30 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Папа Францішак напісаў кароткае паведамленне ў сацыяльнай сетцы X, у якім нагадаў пра вялікі дар Эўхарыстыі.
Са зместам папскага допісу знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Эўхарыстыя — гэта Божы адказ на самы глыбокі голад чалавечага сэрца, на прагу сапраўднага жыцця: у Ёй сам Хрыстус па-сапраўднаму прысутнічае сярод нас, каб насычаць нас, суцяшаць і падтрымліваць на нашым шляху», — падкрэсліў Святы Айцец.
Літургію з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста Папа Францішак правядзе ў нядзелю 2 чэрвеня ў базыліцы святога Яна на Латэране. Пасля Імшы адбудзецца эўхарыстычная пешая працэсія да базылікі Святой Марыі Вялікай. На яе заканчэнне Папа ўдзеліць вернікам благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Эўхарыстычная працэсія ў той самы дзень таксама пройдзе па вуліцах Мінска.
У ёй возьме ўдзел прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч. Шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якое ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, распачнецца святой Імшой а 9-й гадзіне каля сталічнага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.