэння Евангелля.

«У дзень устанаўлення святарства і Эўхарстыі мы святкуем і разважаем над дарам паклікання; робім аналіз той місіі, якая давяраецца нам у Касцёле, у яго частцы — Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сакрамэнце святарства Бог даў нам усё, што неабходна для выканання Яго місіі ў свеце», — падкрэсліў арцыпастыр. Заахвоціўшы за Папам Францішкам не жыць тугою па мінулым і не кідацца ў празмерны актывізм, ён параіў святарам цяпер і тут трымацца Хрыста, які «надалей вядзе з намі дыялог: пытае нас аб нашай любові да Яго, да Касцёла, вернікаў і ворагаў». Іерарх нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ, што сёння слугам алтара неабходна новае захапленне Эўхарыстыяй, «бо мы дзеля яе пакліканы; дзеля таго каб даваць Бога людзям».

«Паколькі святара называюць alter Christus (другі Хрыстус — рэд.), наша падабенства да Хрыста не можа быць толькі нейкай аналогіяй: яно павінна адпавядаць сцвярджэнню святога Паўла з Паслання да Галатаў: „ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус“», — сцвердзіў іерарх.

Ён нагадаў словы Папы Францішка, які ў зменлівым свеце лічыць найбольш адпаведным стаўленне, «якое вынікае з даверу да мудрай і жывой Традыцыі Касцёла, што можа дазволіць сабе выходзіць на глыбіню без страху».

Іерарх падзяліўся шэрагам думак Святога Айца адносна святарства, першым прынцыпам якога з’яўляецца бізкасць з Богам, без чаго «нашае служэнне асуджана на правал». У падтрыманні гэтай блізкасці святару дапамагае малітва, сакрамэнты і духоўнае кіраўніцтва, каб не быць «стомленым працаўніком». Іерарх дадаў, што, акрамя таго, святару патрэбна ўменне слухаць, а не толькі павучаць, а таксама гатоўнасць падпарадкоўвацца. Яму неабходна «заўсёды памятаць, што ніхто не можа прэтэндаваць на поўнае веданне Божай волі». Для гэтага неабходна духоўнае распазнаванне, а паслухмянасць — гэта «прыслухоўванне да Божай волі». Менавіта біскуп з’яўляецца для кожнага святара тым звяном, якое дапамагае распазнаць Божую волю. Важнымі для святарскага жыцця арцыбіскуп Станеўскі за Папам Францішкам назваў таксама братэрства, цэлібат, блізкія адносіны з людзьмі — Божым народам.

«Наша святарскае жыццё належыць не нам: яно належыць Богу і людзям, якіх Ён нам даверыў. Усё залежыць ад таго, ці будзе Евангелле любові ўпісана ў сучаснае жыццё, наша жыццё. Вельмі важна, каб тыя, хто знаходзіцца на ўзбоччы жыцця, хто перажывае ў сэрцы расчараванне альбо нават нянавісць, спазналі евангельскую любоў, дотык Бога, распазналі ў нас Самараніна», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі. Ён выказаў падзяку святарам і ўсім тым, хто дапамагае ім у справе абвяшчэння Евангелля.

«Сёння разам з вамі я перапрашаю Езуса Хрыста, Найвышэйшага Святара, і нашых вернікаў за нашыя чалавечыя недахопы», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, скіраваўшы вернікам, а асабліва ўдзельнікам апостальскага руху «Маргарытка» просьбу аб малітве за святароў.

Традыцыйна падчас гэтай святой Імшы адбылося аднаўленне святарскіх абяцанняў, а таксама благаслаўленне алею хворых і кансэкрацыя алею хрызма — святых алеяў, якія выкарыстоўваюцца на працягу года ў літургіі Касцёла.

 
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця