12 студзеня, у свята Хросту Пана, вернікі парафіі старадаўняй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве, якая прызначана адной з Юбілейных святыняў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, мелі гонар вітаць нештодзённых пілігрымаў.
У гэты дзень сваю духоўную вандроўку сюды здзейснілі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь монсіньёр Кшыштаф Сэрока і прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз канонік Юрый Ясевіч.
На пачатку Эўхарыстыі ўсіх прысутных на чале з дастойнымі гасцямі прывітаў біскуп Яшэўскі, асаблівай пастырскай апецы якога даручаны клопат пра Магілёўскі рэгіён лакальнага Касцёла.
Арцыбіскуп Станеўскі, у сваю чаргу, прызнаўся, што прычынай наведвання Магілёва стала тое, што яны «ўбачылі зорку на Усходзе», якой з’яўляецца супольнасць католікаў Магілёўшчыны.
Біскуп Касабуцкі, які прамовіў гамілію, заўважыў, што свята Хросту Пана — гэта свята ўсіх, хто быў ахрышчаны і заахвоціў, па магчымасці, успомніць дзень і месца, у якім кожны з нас стаў дзіцем Божым праз сакрамэнт хросту. Іерарх звярнуў увагу на неабходнасць удзячнай памяці пра тых асобаў, якія асаблівым чынам прычыніліся да нашага духоўнага адраджэння — бацькоў і хросных.
На заканчэнне супольнай малітвы да прысутных звярнуўся Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь монсіньёр Кшыштаф Сэрока.
Ватыканскі дыпламат запэўніў у духоўнай блізкасці да беларускіх католікаў Папы Францішка і заахвоціў спадзявацца на хуткае прызначэнне новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі.
Са словамі падзякі і віншавання з нагоды святаў Божага Нараджэння да прысутных іерархаў звярнуліся прадстаўнікі мясцовай парафіі.
Магілёўскі пробашч ксёндз Уладзімір Русак заўважыў, што дастойныя госці з’яўляюцца своеасаблівым знакам надзеі, які не толькі азначае рэчаіснасць, але пабуджае да канкрэтнага дзеяння, а менавіта да аказання міласэрнасці патрабуючым ласкі адпусту, прыкладам чаго як пастыры для сваіх вернікаў сталі іерархі-пілігрымы.