Пошук

29.03.2024 11:20   Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

28 сакавіка, увечары ў Вялікі чацвер, цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана ў старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачатку святой Імшы ў дзень, калі Касцёл успамінае ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства, біскупа і святароў, якія нясуць служэнне ў найстарэйшай парафіі горада на Дняпры, павіншавалі вернікі.

Яны выказалі сваю шчырую падзяку адказнаму за Магілёўскі рэгіён архідыяцэзіі біскупу Аляксандру Яшэўскаму, які стаў для іх клапатлівым пастырам, а таксама ксяндзу Паўлу Сідарэнку, які ўжо больш за тры гады з’яўляецца часткай парафіяльнай сям’і, і ксяндзу Яўгену Баланёву, які з нядаўняга часу нясе служэнне ў Магілёве.

У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі напачатку звярнуў увагу на Божы культ і святарства ў Старым Запавеце, адзначыўшы, што да гэтага служэння быў выбраны Аарон і яго нашчадкі, а найкаштоўнейшай святыняй на працягу многіх стагоддзяў быў Каўчэг Запавету, які потым бясследна знік.

«Мы, католікі, маем бясконца большы скарб — Найсвяцейшы Сакрамэнт Цела і Крыві нашага Пана, устаноўлены Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер падчас Апошняй Вячэры. Чым для юдэяў быў святы Каўчэг, тым для нас, католікаў, з’яўляецца табэрнакулюм. Гэта цэнтральная частка алтара, самая ўпрыгожаная частка, якая часам нават мае форму старажытнага Каўчэга. У Каўчэгу былі толькі памяткі Божай ласкі, а тут, у табэрнакулюме, знаходзіцца непараўнальна больш высакародны і каштоўны скарб, крыніца ўсялякай ласкі», — сцвердзіў іерарх. Ён дадаў, што, устанаўліваючы на Апошняй Вячэры Эўхарыстыю, Езус «аддаў Касцёлу скарб са скарбаў, самога сябе: аддаў усё, што ўзяў ад свайго Айца перад вякамі, гэта значыць сваю боскасць, і тое, што Ён узяў ад сваёй Маці Марыі, гэта значыць сваю чалавечую прыроду».

«Ён аддаў сябе са сваёй усемагутнасцю, са сваёй мудрасцю і дабрынёй; Ён аддаў сябе з Целам, Крывёй і душою. <…> Езус аддаў сябе не на кароткі час, але назаўжды», — падкрэсліў біскуп, заўважыўшы, што «Касцёл цешыцца гэтым скарбам, бо бачыць у ім крыніцу ўласнай сутнасці».

Гаворачы пра значэнне Найсвяцейшага Сакрамэнту, біскуп Яшэўскі адзначыў, што «гэта крыніца, з якой выцякае глыбокая рака ўсіх благаслаўленняў. Ён корміць душу, каб яна не слабла, умацоўвае яе ў барацьбе са спакусамі; Ён ахоўвае і абараняе яе ад граху; Ён дапамагае ёй любіць нябеснае і ненавідзець зямныя задавальненні; Ён абуджае жаданне ахвяраваць сабой для Бога і бліжніх; Ён напаўняе душу спакоем; Ён задатак вечнага шчасця. Яго дзеянне сягае нават па-за магілу, у агонь чысца, таму што нашы Камуніі асвяжаюць, радуюць і ў канчатковым выніку вызваляюць душы, якія пакутуюць у ім», — сцвердзіў пастыр.

Паводле яго, менавіта таму «Касцёл будуе цудоўныя святыні, бо яны павінны быць домам Валадара ўсіх валадароў», збірае ў іх шэдэўры мастацтва, упрыгожвае алтары, табэрнакулюмы і манстранцыі каштоўнымі матэрыяламі, складае ўзнёслыя гімны і песні ўслаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, нясе яго ва ўрачыстых працэсіях.

«Таму ён кліча нас усіх, запрашае і заахвочвае з пашанай і павагай прыступаць да Стала Пана і на ўласным вопыце спазнаць, наколькі гэта вялікі скарб, наколькі цудоўныя яго дзеянні!» — падкрэсліў іерарх.

Ён нагадаў, што шчаслівымі былі пастухі, якія ўбачылі Езуса сваімі вачыма ў Бэтлееме; шчаслівым быў Сімяон, які трымаў Яго на руках; шчаслівая была Марта, якая прыняла Яго як госця ў сваім доме.

«Але мы шчаслівейшыя за ўсіх іх, бо валодаем гэтым скарбам скарбаў пастаянна і бесперапынна; бо можам не толькі бачыць яго, але і рэальна прымаць у сваё сэрца», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця