![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-008.jpg)
28 сакавіка, у Вялікі чацвер увечары, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана ў парафіі Святога Духа на Альшанцы (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад).
Гэтай Імшой, у якой успамінаецца ўстанаўленне Хрыстом на Апошняй Вячэры сакрамэнту Эўхарыстыі, у Каталіцкім Касцёле распачаўся святы Пасхальны Трыдуум — тры галоўныя дні літургічнага года, прысвечаныя Пасхальнай Таямніцы смерці і ўваскрасення Збаўцы.
Гэты асаблівы час вернікі маладой гродзенскай парафіі перажываюць разам з заслужаным іерархам, чыё святарскае служэнне распачыналася тут, у горадзе над Нёманам.
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-003.jpg)
Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што калісьці быў пробашчам гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай, да якой у той час адносілася і тэрыторыі цяперашняй парафіі Святога Духа, таму ён прыехаў правесці гэты час разам са сваімі былымі парафіянамі.
Вялікі Чацвер — гэта ўспамін Апошняй Вячэры і адначасова свята Эўхарыстыі і святароў. З гэтай нагоды святая Імша на Альшанцы распачалася з віншаванняў і словаў падзякі святарам за іх служэнне ў Касцёле.
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-004.jpg)
«Вялікі тыдзень — гэта час, калі мы павінны адкрыцца на Божую любоў і міласэрнасць.
Перажыванне мук, смерці і ўваскрасення Езуса — па сутнасці, яскравае ўсведамленне таго, як моцна Бог нас любіць і як моцна прагне, каб мы на Яго любоў адказвалі ўзаемнасцю», — падкрэсліў пробашч парафіі ксёндз канонік Павел Салабуда.
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-005.jpg)
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на ўстанаўленні Езусам двух сакрамэнтаў: Эўхарыстыі і святарства, падкрэсліўшы непарыўную сувязь паміж імі.
«Святарства вырастае з Эўхарыстыі, а Эўхарыстая не можа цэлебравацца без святара. Устанаўленне гэтых сакрамэнтаў — гэта знак бязмежнай любові Бога да чалавека, бо дзякуючы святару ў Эўхарыстыі Езус застаецца з чалавецтвам назаўсёды», — адзначыў іерарх.
«У наш час модна рабіць здымкі і сэлфі, і пры гэтым казаць, што робім іх „на памяць“. Але гэтая „памяць“ вельмі хутка прамінае, бо, за малым выключэннем, мы зазвычай больш ніколі не вяртаемся да гэтых здымкаў і проста выдаляем іх з нашага смартфона. Разам са сваімі вучнямі Езус цэлебруе старазапаветную Пасху і адначасова ўносіць у яе штосьці новае, калі бярэ ў рукі хлеб і віно і кажа: „Гэта Маё Цела; гэта Мая Кроў“.
Езус у Эўхарыстыі не пакінуў нам свайго здымка, але сам застаўся з намі навекі ў постацях хлеба і віна», — сцвердзіў арцыбіскуп. Ён дадаў, што, пераменяючы хлеб у сваё Цела, а віно — у Кроў, Езус такім чынам «апярэджвае сваю смерць, прымае яе ў сябе і перамяняе ў дзеянне любові, каб Бог быў усім ва ўсім».
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-009.jpg)
«Эўхарыстыя з’яўляецца знакам Божай любові да чалавека, а Апошняя Вячэра — вячэрай любові і адначасова вячэрай запавету Езуса, які заклікае цэлебраваць Эўхарыстыю і прымаць яе. Такім чынам, Эўхарыстыя павінна быць у цэнтры нашага жыцця», — падкрэсліў іерарх. У свята ўстанаўлення Эўхарыстыі ён прапанаваў вернікам адказаць на пытанне, «ці мы сапраўды шануем Эўхарыстыю як знак збаўчай Божай любові, што выражаецца ў ахвяры Хрыста, Баранка Божага, прынесенай за нашыя грахі? ці кожную нядзелю і свята прымаем удзел у святой Імшы? ці Эўхарыстыя з’яўляецца для нас хлебам жыцця вечнага? ці яна яднае нас з Богам і бліжнім? ці падчас яе мы адчуваем сябе сапраўдным Касцёлам як Народам Божым?»
«Ад адказу будзе залежаць як наша зямное, так і вечнае жыццё.
Езус чакае кожнага з нас. Яго сэрца б’ецца. Б’ецца ў нашай капліцы. Б’ецца разам з нашымі сэрцамі. Сустрэча з Езусам змяняе кожнага з нас», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля святой Імшы ў капліцы распачалася адарацыя Езуса ў сімвалічнай цямніцы, падчас якой была магчымасць паспяваць «Песні жальбы», а таксама памаліцца ў цішыні і пабыць сам-насам з Богам.
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-001-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-002-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-003-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-004-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-005-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-006-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-007-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-008-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-009-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-010-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-011-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2024/03/17133/s-2024-03-29-Altanka-20240328-012-cb.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-001.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-002.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-003.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-004.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-005.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-006.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-007.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-008.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-009.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-010.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-011.jpg)
![](/3/images/news/2024/03/17133/2024-03-29-Altanka-20240328-012.jpg)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/left.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/right.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)