Пошук

31.03.2024 23:23   Тэкст і фота: Раман Ярмош / Catholic.by

29 і 30 сакавіка, у Вялікую пятніцу і Вялікую суботу, у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія) пры Найсвяцейшым Сакрамэнце ў сімвалічнай грабніцы Пана неслі варту міністранты, апранутыя як рымскія жаўнеры часоў Хрыста.

Паводле Евангелля, калі пасля смерці на крыжы цела Езуса было пакладзена ў магілу, рымскія ўлады вырашылі паставіць пры ёй варту, каб не даць паслядоўнікам Настаўніка з Назарэта забраць Яго. Евангелле апісвае, што вартаўнікі перажылі дзіўную падзею ўначы, калі ім з’явіўся анёл, і гэта пазбавіла іх прытомнасці ад страху.

Для хрысціянаў гэтая гісторыя сімвалізуе моц веры і перамогу над смерцю.

Калі зямля дрыжала, а ахоўнікі адчувалі страх і няўпэўненасць, Божая любоў здзейсніла план збаўлення. Ахоўнікі магілы Езуса сталі сведкамі цуду ўваскрасення, пра што потым і расказалі тым, хто іх паслаў.

Падобна да рымскіх жаўнераў, якія былі пасланыя сцерагчы грабніцу з целам Хрыста, міністранты івейскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу чувалі пры Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Апранутыя ў «мундуры», што нагадваюць адзенне рымскіх жаўнераў часоў Хрыста, хлопцы, змяняючыся па чарзе кожныя 15 хвілін, трымаючы ў руках кап’ё і шчыт, неслі варту і сцераглі Езуса ў грабніцы.

Такая ганаровая варта пры сімвалічнай грабніцы Пана — гэта добрая традыцыя літургічнай службы алтара ў Іўі на працягу ўжо амаль двух дзесяцігоддзяў.

Незвычайная ініцыятыва патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі: загадзя хлопцы рэпетуюць парадак выхаду на месца нясення варты, уладкоўваюць месца для адпачынку, а таксама рыхтуюць касцюмы. На варце важную ролю адыгрывае дысцыпліна: юнакі стаяць нерухома, не размаўляючы і трымаючы пры гэтым шчыты і коп’і.

Для задзейнічаных міністрантаў удзел у «старожках» — гэта магчымасць быць разам з Езусам і ў думках перанесціся на дзве тысячы гадоў таму, каб быць сведкамі і як быццам непасрэднымі ўдзельнікамі самай галоўнай падзеі ў гісторыі чалавецтва.

 

Абноўлена 01.04.2024 12:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа